Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FIDE захавала абмежаваньні для шахматыстаў зь Беларусі і Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міжнародную шахматную фэдэрацыю ачольвае расеец Аркадзь Дварковіч.

Генэральная асамблея Міжнароднай шахматнай фэдэрацыі (FIDE) захавала абмежаваньні на ўдзел у спаборніцтвах шахматыстаў зь Беларусі і Расеі, і дазволіла дзецям да 12 гадоў і шахматыстам з абмежаванымі магчымасьцямі з гэтых краін ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад сьцягам FIDE.

Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Генэральнай асамблеі FIDE 22 верасьня пасьля разгляду прапановы кіраўніка шахматнай фэдэрацыі Кіргізстану Бабура Талбаева аднавіць правы беларусаў і расейцаў на ўдзел у спаборніцтвах пад сваім сьцягам. FIDE прапанавала прадоўжыць дзейныя абмежаваньні — беларускія і расейскія шахматысты могуць выступаць толькі пад сьцягам Міжнароднай шахматнай асацыяцыі.

За скасаваньне санкцый аддалі 21 голас, за іх поўнае захаваньне — 41, за рэкамэндацыі FIDE — 66.

У сакавіку 2022 году Міжнародная шахматная фэдэрацыя дапусьціла расейскіх і беларускіх шахматыстаў да ўдзелу ў спаборніцтвах толькі ў нэўтральным статусе.

Сёлета 18 верасьня міністар моладзі і спорту Ўкраіны Мацьвей Бедны і міністар замежных спраў Андрэй Сыбіга падпісалі ліст у Міжнародную шахматную фэдэрацыю (FIDE) з заклікам не аднаўляць правоў беларускай і расейскай шахматных фэдэрацый і забараніць удзел расейскіх і беларускіх шахматыстаў у спаборніцтвах.

Сваю прапанову ўкраінскія міністры аргумэнтавалі тым, што расейскія і беларускія спартовыя арганізацыі зьяўляюцца інструмэнтам дзяржаўнай палітыкі гэтых краін. «Допуск іх да спаборніцтваў будзе азначаць легітымізацыю вайны, якую вядуць гэтыя краіны», — адзначалася ў лісьце.

У выніку расейскай агрэсіі, падтрыманай Беларусьсю, загінулі больш за 500 украінскіх спартоўцаў і трэнэраў, у тым ліку 21 шахматыст. Яшчэ два шахматысты лічацца зьніклымі бязь зьвестак.

У чэмпіянаце сьвету ў шахматах у 2023 годзе, які праходзіў у Казахстане, расейскія і беларускія спартоўцы ўдзельнічалі пад сьцягам FIDE у нэўтральным статусе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG