Сейм Літвы на падставе справаздачы генэральнай пракуроркі краіны Ніды Грунскене аднагалосна прагаласаваў за пазбаўленьне дэпутацкай недатыкальнасьці лідэра партыі «Нёманская зара» Рэмігіюса Жамайтайціса ў сувязі з заведзенай крымінальнай справай пра ягоныя антысэміцкія выказваньні.
Як адзначаецца ў паведамленьні на сайце літоўскага парлямэнту, адпаведную пастанову Сейму падтрымаў 101 дэпутат.
Рэмігіюс Жамайтайціс не захацеў, каб у парлямэнце стварылі сьледчую камісію, і пагадзіўся, каб яго пазбавілі недатыкальнасьці, але назваў заведзеную справу «абсалютна палітычнай».
Цяпер справа аб выказваньнях лідэра партыі «Нёманская зара» знаходзіцца ў Віленскім акруговым судзе, але для яе разгляду была патрэбная згода Сейму Літвы на прыцягненьне яго да крымінальнай адказнасьці. Справу завялі паводле артыкула 170 Крымінальнага кодэксу Літвы («Распальваньне варожасьці паводле прыкметы нацыянальнасьці, полу, паходжаньня, рэлігіі»). Гэта караецца штрафам, абмежаваньнем волі, арыштам або пазбаўленьнем волі да 3 гадоў.
Якія выказваньні прыцягнулі ўвагу сьледчых
10 лістапада Рэмігіюс Жамайтайціс абвінаваціў папярэднюю кіроўную партыю кансэрватараў «Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты» ў арганізацыі акцый пратэсту ў дзень прысягі новых дэпутатаў і параўнаў іх з арганізацыяй ХАМАС (якую Эўразьвяз прызнаў тэрарыстычнаю).
«За 32 гады мы недалёка адышлі. У 1992 годзе пасьля выбараў пратэст спрабаваў правесьці „Саюдзіс“, тагачасны Ландсбергіс, якога ненавідзелі, з сваёй кампаніяй, а цяпер — кансэрватары, Рух лібэралаў і рэшткі Партыі свабоды», — напісаў ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, але потым адрэдагаваў свой допіс.
Лідэр «Нёманскай зары» назваў партыю кансэрватараў «літоўскім ХАМАСам».
«Ці можам мы быць спакойныя, ці не арганізуе Шыманіце (былая кіраўніца ўраду Літвы. — РС) з сваімі левымі і нейкія выпады супраць габрэяў? Досьвед яны маюць!!!» — напісаў ён.
Рэмігіюс Жамайтайціс заклікаў грамадзян у дзень прысягі новых дэпутатаў, на які прызначаная акцыя пратэсту супраць удзелу «Нёманскай зары» ў кааліцыі, прыехаць да дому Вітаўтаса Ландсбергіса (лідэр руху «Саюдзіс», створанага ў 1988 годзе, першы кіраўнік адноўленай незалежнай Літвы. — РС) і запаліць там сьвечкі «супраць ягонай дзейнасьці, накіраванай супраць Літвы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сейм Літвы забараніў удзел пастаўшчыкоў зь Беларусі ў стратэгічных дзяржаўных закупкахШто палітык казаў пра Беларусь
Рэмігіюс Жамайтайціс — прыхільнік «палітыкі шантажу» ў дачыненьнях Літвы з Эўрапейскім Зьвязам.
У прыватнасьці, абмяркоўваючы мігранцкі крызіс, створаны на мяжы з боку Беларусі, ён назваў няправільнай рэакцыяй дзяржавы, калі мігрантаў вярталі назад на беларускую тэрыторыю. Паводле яго, Літва стала буфэрам Эўразьвязу і нічога не атрымала ад эўрапейскай структуры для вырашэньня гэтай праблемы.
«Ёсьць адзін варыянт, які Літва ня выкарыстала. Калі Беларусь пускала мігрантаў празь літоўскую мяжу, што трэба было зрабіць? Трэба было даць ім тэлефоны, даць каардынаты Бундэстагу і адправіць іх наўпрост у Нямеччыну», — казаў палітык у інтэрвію літоўскаму выданьню LRT сёлета ў верасьні.
На заўвагу журналіста, што Літва ў такім выпадку ператварылася б у «прахадны двор», Рэмігіюс Жамайтайціс адказаў:
«Няважна. Таму што Нямеччына не разумее, што мы буфэр. У 2015 годзе я наведаў OLAF (Эўрапейскае бюро па барацьбе з махлярствам. — РС) у Брусэлі. У нас былі праблемы з кантрабандай. Я сяжу на нарадзе, кажу: глядзіце, каля 40% кантрабандных цыгарэт ідзе праз Эстонію, Латвію, Літву. Вы даяце нам нуль грошай на бясьпеку і пры гэтым душыце. Ці не хацелі б вы зрабіць свой унёсак у рэнтгенаўскую сыстэму? У сыстэму кантролю?».
Калі журналіст удакладніў, што Эўразьвяз дапамагаў ствараць сыстэму бясьпекі і кантролю на мяжы зь Беларусьсю, то Рэмігіюс Жамайтайціс заявіў, што «Эўрапейскі Зьвяз зрабіў свой унёсак, але ягоная зьнешняя палітыка з гэтым агрэсарам працягваецца». «А мы ў дурнях», — дадаў ён.
«Калі мы хочам атрымаць палітычныя выгады і каб краіна рухалася наперад, калі мы хочам думаць пра тое, што будзе праз 10–15 гадоў, мы павінны паглядзець, хто нашы стратэгічныя партнэры. Нашымі стратэгічнымі партнэрамі могуць быць Казахстан, Таджыкістан, Кіргізстан, калі глядзець на Ўсход. [...] Чым Казахстан і іншыя краіны цікавыя нам? Тым, што ня маюць выхаду да мора. Што гэта азначае? Ім патрэбная дапамога. Кажаш: глядзіце, у нас ёсьць чыгунка, у нас ёсьць вузкая каляя, і ўжо ёсьць шырокая каляя, што ідзе ў Польшчу. Яны могуць вазіць грузы ў Латвію ці Эстонію. Але гэта будзе далей. Так што адзіны шанец — празь Беларусь, праз нашу чыгунку і праз наш порт», — патлумачыў Рэмігіюс Жамайтайціс сваю пазыцыю.
Паводле яго, такім эканамічным шляхам можна было «вырваць» Беларусь з уплыву Расеі.
«Беларускі народ ужо быў практычна з намі, яшчэ ў 2011–2012 гадах мы былі ў міжведамасных дэлегацыях, і яны самі казалі: „У рэшце рэшт мы зусім пазбавімся ад гэтай Расеі“. І мы заціснулі іх у кут. Цяпер нам трэба іх прыручыць. Гэта складаная работа. Некаторыя людзі кажуць, што ніколі ў жыцьці ня змогуць гэтага зрабіць. Але ж былі і тыя, хто казаў, што Літва ніколі ня будзе ў Эўразьвязе і ў NATO. Але гэта ня так», — дадаў Рэмігіюс Жамайтайціс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Быў віцэ-мэрам Вільні, меў умоўны вырак, да 2020 году выступаў за дыялёг з уладамі Беларусі. Што вядома пра новага прэм’ера Літвы