Адначасова афіцыйныя ўлады Беларусі вядуць няспынную барацьбу за зьмену беларускага гістарычнага наратыву і набліжэньне яго да расейскага бачаньня гісторыі Беларусі. Засноўваюцца сумесныя беларуска-расейскія камісіі гісторыкаў з мэтай узгадненьня пазыцый у ацэнцы гісторыі, перапісваюцца падручнікі, пераасэнсоўваюцца асобныя падзеі і цэлыя пэрыяды беларускай гісторыі, кампрамэтуюцца постаці нацыянальных герояў, найперш Кастуся Каліноўскага.
«Свабода» зьвярнулася да беларускіх гісторыкаў з просьбай ацаніць актуальны стан гістарычнай навукі і адукацыі ў Беларусі і на эміграцыі, а таксама вынікі году ў гэтай галіне і свае асабістыя.
Доктар гістарычных навук Уладзімер Лобач лічыць, што, нягледзячы на эміграцыю дзясяткаў беларускіх гісторыкаў, падзелу паміж дасьледчыкамі не адбылося:
«Год, што блізіцца да завяршэньня, усьцешыў мяне тым неаспрэчным фактам, што стваральная праца беларускіх гуманітарыяў не сышла на нішто, ня зьнікла ў цемрыве штодзённых благіх вестак, але толькі набірае сілу.
У гэтым сэнсе мяжа, якая нас падзяліла, ня мае значэньня, бо аднолькава радуюць посьпехі калег у Полацку, Менску, Горадні і ў Варшаве, Вільні ці Любліне. Не хацелася б называць імёнаў, але я маю на ўвазе тых, хто сваёй працай даказаў і даказвае цяперака, што працуе шчыра і сумленна на Беларусь, а не на БТ.
Што да асабістага даробку, то былі і канфэрэнцыі, і артыкулы, і лекцыі, але асноўны сэнс бачыцца ў працы над манаграфіяй, прысьвечанай трагічнаму лёсу беларускай вёскі пад нацысцкай акупацыяй. Калі ўсё складзецца добра, то празь некаторы час спадзяюся распавесьці пра яе, як пра рэальную кнігу, дасяжную зацікаўленаму чытачу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Уладзімер Лобач пра нацыянальны характар беларусаў: «У партызаны не ідуць, каб прайграваць»Кандыдат гістарычных навук Павел Церашковіч таксама зьвяртае ўвагу на той факт, што, нягледзячы на неспрыяльныя часы і абставіны, беларуская гістарычная навука разьвіваецца ня толькі за мяжой, але і ў Беларусі, і што падзелу паміж сумленнымі гісторыкамі не назіраецца.
«Спачатку скажу пра асабістае. За год выдаў дзьве кніжкі, адна зь якіх — «Германія: рэгіёны і меншасьці», збольшага гістарычная. Там было шмат адкрыцьцяў, у тым ліку амаль што анэкдатычных — у 1918 годзе Фрыдрых Аўгуст ІІІ — апошні кароль Саксоніі, якая захоўвала ў Германскай імпэрыі значную самастойнасьць, вылучыў патрабаваньне аб далучэньні Заходняй Беларусі і Літвы да сваёй дзяржавы. Шакавала гісторыя нямецкіх ромаў — тое, як складана ім было дамагчыся гістарычнай справядлівасьці ў пасьляваеннай Нямеччыне пасьля нацысцкага генацыду. Знайшоў паралелі ў гістарычным лёсе беларускай і ніжненямецкай (плятдойч) моў. Агульная выснова — каб зразумець Нямеччыну, яе трэба вывучаць менавіта як гісторыю рэгіёнаў.
Удзельнічаю ў праекце «Нярускі мір» пра лёс карэнных народаў Расеі. Сем тэкстаў (саамы, вепсы, комі, удмурты, мары, алеуты і эскімосы), сем гісторый этнацыду і часам відавочнага генацыду — сем рубцоў на сэрцы. Натхняе, аднак, здольнасьць да супраціву, нават у сёньняшніх умовах шалёнага націску расейскага шавінізму.
Лічу для сябе вельмі плённым удзел у сэмінары «Пасьля дыктатуры». Падрыхтаваў параўнальны аналіз рэалізацыі транзытыўнай юстыцыі (люстрацыі ў тым ліку) у Партугаліі, Гішпаніі і Альбаніі. Галоўная выснова — люстрацыю трэба праводзіць хутка і рашуча, адпаведныя законы трэба рыхтаваць ужо сёньня. З пазытыўнага — калі альбанцы выбраліся з таго дна, якім была дыктатура Энвэра Ходжы, то выберамся і мы.
Цяпер пра агульнае. Галоўнае дасягненьне году — відавочны рост грамадзкай цікавасьці да гісторыі. Гэта бачна па павелічэньні мэдыйных гістарычных праектаў, у тым ліку і тых, якія пасьпяхова рэалізуюць асобы, якія фармальна не зьяўляюцца гісторыкамі. Зь цяжкасьцямі, але ўсё ж такі запрацавала бакаляўрская праграма па гісторыі ў ЭГУ. Адбылася інстытуцыяналізацыя праекту па публічнай гісторыі.
Бачу, што, нягледзячы на ўсе намаганьні дыктатуры, вогнішча прафэсійнай гістарычнай дзейнасьці ў самой Беларусі ня загасла. Зьвяртае ўвагу таксама партызанскі супраціў і сабатаж ідэй «Рускага міру» нават з боку часткі праўладных гісторыкаў.
Збольшага — гляджу ў будучыню з аптымізмам. Таго і ўсім жадаю. Засмучэньне — гэта грэх».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Мова Вялікага Княства Літоўскага дае беларусам права на спадчыну гэтай дзяржавы — Павел ЦерашковічДоктар гістарычных навук Аляксандар Груша зьвярнуў увагу на той факт, што беларускія гісторыкі, якія вымушана пакінулі Беларусь, нягледзячы ні на што, могуць пісаць і выдавацца за мяжой і ўсё роўна прыносіць карысьць сваім суайчыньнікам:
«Не хачу здацца эгаістычным, але для мяне важнымі зьяўляюцца два выданьні 2024 году, да якіх я маю непасрэднае дачыненьне.
Першае выданьне — „Вялікае Княства Літоўскае. Сучасныя беларускія дасьледаваньні“ пад рэдакцыяй Аляксандра Грушы. Вільня, 2024. Гэта зборнік артыкулаў, у аснову якіх леглі даклады, агучаныя на канфэрэнцыі з той жа назвай. Канфэрэнцыя прайшла ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў 2022 годзе з ініцыятывы прафэсара ЭГУ Ірыны Раманавай. Гэты зборнік мае сымбалічнае значэньне. Яго аўтарамі зьяўляюцца галоўным чынам беларускія гісторыкі, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
Другое выданьне — гэта мая манаграфія „Традиция и её преодоление. Русь и Великое Княжество Литовское в XII — первой трети XVI в.“. Яе таксама выдаў ЭГУ. Кніга прысьвечаная гістарычнаму тыпу традыцыі, якая ў Вялікім Княстве Літоўскім называлася „старина“, а таксама яе згасаньню.
Для мяне гэтыя выданьні важныя вось зь якога пункту гледжаньня. Яны паказваюць, што беларускія гісторыкі могуць пісаць і выдавацца за мяжой, зьяўляючыся і там карыснымі для сваіх суайчыньнікаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Народ «літва» прыйшоў на славянскія землі, ні ў кога не спытаўшы дазволу, — Аляксандар ГрушаКандыдат гістарычных навук Віктар Якубаў на першае месца ў выніках году для гістарычнай сфэры вылучае сэнсацыйнае адкрыцьцё беларускіх археолягаў, зробленае ў вёсцы Агова Янаўскага (Іванаўскага) раёну Берасьцейскай вобласьці, якое паказала, што тэрыторыя Беларусі была заселеная людзьмі ўжо сотні тысяч гадоў таму.
«Наконт добрага. Па-першае, археолягі даказалі, што ў адкрытым у 2018 годзе стойбішчы Агова былі людзі гейдэльбэрскага тыпу. Гэта азначае, што першыя людзі у Беларусі зьявіліся каля 250 000 гадоў таму. Гэта наогул зьмяняе гісторыю засяленьня Эўразіі.
Па-другое. Адбылося адкрыцьцё ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце спэцыяльнасьці „Гісторыя“, засталося зрабіць зь іх беларускі ўнівэрсытэт, хаця б па мове.
Трэці пазытыў. Беларускія гісторыкі у выгнаньні зь цяжкасьцю, але атрымліваюць падтрымку ад міжнародных структур пад дасьледчыя праекты. Хоць сталай працы большасьці зь іх атрымаць пакуль не ўдаецца.
Цяпер пра нэгатыўнае. Першае і самае сьвежае. Найбольш „сядзячым“ гісторыкам пасьля падзей 2020 году стане Ігар Мельнікаў, які якраз пратэсты і не падтрымаў. А цяпер ён атрымаў чатыры гады турмы.
Другое. Працягваюцца рэпрэсіі супраць гісторыкаў і гуманітарыяў. Іх працягваюць звальняць ня толькі з унівэрсытэтаў, але і з музэяў і архіваў.
Трэцяе. Працягваюць прызнаваць беларускія сайты і старонкі у сеціве экстрэмісцкімі, з апошняга — сайт Беларускага інстытуту публічнай гісторыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». У ХІХ стагодзьдзі расейскія гісторыкі расказалі нам, што нас прыгняталі, і мы паверылі — Віктар ЯкубаўКандыдат гістарычных навук Ніна Скеп’ян найперш зьвяртае ўвагу на міжнароднае прадстаўніцтва беларускіх гісторыкаў, іх удзел у навуковых форумах у шэрагу эўрапейскіх краін:
«Сьпярша спынюся на добрым. Нягледзячы на неспрыяльныя абставіны, беларуская гістарычная школа працягвае сваё існаваньне, і пацьверджаньнем гэтаму служаць канфэрэнцыі і сэмінары, у якіх удзельнічаюць беларускія навукоўцы. Варта ўзгадаць канфэрэнцыі ў Польшчы (кангрэс дасьледчыкаў Усходняй Эўропы, штогадовыя паседжаньні Камісіі Літуаністычнай), Літве (шматлікія канфэрэнцыі на базе ЭГУ, а таксама ўдзел беларускіх навукоўцаў у канфэрэнцыях Інстытуту гісторыі Літоўскай акадэміі навук і віленскага ўнівэрсытэту), Італіі (Рым, Флярэнцыя).
З ініцыятывы беларускіх дасьледчыкаў увосень адбыўся воркшоп у Латвіі (Рыга, Музэй акупацыі), дзе абмяркоўваўся сучасны стан дасьледаваньняў і плянаваліся будучыя праекты.
У Беларусі варта адзначыць маштабныя працы па дасьледаваньні старажытнага Менску, праект «Менка». Магчымым можа стаць стварэньне музэю пад адкрытым небам. Вынікі дасьледаваньняў былі агучаныя на V Кангрэсе гісторыкаў Беларусі (Менск). Некаторыя канфэрэнцыі сталі выкладвацца на YouTube, а падчас правядзеньня была магчымасьць падключацца онлайн і задаваць свае пытаньні.
Сёлета таксама адбылася значная падзея, можна сказаць, прарыў у галіне армяна-беларускіх стасункаў. Сьвет пабачыла кніга Дзяніса Лісейчыкава «Маджарскія. Армянскі род у гісторыі Беларусі». Таксама ім жа была ініцыяваная канфэрэнцыя, прысьвечаная армяна-беларускім стасункам (верасень 2024 году).
