Чацьвёртага сьнежня ў Акруговым судзе Варшавы пачнецца працэс у справе аб згвалтаваньні і забойстве беларускі Лізаветы.
Трагедыя адбылася 25 лютага 2024 году. 25-гадовую дзяўчыну згвалцілі на вуліцы Журавяй, у самым цэнтры Варшавы. Некалькі дзён за жыцьцё Лізы змагаліся лекары, але 1 сакавіка яна памерла ў рэанімацыі. Яе пахавалі 14 сакавіка на Паўночных могілках Варшавы.
Нападніка затрымалі ў дзень злачынства. У забойстве на глебе сэксуальнага гвалту і рабаваньня абвінавачваецца 23-гадовы Дорыян С. Камэра назіраньня зафіксавала, як мужчына ў балаклаве падбег да дзяўчыны ззаду, прыставіў нож да шыі і ўпіхнуў у вароты дома. Падчас затрыманьня паліцыя знайшла ў яго нож і іншыя доказы.
Неафіцыйна выданьне Wyborcza даведалася, што блізкія Лізаветы хацелі, каб суд над 23-гадовым палякам Дорыянам С. быў адкрытым, аднак адвакат абвінавачанага падаў хадайніцтва аб закрыцьці працэсу. Публічным могуць зрабіць толькі прысуд. Але да таго пройдзе як мінімум яшчэ адно паседжаньне — 16 сьнежня.
Абвінавачанаму пагражае ад 15 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Форум