У Службе бясьпекі Ўкраіны (СБУ) заявілі, што ўраджэнец Жытомірскай вобласьці, якога затрымалі за арганізацыю каналу для ўкраінскіх уцекачоў ад мабілізацыі і які даваў інтэрвію прапагандыстцы зь Беларусі Ксеніі Лебедзевай, супрацоўнічаў з Фэдэральнай службай бясьпекі Расеі і пасьля ўцёкаў у Беларусь плянаваў выехаць у Расею.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні СБУ, 52-гадовага затрыманага, які быў сябрам забароненай ва Ўкраіне партыі «Дзяржава», завэрбавалі дыстанцыйна.
У СБУ ўдакладнілі, што яго затрымалі ў той час, калі ён у ластах спрабаваў пераплысьці раку Дняпро на мяжы зь Беларусьсю, каб потым пераехаць у Расею.
У часе расьсьледаваньня сьледчыя знайшлі доказы, якія пацьвярджаюць, што ён знаходзіўся на сувязі з прадстаўнікамі ФСБ, мэтанакіравана зрываў мабілізацыю ва Ўкраіне і плянаваў пасьля ўцёкаў у Расею ўдзельнічаць у інфармацыйна-псыхалягічных апэрацыях ФСБ ад імя шараговых грамадзян Украіны.
СБУ таксама апублікавала фота перапіскі, якую затрыманы вёў з прапагандысткай Ксеніяй Лебедзевай. Пасьля інтэрвію яна адправіла яму спасылку на адпаведны матэрыял яшчэ да выхаду яго ў этэр і паведаміла, што голас зьмянілі. Той у адказ назваў яе працу «граматнай» і прапанаваў сустрэцца яшчэ для аднаго інтэрвію, пасьля таго як ён будзе ўжо на тэрыторыі Беларусі.
Затрыманы таксама паведаміў Лебедзевай, што нейкая асоба — імаверна, у беларускай спэцслужбе, — «дала дабро на вылет у Маскву ў Шарамецьева на фільтрацыю пры выезьдзе з вашай канторы».
На падставе новых фактаў яму перакваліфікавалі абвінавачаньне — на дадатак да папярэдніх (перашкода законнай дзейнасьці Ўзброеных сіл Украіны ў асаблівы пэрыяд і незаконнае перапраўленьне асобаў празь мяжу) яму паведамілі аб падазрэньні ў дзяржаўнай здрадзе паводле ч. 2 артыкула 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Цяпер яму пагражае ад 15 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Матэрыялы справы перадалі на разгляд у суд.
Што папярэднічала
У лістападзе стала вядома, што ва Ўкраіне затрымалі грамадзяніна, ўраджэнца Жытомірскай вобласьці, які арганізоўваў перапраўленьне за мяжу ўхілістаў ад мабілізацыі.
Перад сваім затрыманьнем украінец даў інтэрвію беларускай прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай, у якім пахваліўся сваёй дзейнасьцю, расказаў пра свае погляды на мабілізацыю і разьвіцьцё Ўкраіны.
У якіх крымінальных справах фігуравала імя прапагандысткі
Гэта другі вядомы выпадак крымінальнай справы, у якой фігуруе Ксенія Лебедзева.
Сёлета ў верасьні ў Літве за шпіянаж на карысьць беларускіх спэцслужбаў на 9 гадоў турмы асудзілі грамадзяніна Літвы, юрыста Мантаса Данелюса. Ён з 2022 году зьбіраў інфармацыю для беларускіх спэцслужбаў, у асноўным пра актывістаў, якія жывуць у Літве, і перадаваў сабраныя зьвесткі прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай.
У справе ёсьць зьвесткі, што Данелюс, выконваючы заданьне Лебедзевай, у жніўні 2022 году ў Вільні сустракаўся з былым ваяром палку Каліноўскага Віктарам Савічам і пераканаў таго, што інфармацыя пра полк цікавіць амбасаду ЗША. Запісаўшы размову з Савічам, Данелюс пераслаў яе Лебедзевай праз Telegram.
Віленскі акруговы суд так і ня змог апытаць Савіча, бо летась у кастрычніку 34-гадовы Савіч загінуў у ДТЗ у Грыгораве (Грыгішках), яго зьбіла машына.
У судзе Данелюс заявіў пра Ксенію Лебедзеву: «У справе няма ясных зьвестак, што яна кадравы афіцэр КДБ».
Мантаса Данелюса затрымалі ў Літве 28 верасьня 2022 году пры спробе ўцячы ў Беларусь. Згаданага вышэй украінца таксама затрымалі пры спробе ўцячы ў Беларусь.
У жніўні 2023 году Эўразьвяз увёў супраць Ксеніі Лебедзевай санкцыі. Разам зь ёю пад абмежаваньні трапілі яшчэ два прапагандысты — Вадзім Гігін і Яўген Пуставы.