Таксама трэба адзначыць выхад сынтэтычных прац (не магу дакладна ўзгадаць назвы, але гэта тое, што рабіў Алесь Казакоў, таксама і Аляксей Кажарскі ў выдавецтве Routledge). Ведаю, што яны ў сваёй большасьці ўсё ж паліталягічныя, і таму не магу іх стоадсоткава аднесьці да гісторыі.
Выйшла другая частка «Эканамічнай гісторыі Беларусі» пад рэдакцыяй Сяргея Шупы (ХІХ ст.)
З нэгатыўнага. Не адбыўся Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі (была толькі абвешчана прэмія).
У самой Беларусі — павялічыўся ўплыў расейскага афіцыйнага наратыву на фармаваньне кірунку дасьледаваньняў, асабліва гэта тычыцца ХІХ–ХХ стагодзьдзяў. Варта прыгадаць стварэньне беларуска-расейскай камісіі па распрацоўцы агульных падыходаў да выкладаньня гісторыі на ўсіх ступенях адукацыі.
Балючае пытаньне — падручнікі па гісторыі Беларусі для базавай і сярэдняй школы. Там ідуць бясконцыя нападкі і бясконцае перапісваньне, але пакуль што школьнікі вучацца па папярэдніх вэрсіях».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Чаму русінскай арыстакратыі не было ў першых складах Рады Вялікага Княства ЛітоўскагаГісторык і журналіст Цімафей Акудовіч найперш зьвяртае ўвагу на дзейнасьць беларускіх гісторыкаў у замежжы. Ён таксама называе адкрыцьцё праграмы «Гісторыя» ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце адной з галоўных падзей году, але дадае да яе шэраг гістарычных выданьняў і заснаваньне фонду MALDZIS, які, сярод іншага, плянуе займацца вяртаньнем беларускіх каштоўнасьцяў, якія знаходзяцца за мяжой.
«Я не магу аналізаваць гістарычныя працэсы ўнутры Беларусі, бо ня моцна сачу за імі. Па шчырасьці, проста хочацца, каб унутры краіны як найменш гісторыкаў і краязнаўцаў сядзела ў турме. А навука — гэта ўжо наступнае пытаньне. Хаця свае працэсы там, канечне, ідуць.
Калі ж гаварыць пра замежжа, то я б адзначыў наступныя пункты:
- запуск гістарычнай праграмы ў ЭГУ. Гэта справа, якая павінна прынесьці шмат карысьці беларускай гістарычнай навуцы ў будучыні;
- рэгістрацыя ў Польшчы Беларускага Інстытуту Публічнай Гісторыі. Разьмяшчаю гэтую падзею тут крыху авансам, бо цягам гэтага году актыўнасьцяў у Інстытуту было мала і ішла больш наладка працэсаў, але хочацца верыць, што надалей Інстытут стане важным цэнтрам прыцягненьня гістарычных праектаў;
- навуковая дзейнасьць у замежжы. Цягам году беларускія навукоўцы выдалі некалькі важных навуковых манаграфій і часопісаў. Такіх выданьняў было няшмат, але добра, што зьяўляюцца прэцэдэнты. Асабліва я хацеў бы адзначыць калектыўную працу пра бел-чырвона-белы сьцяг, якая выйшла ў выдавецтве „Янушкевіч“. Гэта добры прыклад рэакцыі навукоўцаў на грамадкі запыт;
- працягвае разьвівацца беларускі гістарычны YouTube. Працуюць старыя каналы, зьяўляюцца новыя;
- паўстаў праект MALDZIS, які ўжо прагучаў у інфармацыйнай прасторы, набыўшы Статут ВКЛ 1588 году. За гэтай ініцыятывай цікава назіраць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе»: Цімафей Акудовіч пра тое, ці трэба пераймяноўваць Беларусь
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.