Ад 24 лютага 2022 году ва Ўкраіне загінулі сама меней 65 беларусаў, якія змагаліся супраць Расеі. Імёны большасьці зь іх невядомыя, яны не раскрываюцца праз патэнцыйную небясьпеку для сямей і родных, якія застаюцца ў Беларусі. Апошнім вядомым выпадкам стала сьмерць 25-гадовага «Газа». Дзяўчына загінулага і яго сябар расказалі Свабодзе пра тое, чым жыў «Газ» напярэдадні гібелі. Яны просяць не называць сапраўднае імя загінулага і некаторых дэталяў ягонай біяграфіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне загінуў беларускі добраахвотнік «Газ»«Меў вялікае сэрца»
«Газу» было 25 гадоў. Да пачатку поўнамаштабнай вайны жыў у Маскве, меў добрыя прыбыткі, пляны на вясельле. Аднак у канцы лютага 2022 году хлопец, па словах ягонай дзяўчыны і сяброў, пачаў задумвацца пра тое, што адбываецца. «Газ» чытаў розныя крыніцы інфармацыі, дазнаваўся пра Майдан, АТА. Потым вырашыў пераехаць у Беларусь. Сказаў сябрам, у Расеі тады яму было немагчыма жыць. Меў расейскае і беларускае грамадзянства, тэарэтычна яму пагражала мабілізацыя ў расейскае войска. Замест гэтага «Газ» прыняў рашэньне ваяваць за Ўкраіну.
«Бо ён зразумеў, што мы, украінцы і беларусы, маем агульнага ворага — Расею. Ён зразумеў, што такое гэтая краіна. Яшчэ ён чытаў пра беларуса „Янкі“, які ваяваў за Ўкраіну, і натхняўся ім», — расказвае Свабодзе дзяўчына загінулага, украінка Ганна.
Яны пазнаёміліся ўвосень 2024 году ў Кіеве, сустрэліся ў кампаніі сяброў. Ганна кажа, што «Газ» скарыў яе, бо меў вялікае сэрца. Пазыўны прыдумаў для сябе так — да Ўкраіны дабіраўся праз Польшчу і недзе на запраўцы ўбачыў вялікія літары «Gaz», у ім нешта адгукнулася. Таксама быў аматарам гульні Call of Duty, у адной з сэрый там быў галоўны герой Гас (Gaz).
Ганна кажа, што ад першых хвілін знаёмства яны былі «на адной хвалі, здавалася, у нас адны і тыя ж думкі на дваіх». Дні народзінаў у іх амаль у адзін дзень. Абое любілі паганяць на аўта, часта слухалі ўлюбёную песьню «Газа», якую выконвае рэп-гурт Nord Division.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выпадкова выжыў. Гісторыя беларуса, які страціў ва Ўкраіне трох пабрацімаў і скончыў ваявацьКорм для катоў і сабак
Ганна расказвае, што яны зь беларусам вельмі хутка сталі парай, маглі размаўляць цэлымі начамі ці ганяць на аўтамабілях.
«Неяк мы ганялі — я на сваім аўта, ён на сваім вайсковым, і я яго абагнала. Тады ён уключыў мігалкі — вайсковым гэта можна рабіць, і даганяў мяне. Было весела», — успамінае дзяўчына.
Дадае, што яны марылі пасьля вайны мець свой аўтапарк. Ганна хацела Audi, яе каханы — BMW. Малявалі свае «аўтамабілі мары» з дапамогай штучнага інтэлекту.
Ганна падкрэсьлівае, што «Газ» быў вельмі ўважлівы да яе, да сваіх і яе сяброў, да катоў і сабак.
«Ён пытаўся ў мяне: „Ты паела? Чаму не? Бягом!“. Ён пытаўся пра маіх сяброў, як у іх справы. Ён быў вельмі добрым да ўсіх», — кажа Ганна.
Паводле дзяўчыны, калі беларус ехаў на пазыцыі, то абавязкова меў пры сабе корм для катоў і сабак. Хатнія гадаванцы ў вайну сталі бяздомнымі, таму туліліся да вайскоўцаў, прыходзілі да іх. Беларус лічыў, што карміць бяздомных катоў і сабак для яго — галоўная справа вайны.
Дзяўчына ўспамінае расповед свайго каханага, які пры абстрэле схаваўся ў будынак і пачуў мяўканьне. Нягледзячы на небясьпеку, ён кінуўся шукаць і ратаваць жывёлу.
«Яму давялося нават вопратку зьняць, каб залезьці празь нейкія скрынкі і ўратаваць тое кацяня», — кажа Ганна.
