Бацька абвінавачанага ў згвалтаваньні і забойстве беларускі Лізаветы ў Варшаве стаў на калені перад сынам

Дорыян С. на лаве падсудных

У Варшаве адбылося другое паседжаньне ў справе аб згвалтаваньні і забойстве беларускі Лізаветы. Прычына такіх паводзінаў бацькі абвінавачанага невядомая.

Як паведамляе «Мост» са спасылкай на партал i.pl, паседжаньне прайшло за зачыненымі дзьвярыма. Суд дапытваў экспэртаў: сэксоляга, псыхіятра і таксыколяга, а таксама сьведак, аб выступленьні якіх хадайнічала абарона абвінавачанага. Сярод іх быў бацька Дорыяна С. Яму абвінавачаны выслаў смс з просьбай аб дапамозе адразу пасьля зьдзяйсьненьня злачынства.

Як піша партал Fakt.pl, падчас перапынку ў судовым паседжаньні, калі паліцыянты выводзілі Дорыяна з залі суду, бацька быў у калідоры. Верагодна, пад узьдзеяньнем эмоцый ён стаў на калені перад сынам. Пасьля гэтага яго папрасілі адысьці далей ад залі суду. Разам з бацькам была бабуля Дорыяна С.

Прадстаўніца пацярпелага боку — сям'і і хлопца Лізы — адвакат Эвэліна Здунэк расказала журналістам, што пракуратура запатрабуе для абвінавачанага пажыцьцёвага зьняволеньня. Яна гатовая падтрымаць гэтае патрабаваньне:

«Гэта незвычайна цяжкае злачынства, якое патрабуе сапраўды жорсткай рэакцыі з боку органа правасудзьдзя. Прашу мець на ўвазе, што пакараньне павінна ўзьдзейнічаць ня толькі на абвінавачанага, але таксама і на грамадзтва. А з боку грамадзтва сапраўды ёсьць такое чаканьне [суровага пакараньня]», — сказала адвакатка журналістам.

Плянавалася, што на паседжаньні 16 сьнежня прагучаць і заключныя прамовы, аднак суд зацягнуўся з прычыны допытаў экспэртаў. Наступнае паседжаньне прызначанае на 13 студзеня 2025 году. Магчыма, прысуд абвесьцяць ужо ў студзені.

Раней падсудны часткова прызнаў сваю віну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ведаю, чаму я гэта рабіў». Фігурант справы аб згвалтаваньні і забойстве беларускі Лізаветы ў Варшаве прызнаў віну часткова
  • Трагедыя адбылася 25 лютага 2024 году. 25-гадовую беларуску Лізавету згвалцілі на вуліцы Журавяй, у самым цэнтры Варшавы. Некалькі дзён за яе жыцьцё змагаліся лекары, але 1 сакавіка яна памерла ў рэанімацыі. Лізавету пахавалі 14 сакавіка на Паўночных могілках Варшавы.
  • Нападніка затрымалі ў дзень злачынства. У забойстве на глебе сэксуальнага гвалту і рабаваньня абвінавачваецца 23-гадовы Дорыян С. Камэра назіраньня зафіксавала, як мужчына ў балаклаве падбег да дзяўчыны ззаду, прыставіў нож да шыі і ўпіхнуў у вароты дома. Падчас затрыманьня паліцыя знайшла ў яго нож і іншыя доказы.
  • Неафіцыйна выданьне Wyborcza даведалася, што блізкія Лізаветы хацелі, каб суд над 23-гадовым палякам Дорыянам С. быў адкрыты, аднак адвакат абвінавачанага падаў хадайніцтва аб закрыцьці працэсу.
  • Абвінавачанаму пагражае ад 15 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве пачынаецца суд у справе аб згвалтаваньні і забойстве беларускі Лізаветы