Прэм’ер Галоўчанка заявіў, што беларускай эканоміцы не хапае 5 тысяч маладых інжынэраў

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка. Архіўнае фота

Па словах прэм’ера, «набор на тэхнічныя спэцыяльнасьці ніжэйшы, чым замова арганізацый на падрыхтоўку такіх кадраў».

Аб’ём падрыхтоўкі інжынэрных кадраў у Беларусі «пакуль не адпавядае патрэбам эканомікі», заявіў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка 17 сьнежня на нарадзе ў Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце.

«У 2023 годзе на інжынэрныя спэцыяльнасьці залічана 16 зь невялікім тысяч абітурыентаў, а ў год іх выпуску з ВНУ, гэта значыць у 2027 годзе, замова складае ўжо 21,5 тысячы чалавек, — сказаў ён. — То бок рэальны сэктар можа недаатрымаць каля 5 тысяч маладых інжынэраў».

У асобных тэхнічных ВНУ, сьцьвярджае Галоўчанка, «значна састарэла» матэрыяльна-тэхнічная база і кадравы склад.

Галоўчанка заявіў, што часта чуе на прамысловых прадпрыемствах «нараканьні на тое, што пасьля ВНУ да іх прыходзяць „сырыя“ спэцыялісты, якія не валодаюць дастатковым аб’ёмам ведаў для самастойнай працы па тых тэхналёгіях, якія прымяняюцца зараз на вытворчасьці, іх даводзіцца давучваць ці перавучваць ужо на дзейнай вытворчасьці».


Міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец раней паведаміў, што сёлета вышэйшыя навучальныя ўстановы недабралі 870 студэнтаў. Недабор каля 500 студэнтаў, паводле слоў кіраўніка Мінадукацыі, зафіксаваны на аграрныя спэцыяльнасьці, каля 120 — на спэцыяльнасьці інжынэрнага профілю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фармальна беларускі бізнэс застанецца прыватным, але стане яшчэ больш кантраляваным, — эканаміст Кавалкін
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёлета ў Беларусі пабудавалі на 23% менш жытла зь дзяржаўнай падтрымкай