18-гадовы прадстаўнік Індыі Гукеш Доўмараджу стаў новым чэмпіёнам сьвету ў шахматах, 18-м у гісторыі. Так рана тытулу не здабываў яшчэ ніхто.
У фінальнай сэрыі за шахматную карону, якая адбылася ў Сынгапуры, Гукеш перагуляў кітайца Дын Ліжэня зь лікам 7.5:6,5. Летась якраз кітаец быў чэмпіёнам сьвету, калі перагуляў расейца Івана Няпомняшчага.
Гукеш не расцэньваўся фаварытам у барацьбе за званьне чэмпіёна сьвету. Яго дабралі ў турнір прэтэндэнтаў па суме пунктаў на розных міжнародных турнірах. Але ў выніку менавіта ён перамог у спаборніцтвах у красавіку 2024 году, апярэдзіўшы амэрыканца Хікару Накамура, якога лічылі найбольш імаверным праціўнікам Дына ў вырашальнай сэрыі.
Гукеш стаў гросмайстрам за пяць гадоў да перамогі на чэмпіянаце сьвету, у 13-гадовым узросьце. Пры гэтым цяпер, нават стаўшы чэмпіёнам сьвету, індыец займае толькі 5-е месца ва ўсясьветным рэйтынгу. Больш за ўсіх пунктаў мае Магнус Карлсэн з Нарвэгіі, які раней адмовіўся ад барацьбы за шахматную карону.
Раней на гэтым тыдні на спэцыяльным паседжаньні Міжнароднай фэдэрацыі шахмат (ФІДЭ) стала вядома, што гульцам зь Беларусі і Расеі дазволілі выступаць пад сьцягам ФІДЭ да 2026 году. Пад дзяржаўнымі сьцягамі яны ня могуць выступаць з прычыны ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Беларусь пакараная за саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў гэтай агрэсіі.
Яшчэ ў 2023 годзе ў першынстве сьвету ў бліцы і хуткіх шахматах выступаў беларус Уладзіслаў Кавалёў. Яго раней выключылі зь беларускай зборнай за тое, што ён патрабаваў правядзеньня справядлівых выбараў у краіне. Кавалёў мусіў пакінуць радзіму, выступаць пад сьцягам ФІДЭ, а заявіцца на турнір у Самаркандзе яму ўдалося толькі дзякуючы ахвяраваньням беларускай дыяспары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: FIDE захавала абмежаваньні для шахматыстаў зь Беларусі і Расеі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі гросмайстар здолеў выступіць на чэмпіянаце сьвету ў шахматах дзякуючы ахвяраваньням землякоў