У Шклове пачынаецца новы суд над зьняволеным журналістам Ігарам Карнеем

Ігар Карней, архіўнае фота

11 сьнежня ў Шклове пачынаюць судзіць журналіста Ігара Карнея, які ўжо адбывае пакараньне ў мясцовай калёніі.

Ігара Карнея асудзілі ў 2023 годзе паводле ч. 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэксу («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») на 3 гады зьняволеньня.

Адбываць пакараньне Ігара Карнея адправілі ў калёнію № 17 у Шклове. Вядома, што там яго каралі штрафным ізалятарам (ШЫЗА), а зь лета 2024 году зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ), дзе ізалююць тых вязьняў, якія нібыта ня сталі на шлях выпраўленьня.

Гэтым разам, паводле праваабаронцаў «Вясны», Ігару Карнею выставілі абвінавачаньне паводле 411 артыкула КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»). Журналісту пагражае да 1 года зьняволеньня ў дадатак да ранейшага пакараньня. Судзіць Ігара Карнея будзе Аляксандар Тараканаў.

Журналісту Ігару Карнею 1 студзеня споўніцца 57 гадоў. Ён шмат пісаў на тэмы гісторыі і краязнаўства Беларусі, вядомы таксама як трэвэл-блогер.

Пра ўмовы ўтрыманьня і стан здароўя журналіста вядома няшмат.

«Выглядае, што ў камэры ён адзін. Час ад часу ад яго прыходзяць лісты. Стан нармальны, ня скардзіцца. Паглядзім, што дадасьць суд», — расказала пра Ігара Карнея дасьведчаная крыніца.

За якія парушэньні на Ігара Карнея завялі справу аб нібыта «непадпарадкаваньні», невядома.

Праваабаронцы прызналі Ігара Карнея палітвязьнем. З патрабаваньнем спыніць перасьлед і вызваліць журналіста неаднаразова выступалі ягоныя былыя калегі і сябры зь Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: журналіст Ігар Карней у калёніі працуе на пілараме
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 32 за кратамі, 33 прызналі «экстрэмістамі», а 12 — «тэрарыстамі». Лічбы пра перасьлед беларускіх журналістаў у 2023 годзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты