Пра сьмерць беларускага добраахвотніка «Газа» паведаміла «Наша ніва» з спасылкай на адпаведныя паведамленьні ягоных сяброў у сацыяльных сетках. Па іх словах, ужо адбылося пахаваньне. Інфармацыю пацьвердзіла mediazonaby.com.
Беларускі добраахвотнік «Газ» сустрэў пачатак поўнамаштабнай вайны ў Маскве. Там ён жыў з 16 гадоў, калі пераехаў да бацькі з роднага Наваполацка. У хлопца было і беларускае, і расейскае грамадзянства.
На момант пачатку вайны Газ працаваў камэрцыйным дырэктарам па разьвіцьці ў кампаніі аўтазапчастак. Ён адзначаў, што быў далёкім ад палітыкі, нават пра беларускія пратэсты-2020 ведаў толькі павярхоўна.
«Аднак жыць у Расеі стала невыносна: ваенная прапаганда была на кожным кроку», — расказваў «Газ» у вялікім інтэрвію «Люстэрку».
У выніку ў жніўні 2022 году ён вярнуўся ў Беларусь. Жывучы ў Наваполацку, а пасьля ў Менску, асэнсаваў сябе беларускім патрыётам. А ў канцы 2023 году канчаткова вырашыў ваяваць за Ўкраіну.
«Газ» адправіў заяўку ў Інтэрнацыянальны легіён, бо не хацеў ісьці ў полк Каліноўскага — «чытаў, што там ня вельмі прыемнае кіраўніцтва».
Сям’я не падтрымала выбар хлопца. Бацька, грамадзянін Расеі, абарваў кантакты зь ім.
Па стане на вясну 2024 года, калі Газ даваў інтэрвію «Люстэрку», ён ужо скончыў падрыхтоўчыя курсы і браў удзел у баявых апэрацыях. У перапынку між імі вучыўся кіраваньню FPV-дронамі.
- З 2022 году беларусы змагаюцца за Ўкраіну ў розных падразьдзяленьнях, асноўнае зь якіх — полк Каліноўскага.
- Ня менш за 60 беларусаў загінулі на вайне.
- Байцы ня могуць вярнуцца ў Беларусь, бо ўлады прызналі полк Каліноўскага «тэрарыстычнай арганізацыяй». Яны вяртаюцца ў Польшчу, Літву, дзе маюць шмат праблемаў зь легалізацыяй, працай і псыхікай.
Форум