Падсумоўваем вынікі 2024 году ў мэдыцыне разам з намесьнікам прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта ў сацыяльнай палітыцы — доктарам Станіславам Салаўём і каардынатаркай Фонду мэдычнай салідарнасьці — доктаркай Лідзіяй Тарасенкай.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Лідзія Тарасенка: Што да фінансаваньня сыстэмы аховы здароўя. У 2023 годзе нарматыў бюджэтнай забясьпечанасьці расходаў на ахову здароўя на кожнага жыхара краіны складаў каля 890 рублёў. Гэта прыкладна 270 даляраў на год. Тая ж Расея — 500–600 даляраў на год, у краінах ЭЗ — 3–4 тысячы даляраў. У ЗША — 10 000 даляраў на год і прыватныя расходы каля 11 000 даляраў на год на чалавека. Нават у абсалютных лічбах мы вельмі нізка знаходзімся.
Калі гаварыць пра кадры, мяне найбольш непакоіць, што ўзрастаюць рэпрэсіўныя захады. Яны сталі больш вытанчаныя, і варта прызнаць іх эфэктыўнасьць. Трэба адзначыць павелічэньне ўведзеных тэрмінаў адпрацоўкі мэдыкаў. Цяпер да 80% абітурыентаў мэдычных ВНУ — гэта людзі, якія будуць паступаць на мэтавае накіраваньне, гэта значыць, што адпрацоўка будзе 5 гадоў у той галіне, якую ўкажа камітэт па ахове здароўя. Так змагаюцца з кадравым дэфіцытам. І чыста для закрыцьця вакансій гэта будзе эфэктыўны крок.
Ёсьць загад аб занятасьці насельніцтва Беларусі, які прадугледжвае, што будзе скарочана каля 700 доктарскіх вакансій і 300 вакансій сярэдніх мэдычных работнікаў. Гэта не азначае, што на гэтыя месцы знойдуцца людзі, гэта азначае, што пустыя вакантныя стаўкі будуць закрывацца коштам павышанай нагрузкі на мэдычных супрацоўнікаў, якія ўжо працуюць.
Станіслаў Салавей: Што тычыцца скарачэньня доктарскіх ставак, на жаль, гэта гучыць даволі лягічна. У нас вельмі нерацыянальна выкарыстоўваецца рэсурс. Наша хуткая, якая так мала фінансуецца, прыедзе аднолькава і да чалавека з інфарктам, і да чалавека, у якога стрэльнула ў баку. У бальніцы будзе ляжаць чалавек, якому было сумна і ён выклікаў хуткую а 2-й ночы, і чалавек, у якога сарваўся сардэчны рытм і ён пры сьмерці. Калі гаварыць пра скарачэньне колькасьці насельніцтва з розных прычын (сотні тысяч выехалі), то лягічна, што зьнізіцца і спажываньне мэдычных паслугаў. А навошта тады столькі радзільняў у тым жа Менску, калі ў нас імкліва падае колькасьць родаў? 5-ю радзільню толькі пабудавалі, а родаў усё меней. Лягічна, што некаторыя радзільні павінны закрывацца, перапрафілявацца ў іншыя лячэбныя ўстановы. Пераразьмеркаваньне, скарачэньне штатаў, ложкаў і іншага даўно насьпела. У нас вельмі многа марнай працы ў мэдыцыне. Гэта і бюракратычная нагрузка, і паўпустыя шпіталі, якія штучна запаўняюцца пацыентамі. Дактароў бракуе, і выкарыстоўваць іх нерацыянальна — гэта яшчэ адна праблема сыстэмы аховы здароўя.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.