28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі Іраклій Кабахідзэ заявіў, што грузінскі бок прыпыняе перамовы аб уступленьні краіны ў Эўразьвяз да 2028 году. Гэта выклікала масавыя пратэсты, якія працягваюцца ўжо чацьвёра сутак не толькі ў Тбілісі, але і ў іншых гарадах Грузіі. Паводле афіцыйных ацэнак, падчас пратэстаў было затрымана каля 200 чалавек, сярод якіх грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі. Ён правёў за кратамі прыкладна двое сутак, пасьля вызваленьня расказаў Свабодзе сваю гісторыю.
«Мяне схапілі і панесьлі»
Яўген Муравіцкі паходзіць з Салігорску. Яму 25 гадоў. Пачынаў вучыцца ў БДУ, але адлічыўся і не атрымаў вышэйшай адукацыі. Працаваў праграмістам. Жыў у Расеі, потым у Грузіі, у Тбілісі. Апошні год не працаваў, бо ня мог знайсьці адпаведнай працы.
Паводле Яўгена, яго затрымалі ў 6:50 ранку 30 лістапада. Ён тады знаходзіўся каля грузінскага парлямэнту на праспэкце Руставэлі ў Тбілісі.
Суразмоўца кажа, што ў нейкі момант у бок пратэстоўцаў пабег спэцназ. Ён хацеў уцячы, але ўбачыў, што вуліцу з другога боку перакрываюць сілавікі, таму застаўся на месцы. Спрабаваў стаць у счэпку з паплечнікам. Больш ніхто ня ведаў гэтага спосабу, таму счэпкі ня выйшла. Сілавікі сталі паліваць іх сьлезацечным газам. Некаторых білі нагамі.
Яўген адзначыў, што ён ня моцна пацярпеў, у адрозьненьне ад іншых. Паводле яго, ніхто не супраціўляўся сілавікам, не абражалі. Аднак пазьней Муравіцкага абвінавацілі ў «абразе паліцыянта».
«Мяне схапілі і панесьлі. Некалькі разоў пасьпелі выцяць. Калі ўвесь твар заліты спрэем, ня вельмі зразумела. Думаю, два або тры чалавекі мяне несьлі», — успамінае Яўген.
Ён дадаў, што калі на яго распылілі сьлезацечны спрэй, то ён быў дэзарыентаваны нейкі час. Моцна пякло вочы, твар. Цяжка было гаварыць. Маскі ці рэсьпіратара ў яго не было. Хлопец думае, што крыху выратавалі звычайныя акуляры для зроку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы падчас разгону пратэстаў у Тбілісі беларус у СІЗА чакае суду«Я ім сказаў, што я „рускі“»
Пакуль Яўгена несьлі, ён зрабіў выгляд, што страціў прытомнасьць, каб яго менш білі. Калі аднесьлі далей ад месца пратэстаў, зь ягоных словаў, яго яшчэ некалькі разоў далі нагой і палілі вадой. Ад вады апёкі сталі яшчэ больш пячы, таму ён «ачуняў».
«Калі запыталіся і я неяк здолеў разявіць рот і нешта сказаць, я ім сказаў, што я „рускі“. Гэта было прасьцей сказаць, бо калі кажаш, што „я беларус“, людзі адразу не разумеюць, што гэта такое», — кажа Яўген.
Грузінскія сілавікі распыталі, што ён рабіў на пратэстах. Пасьля беларуса адвялі ў аўтазак. Паводле яго, у аўтазак пасадзілі столькі чалавек, колькі было месцаў, ня больш. Дазвалялі затрыманым курыць. Нікога там ужо ня білі. У некаторых забралі тэлефоны. Яўген згубіў тэлефон падчас затрыманьня.
Потым Муравіцкага завезьлі ў паліцыю Тбілісі. Рукі падчас перавозкі сьцягнулі сьцяжкамі. Калі ў яго спала куртка, іншыя затрыманыя папрасілі сілавікоў паправіць яе хлопцу, бо было холадна, і тыя дапамаглі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тбілісі чарговая ноч пратэстаў завяршылася жорсткім разгонам і новымі арыштамі, дзясяткі з траўмамі ў лякарняхПераймаліся праз тэмпэратуру 37 градусаў
Адтуль Муравіцкага даставілі ў КПЗ горада Сыгнагі, які больш як за 100 кілямэтраў ад Тбілісі. Везьлі яго ўжо ў кайданках. Туды для беларуса прывезьлі перакладчыка і адваката. У ізалятары ніхто з супрацоўнікаў не гаварыў ні па-расейску, ні па-ангельску. Некалькі разоў яго аглядалі да сподняга мэдыкі, каб зафіксаваць пашкоджаньні. Адна з мэдыкаў гаварыла па-расейску і дапамагала паразумецца з паліцыянтамі.
Са словаў Яўгена, у камэрах у ізалятары месьціліся па двое чалавек. Выводзілі ў прыбіральню па першай просьбе. Дазвалялі курыць. Стан рамонту, паводле суразмоўцы, быў добры. У камэры быў стол.
Яўгену памералі тэмпэратуру. Бескантактны тэрмомэтар паказаў 37 градусаў. Ён бачыў, што супрацоўнікі захваляваліся. Тэмпэратуру перамералі, новы вынік быў 36,8 градуса.
Праблема была ў тым, што Яўгену трэба рэгулярна прымаць пэўныя лекі. Аднак ён ня здолеў іх атрымаць падчас знаходжаньня ў ізалятары. Складанасьці выйшлі ў тым ліку празь няведаньне ім грузінскай мовы.
«Грузіны — людзі не чужыя»
Яўгена Муравіцкага вызвалілі з ізалятара каля 7 раніцы 2 сьнежня. Ніякіх папераў яму на рукі не выдалі. Завезьці ў Тбілісі яго не змаглі. Грошай на дарогу ў беларуса не было. Яго з Сыгнагі забраў сябар.
На 3 сьнежня Яўгена выклікалі ў міграцыйную службу Тбілісі. Ён пакуль ня ведае, пра што будзе размова.
«Відаць, што шанцы на добры вынік тут ёсьць. Некаторыя краіны ўжо страцілі. У тых падзеях я ня ўдзельнічаў зусім. Няхай бы нашым братам... Ня ўсе назавуць грузінаў сваімі братамі, але ў нашым выпадку амаль усе мае сябры, усе, з кім я тут камунікаваў, — грузіны. То бок людзі не чужыя. Я бачу, як яны пераймаюцца за сваю краіну. Гэта банальная дапамога свайму блізкаму. Проста агульная ідэя. Я лічу, праўда за намі», — кажа Яўген.