Сацыёлягі расказалі, колькі мігрантаў-беларусаў гатовыя вярнуцца на радзіму і пры якой умове

Беларускі нацыянальны сьцяг у Вільні, Літва. Ілюстрацыйнае фота

Прыкладна 35% беларусаў, якія пасьля падзеяў 2020 году апынуліся за мяжой, заяўляюць, што плянуюць вярнуцца дамоў.

Гэтак вынікае з апытаньня, якое правёў дасьледчы цэнтар BEROC пры падтрымцы Фонду Фрыдрыха Эбэрта. Дасьледаваньне прысьвечанае тэме адаптацыі мігрантаў зь Беларусі і Ўкраіны на працоўным рынку Эўразьвязу. Прэзэнтацыя дасьледаваньня адбылася 3 сьнежня на інтэрнэт-пляцоўцы «Прэс-клюб Беларусь».

Аўтары дасьледаваньня «Адаптацыйныя стратэгіі мігрантаў зь Беларусі» — акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі і старшы навуковы супрацоўнік цэнтру Радзіён Марозаў, сьпікер прэзэнтацыі — Віялета Панасевіч.

Паводле дасьледчыкаў, каля 500 тысяч беларусаў эмігравалі зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу, што складае значную частку насельніцтва Беларусі, дзе ў 2024 годзе пражывала 9 мільёнаў 155 тысяч чалавек. З Украіны зь яе насельніцтвам у 44 мільёны чалавек пасьля лютага 2022 году зьехалі ў Эўразьвяз 4 мільёны чалавек. Дасьледаваньне сацыёлягаў грунтуецца на апытаньні 172 беларусаў і 392 грамадзян Украіны, якія пражываюць у Польшчы і Літве.

«Мэта дасьледаваньня — паглядзець, як гэтыя людзі адаптуюцца, якая частка чалавечага капіталу патэнцыйна губляецца і якія ёсьць мэханізмы, каб гэты чалавечы капітал не згубіць», — адзначае сацыёляг Леў Львоўскі.

Паводле навукоўца, зьвесткі важныя як для краінаў-донараў, адкуль ідзе міграцыя, гэтак і для краінаў, куды вернуцца мігранты.

«Важна, зь якім чалавечым капіталам вярнуцца дамоў. А для краіны, дзе мігранты застануцца, важна ведаць патэнцыял дыяспараў», — мяркуе дасьледчык.

Дасьледаваньне дэманструе розьніцу ў настроях беларускіх мігрантаў, якія жывуць у Польшчы і ў Літве. Гэтак, амаль палова (46%) тых, хто гатовы вяртацца ў Беларусь, пражывае ў Літве, а з Польшчы дамоў зьбіраюцца толькі 31%. Сярод украінцаў вярнуцца дамоў плянуюць 38%, але пакуль ня вызначыліся з выбарам 42% апытаных.

Шмат будзе залежаць ад умоваў вяртаньня, мяркуюць дасьледчыкі і паказваюць розьніцу на лічбах. Сярод беларусаў на першым месцы для вяртаньня аказалася такая ўмова, як «зьмена ўлады ў маёй краіне». Гэта будзе найбольш важным для 82% апытаных беларусаў. На другім месцы (70%) аказалася «спыненьне палітычных рэпрэсій». Што да ўкраінцаў, дык для іх самае галоўнае — «завяршэньне баявых дзеяньняў». Пры выкананьні такой умовы вернецца ва Ўкраіну 67% апытаных. Беларусы для сябе такую ўмову ўвогуле ня вызначылі.

Яшчэ адна асаблівасьць у параўнаньні беларусаў і ўкраінцаў — стаўленьне да падзей у Расеі. Для беларусаў гэта трэці па важнасьці індыкатар: на зьмену ўлады ў Расеі і зьмену яе зьнешняй палітыкі будуць арыентавацца 40% беларусаў, якія думаюць вярнуцца дамоў, і толькі 13% украінцаў. Для іх другім па важнасьці паказьнікам (37%) будзе паляпшэньне эканамічнай сытуацыі ў сваёй краіне.

Сярод важных індыкатараў для прыняцьця рашэньня аб вяртаньні на радзіму таксама аказалася пытаньне аб уступленьні краіны ў NATO альбо Эўразьвяз. Паказальна, што амаль чвэрць (24%) беларусаў лічаць такую ўмову для сябе таксама важнай. Гэтак думаюць нават на 1% больш апытаных беларусаў, чым украінцаў.

Дасьледаваньне BEROC таксама тычыцца пытаньняў узроўню даходаў беларускіх і ўкраінскіх мігрантаў, іх працаўладкаваньня, запатрабаванасьці прафэсіі, мэтадаў пошуку працы і відаў дапамогі ў гэтым важным пытаньні.

«Эміграцыя апошніх гадоў зь Беларусі і Ўкраіны стварыла фэномэн вялікіх хваляў мігрантаў з высокім чалавечым капіталам», — адзначае Леў Львоўскі.

Паводле сацыёляга, дасьледаваньне паказала, што захаваць свой капітал у эміграцыі беларусам, як і ўкраінцам, складана. Веданьне сытуацыі зь міграцыяй дапаможа ўявіць працэсы, якія адбудуцца па вяртаньні людзей дамоў, лічыць дасьледчык.

Паводле Льва Львоўскага, прэзэнтаваны даклад — першы з цыклю з трох дасьледаваньняў. Іншыя два будуць прадстаўленыя цягам будучага году.

Вынікі дасьледаваньня «Адапацыйныя стратэгіі мігрантаў зь Беларусі» можна паглядзець тут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод беларускіх мігрантаў найцяжэй у Польшчы — жанчынам і тым, хто прыехаў у 2020–2021 гадах, — дасьледаваньне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кілямэтры дакумэнтаў». З чым сутыкаюцца за мяжой беларускія палітуцекачы, якія маюць інваліднасьць