Маладога лекара, які выгукнуў «Слава Ўкраіне!», судзяць у Віцебску
17 сьнежня ў Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачынаецца суд над Аляксандрам Рандарэнкам, якога абвінавачваюць у «рэабілітацыі нацызму» (ч. 1 арт. 130-1 КК) і «распальваньні варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК). Яму пагражае 5 гадоў зьняволеньня, паведамляе «Вясна».
Аляксандра Рандарэнку і ягонага сябра Дзяніса С. затрымалі ў красавіку 2024 году падчас онлайн-стрыму з правакатарам, дзе маладыя людзі, якія былі нападпітку, сказалі, што «сьвяткуюць» тэракт у «Крокус Сіці Холе» (тэракт адбыўся ў Маскве 22 сакавіка 2024 г. — РС).
Паводле праваабаронцаў, Рандарэнку падчас затрыманьня моцна пабілі, пазьней яго і сябра пакаралі адміністрацыйным арыштам.
Да затрыманьня Аляксандар Рандарэнка працаваў у Віцебску доктарам. Мяркуецца, ён сваяк былога галоўнага акушэра Віцебску Ігара Рандарэнкі, які памёр у 2018 годзе.
Аляксандар Рандарэнка адбыў на «сутках» ажно 75 дзён, але так і ня выйшаў на волю. Падчас вобшуку сілавікі знайшлі на стале ў маладога лекара ўкраінскі вымпел, а таксама згадалі яму вокліч «Слава Ўкраіне!» падчас трансьляцыі ў чат-рулетцы і завялі на яго крымінальную справу.
Судзіць лекара судзьдзя Яўген Буруноў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 сьнежня: 70-гадовага экс-палітвязьня Патапава будуць судзіць трэці разМянчанку судзяць за «заклікі да санкцый»
У Менскім гарадзкім судзе 17 сьнежня разглядаюць крымінальную справу супраць Алены Марозавай паводле 3 крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый).
Працэс вядзе судзьдзя Тацяна Фалькоўская. Раней яна вынесла як мінімум 19 палітычна матываваных прысудаў, паводле падлікаў праваабаронцаў.
Папярэднія судовыя пасяджэньні супраць Алены Марозавай адбыліся 10 і 11 сьнежня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 сьнежня: у Берасьці за пратэсты судзяць ужо пятнаццатую групу людзейУ Менску арыштавалі хірурга зь вялікімі стажам
Ліліі Качан 41 год, яна зь Менску. Скончыла Беларускі дзяржаўны мэдыцынскі ўнівэрсытэт у 2007 годзе, піша «Наша Ніва».
У 2012-м Качан скончыла ардынатуру па спэцыяльнасьці «хірургія». Працавала ў 10-й гарадзкой клінічнай лякарні ў Менску, а таксама ў «Нардзіне». Мае больш за 17 гадоў лекарскага стажу.
Качан зьнікла з усіх сацсетак пасьля 16 кастрычніка 2024 году, калі быў выкладзены яе апошні допіс з фотаздымкамі. У сацыяльных сетках яна часта публікавала здымкі з падарожжаў. Пасьля гэтага яе не было онлайн, выдаленая была і яе тэлеграм-старонка.
Лілію Качан пачнуць судзіць 27 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе. Абвінавачаньні — «удзел у пратэстах» (ч. 1 арт. 342 КК) і «заклікі да санкцыяў ці іншых мер, накіраваных на прычыненьне шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Жанчыне пагражае да 12 гадоў калёніі са штрафам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Робяць усё, каб не было мараў». Лекары дасьледавалі, як беларуская турма ўзьдзейнічае на жаночае здароўе