Нягледзячы на нядоўгі час, які «Газ» правёў ва Ўкраіне, ён займеў шмат сяброў — як сярод украінцаў, так і беларусаў. Гэта, па словах дзяўчыны, адбылося дзякуючы ягонай адкрытасьці і любові да камунікацыі зь людзьмі.
Беларус марыў пабываць у Нарвэгіі, яго вабіла гэтая краіна. Па словах Ганны, ён спачатку думаў і пасьля вайны застацца ва Ўкраіне вайскоўцам на кантракце. Але апошнім часам «Газ» казаў Ганьне, што плянуе пакінуць вайну і пажыць цывільным жыцьцём.
«Ён проста ня ведаў, чым будзе займацца. Я сказала, што падтрымаю любы ягоны выбар. Яму было цяжка, бо пакінуў усё, калі пераехаў з Расеі ў Беларусь, затым — зь Беларусі ва Ўкраіну. Нібыта гэта былі ягоныя тры розныя жыцьці. Але ён умеў знаходзіць выйсьце з кожнай сытуацыі», — расказвае Ганна.
Ганна прыгадвае, што прыкладна за месяц да гібелі «Газ» раптам даслаў ёй тэлефоны маці і камандзіра, паролі ад тэхнікі. Дзяўчына кажа, што ў яе тады «разарвалася сэрца», але хлопец супакойваў, што ў іх «усё ціха» і што гэта на ўсялякі выпадак.
Ганна дадае, што з бацькам «Газ» апошнім часам не кантактаваў, бо той быў за Расею і пісаў сыну «жахлівыя рэчы». З маці падтрымліваў сувязь, хоць яна і ўпрошвала яго не ісьці на вайну.
Паводле Ганны, беларус вёў ананімны тэлеграм-канал, дзе апавядаў падпісчыкам пра вайну ва Ўкраіне. Дзяўчына кажа, што ён разумеў, што чытаць такі канал зь Беларусі можа быць небясьпечна, таму папярэджваў людзей пра гэта.
«Нават тут ён турбаваўся за людзей, якіх ня ведае», — падкрэсьлівае Ганна.
Апроч удзелу ў баявых дзеяньнях, «Газ» быў валянтэрам і інструктарам — вучыў падлеткаў у вайсковым лягеры асновам тактычнай мэдыцыны і навыкам абыходжаньня са зброяй. Калі прыяжджаў у Кіеў, то наведваў акцыі ў падтрымку байцоў «Азова», якія знаходзяцца ў расейскім палоне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сёньняшняе жыцьцё не прамяняў бы на беларускую стабільнасьць». Гісторыі былых добраахвотнікаў, якія вярнуліся з вайны«Па-беларуску пачаў гаварыць у Кіеве»
Увесну 2024 году інтэрвію з Газам запісваў беларускі журналіст ва Ўкраіне Алесь Мінаў. Пасьля яны пасябравалі.
Мінаў і цяпер зь меркаваньняў бясьпекі ня можа расказаць пра абставіны гібелі сябра на вайне. Журналіст успамінае, што «Газ» прыехаў ва Ўкраіну ў канцы 2023 году, навучаўся тут вайсковай службе.
«У яго гарэлі вочы ад вайсковай справы, ён навучаўся на курсах FPV-дронаў і яму гэта было вельмі цікава», — кажа сябра загінулага.
Паводле Алеся Мінава, менавіта ва Ўкраіне Газ пачаў размаўляць па-беларуску.
«Інтэрвію мы ўвесну запісвалі на беларускай мове. Яму гэта давалася ня так проста, але ён намагаўся і зь сябрамі размаўляць, і падтрымліваць размову», — успамінае журналіст.
Паводле Алеся Мінава, «Газ» цікавіўся грунтоўнымі рэчамі, якія ён прапусьціў ад таго, што доўга жыў у Расеі, і ён даганяў беларускі кантэкст, яму гэта было заўсёды цікава. Журналіст успамінае, калі ў адной з рэдкіх для вайскоўца пабывак Газ запрасіў яго і сяброў у музэй Другой сусьветнай вайны. Сябры глядзелі на падзеі 80-гадовай даўніны і параўноўвалі з тым, што адбываецца цяпер.
Для Мінава «Газ» застаўся шчырым, дабрадушным хлопцам, зь якім было вельмі проста і прыемна мець стасункі.
«Ён ня так доўга прабыў ва Ўкраіне, але ён хутка займеў сяброў і сярод беларусаў, і сярод украінцаў. Ён пры кожнай магчымасьці наведваў нашы беларускія імпрэзы дыяспары. Ён прыходзіў, бо яго гэта цікавіла», — дадаў журналіст.
Загінулага добраахвотніка пахавалі ва Ўкраіне.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.