На судовым паседжаньні 4 лістапада абвінавачаны Дорыян С. прызнаў віну ў згвалтаваньні беларускі Лізаветы ў Варшаве ў ноч на 25 лютага і заявіў, што забіваць дзяўчыну не хацеў. Пра гэта з залі суда паведамляюць карэспандэнты «Белсату».
У акруговым судзе Варшавы ідзе суд у справе аб згвалтаваньні і забойстве беларускі Лізаветы. Судовы працэс пачаўся ва ўмовах узмоцненых захадаў бясьпекі, бо паліцыя «не выключае правакацыяў і спробаў нападу на абвінавачанага».
На паседжаньні выступіў абвінавачаны — 23-гадовы Дорыян С. Ён скарыстаўся правам адказваць толькі на пытаньні абароны, з уласнай ініцыятывы расказваць што-кольвек адмовіўся. Праз гэта судзьдзя зачытаў паказаньні хлопца, якія ён даваў 27 лютага сёлета.
Маладзён прызнаў віну ў згвалтаваньні беларускі, аднак не прызнаў, што меў намер забіць дзяўчыну. Ён расказаў суду, што мусіў заплаціць 1600 злотых за кватэру (каля 1380 беларускіх рублёў), а грошай не было. Дорыян сказаў, што хацеў абрабаваць краму ці бар, пайшоў на злачынства з балаклаваю і нажом. У адным з бараў заўважыў украінцаў, думаў іх абакрасьці, але ў выніку трапіў на Лізавету.
Паводле абвінавачанага, у ноч 25 лютага 2024 году ён бавіў час у бары, дзе піў алькагольныя напоі, у нейкі момант далучыўся да кампаніі ўкраінак, зь якімі таксама піў. Сьцьвярджае, што наркотыкаў не ўжываў, але ад алькаголю стаў агрэсіўным. Пад раніцу ўкраінкі паехалі на таксі, а Дорыян пайшоў пешшу.
«Адчуваў сябе дзіўна, не магу гэта растлумачыць, не адчуваў ні страху, нічога, хоць агулам я баязьлівы і эмацыйны», — казаў хлопец.
У пэўны момант Дорыян убачыў беларуску Лізавету, пайшоў за ёю, пасьля падбег да дзяўчыны і пачаў пагражаць нажом — хацеў напужаць, каб яна аддала яму грошы. У ранейшых паказаньнях Дорыяна С. пазначана, што, распавядаючы гэта, падазраваны ў забойстве плакаў.
«Я не хацеў яе забіць. Я прыціснуў яе да сьцяны і загадаў аддаць мне грошы, але яна мяне не разумела. Тады я перайшоў на ангельскую мову, і тады яна мяне зразумела, запыталася, колькі мне трэба грошай, я сказаў — усе. Яна сказала — добра, але папрасіла, каб я аддаў ёй тэлефон, які забраў. Калі яна ўзяла тэлефон, я падумаў, што яна будзе тэлефанаваць у паліцыю, і пачаў яе душыць рукамі, а потым зьняў сваю папругу, абвязаў вакол ейнай шыі і прывязаў яе да брамы, каб мець пэўнасьць, што яна не ўцячэ і не паведаміць у паліцыю», — расказаў Дорыян С., яго цытуе «Белсат».
Ён расказаў, што пасьля пачаў распранаць Лізавету.
«Я ня ведаю, чаму я гэта рабіў. Яна была без прытомнасьці. Я згвалціў яе», — прызнаў ён.
Пасьля згвалтаваньня Дорыян пакінуў беларуску ляжаць бяз вопраткі, яна была непрытомная. Ён забраў банкаўскія карткі і тэлефоны і сышоў.
«Я не пазнаваў сябе. Я ня ведаю, чаму згвалціў яе. Напэўна, тыя ўкраінцы мне штосьці падсыпалі, бо звычайна алькаголь так на мяне не ўплывае. Калі ішоў дамоў, да мяне пачало даходзіць тое, што адбылося», — казаў абвінавачаны.
У тлумачэньнях 12 красавіка Дорыян дадаў, што ў той дзень ужываў алькаголь яшчэ ўдзень, да таго як пайшоў у бар — выпіў некалькі бутэлек піва. З усімі сваімі паказаньнямі, зачытанымі судзьдзёй, Дорыян пагадзіўся.
Таксама Дорыян С. расказаў пра сябе, што па стане на люты 2024 году ён не працаваў, ня меў даходу і нейкай маёмасьці. Ён скончыў толькі гімназію і болей нідзе не вучыўся, прафэсіі ня мае. Таксама ён лекаваўся ад наркатычнай залежнасьці.
- Трагедыя адбылася 25 лютага 2024 году. 25-гадовую беларуску Лізавету згвалцілі на вуліцы Журавяй, у самым цэнтры Варшавы. Некалькі дзён за яе жыцьцё змагаліся лекары, але 1 сакавіка яна памерла ў рэанімацыі. Лізавету пахавалі 14 сакавіка на Паўночных могілках Варшавы.
- Нападніка затрымалі ў дзень злачынства. У забойстве на глебе сэксуальнага гвалту і рабаваньня абвінавачваецца 23-гадовы Дорыян С. Камэра назіраньня зафіксавала, як мужчына ў балаклаве падбег да дзяўчыны ззаду, прыставіў нож да шыі і ўпіхнуў у вароты дома. Падчас затрыманьня паліцыя знайшла ў яго нож і іншыя доказы.
- Неафіцыйна выданьне Wyborcza даведалася, што блізкія Лізаветы хацелі, каб суд над 23-гадовым палякам Дорыянам С. быў адкрыты, аднак адвакат абвінавачанага падаў хадайніцтва аб закрыцьці працэсу.
- Абвінавачанаму пагражае ад 15 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Форум