Актор Чарнецкі стаў новым міністрам культуры Беларусі. Што пра яго вядома

Руслан Чарнецкі, архіўнае фота

2 сьнежня Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага міністра культуры.

Новым міністрам культуры Беларусі стаў актор тэатру і кіно Руслан Чарнецкі. Ён таксама зьяўляецца сябрам Пастаяннай камісіі адукацыі, культуры і навукі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Да Чарнецкага Міністэрства культуры ачольваў 53-гадовы Анатоль Маркевіч. На ягоны пэрыяд прыпалі шматлікія забароны на канцэрты вядомых беларускіх выканаўцаў, западозраных у «неляяльнасьці» ўладам.

Пасьля пратэстаў 2020 году Чарнецкі стаў адным з вядомых прыхільнікаў Лукашэнкі на фоне таго, што дзясяткі актораў пакінулі прафэсію, а многія і Беларусь — празь нязгоду з палітычным рэжымам, які з дапамогай гвалту застаўся кіраваць дзяржавай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Гутарка з францускім дэпутатам, чыю старонку ў Беларусі прызналі экстрэмісцкай

Што вядома пра новага міністра культуры

Чарнецкі нарадзўся ў 1981 годзе ў Менску, па першай адукацыі ён сьлесар, пасьля скончыў тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спэцыяльнасьці «Акторскае майстэрства драматычнага тэатра і кіно».

Працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага, здымаецца ў кіно, вядзе праграму «Наше утро» на тэлеканале АНТ. Уваходзіць у праўладную партыю «Белая Русь».

Тых, хто пакінуў краіну пасьля падзей 2020 году, Чарнецкі называў «здраднікамі». У інтэрвію кіраўніку АНТ Марату Маркаву нэгатыўна выказваўся аб пратэстах 2020 году. У размове зь іншым прапагандыстам, Рыгорам Азаронкам, Чарнецкі называў Лукашэнку «бацькам» і запэўніваў, што той шчыра любіць увесь беларускі народ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трох вядучых актораў звольнілі з РТБД пасьля затрыманьня на суткі