Оўруцкім шчэбневым заводам, які належаў Беларусі, цяпер кіруе кіеўская кампанія. Што пра яе вядома

Оўруч Жытомірскай вобласьці ў красавіку 2022 году, калі Расея абстрэльвала горад з тэрыторыі Беларусі

Прадпрыемства аднавіла працу і ўжо пералічыла ў дзяржаўны бюджэт першы гарантыйны плацеж, сьцьвярджаюць украінскія ўлады.

Кіраваньне Оўруцкім шчэбневым заводам цяпер ажыцьцяўляе прыватная кіеўская кампанія ТАА «Тамерлан-1» з статутным капіталам 1300 грыўняў (крыху больш за 30 даляраў у эквіваленце. — РС).

Як паведамілі Свабодзе ў Агенцтве па выяўленьні, вышуку і кіраваньні карупцыйнымі актывамі (вядомае ва Ўкраіне як АРМА), кампанію для кіраваньня арыштаванымі беларускімі актывамі выбіралі на адкрытым конкурсе.

Завод аднавіў дзейнасьць у кастрычніку і пры новым кіраваньні ўжо пагасіў значную частку даўгоў за электраэнэргію, захаваў працоўны калектыў і пачаў аднаўляць асноўную вытворчую лінію па здабычы чырвонага граніту — будаўнічага матэрыялу, які выкарыстоўваецца ў прамысловым, гідратэхнічным і цывільным будаўніцтве.

Апроч таго, як паведамілі ў АРМА, прадпрыемства ўжо пералічыла ў дзяржаўны бюджэт першы гарантыйны плацеж.

Што вядома пра кіеўскую кампанію

ТАА «Тамерлан-1» зарэгістраваная 11 лістапада 2014 году. Асноўны від дзейнасьці — здабыча пяску, гравію, гліны. Апроч таго, кампанія займаецца электрамантажнымі і будаўніча-мантажнымі работамі. У 2024 годзе кампанію набыў грамадзянін Украіны Дзяніс Навумец. Ён валодае яшчэ адной кампаніяй аналягічнага профілю — ТАА «МАНСАП АЛТИН». Перад гэтым Дзяніс Навумец меў сваю фірму, якая гандлявала аўтадэталямі, і быў заснавальнікам яшчэ адной ТАА — «НМ Українська інвестиційна компанія», якая працуе на рынку будаўніцтва.

У жніўні 2022 году ён таксама стварыў дабрачынны фонд «Фемілі Сіті ЮА», які аказвае сацыяльную дапамогу без забесьпячэньня пражываньня.

У 2023 годзе даход кампаніі «Тамерлан-1» склаў 583,3 тысячы грыўняў (прыблізна 14,5 тысячы даляраў у эквіваленце. — РС). Летась актывы ТАА «Тамерлан-1» ацэньваліся ў 1,1 мільёна грыўняў (прыблізна 28 тысяч даляраў у эквіваленце), а абавязаньні — у 1,4 мільёна грыўняў (прыблізна 34,5 тысячы даляраў).

Што папярэднічала

Оўруцкі шчэбневы завод (знаходзіцца ў вёсцы Бандары Корасьценскага раёну Жытомірскай вобласьці) да вайны належаў Гомельскаму гарадзкому дарожнаму будаўніча-рамонтнаму трэсту. Яго актывы арыштавалі пасьля расейскага ваеннага ўварваньня.

Нядаўна прадпрыемства аштрафавалі за невыкананьне заканадаўства аб прыёме на працу грамадзян з інваліднасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне аштрафавалі беларускі завод за парушэньне закону аб прыёме на працу грамадзян з інваліднасьцю


Завод не працаваў з 2022 году. Але і да таго часу прадпрыемства не было сярод пасьпяховых.

У красавіку 2022 году Оўруцкая гарадзкая рада зьвярнулася ў Кабінэт міністраў Украіны з прапановай нацыяналізаваць Оўруцкі шчэбневы завод, але ў чэрвені 2022-га суд заблякаваў рахункі прадпрыемства, арыштаваў ягоныя актывы і перадаў іх у кіраваньне Агенцтву па выяўленьні, вышуку і кіраваньні карупцыйнымі актывамі (вядомае ва Ўкраіне як АРМА). Сьледзтва ацаніла кошт арыштаваных актываў у 30 мільёнаў грыўняў (прыблізна 750 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС). Толькі ў кастрычніку 2024 году агенцтва знайшло кампанію, якая будзе кіраваць гэтым прадпрыемствам.

Сам завод месьціцца ў сяле Бандары, якое ўваходзіць у склад Оўруцкай тэрытарыяльнай грамады.

Завод у 1958 годзе будавалі якраз беларусы, таму і перадача яго ў 1995 годзе ва ўласнасьць Беларусі пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ня выклікала асаблівага супраціву.

У савецкія часы завод экспартаваў прадукцыю ў Эўропу, а гэта дазволіла прадпрыемству стварыць у сельскай мясцовасьці моцную сацыяльную інфраструктуру — пабудаваць для працоўных адмысловае жылое мястэчка з двухпавярховымі будынкамі, з водаправодам і каналізацыяй. І традыцыйна — лякарню, дом культуры, дзіцячы садок і лазьню.

На балянсе заводу дагэтуль застаюцца яшчэ і воданапорная вежа і сеткі, каналізацыйныя сеткі, станцыя ачысткі вады ад жалеза і дарогі.

Але з гадамі прадпрыемства звузіла дзейнасьць і стала пастаўляць прадукцыю толькі ў Беларусь і Расею. І фактычна адмовілася ад утрыманьня сваіх жа сацыяльных і інфраструктурных аб’ектаў.

Оўруцкая гарадзкая рада ня раз патрабавала ад заводу правесьці рамонт, але той пагаджаўся прафінансаваць працы толькі на парытэтных умовах разам з уласьнікамі кватэр. У 2018 годзе нават зацьвердзілі плян рамонту, але так яго і не ажыцьцявілі.

У 2021 годзе дэпутаты гарадзкой рады ня вытрымалі і зьвярнуліся да амбасадара Беларусі ва Ўкраіне Ігара Сокала. Яму паведамілі пра аварыйны стан жылога фонду заводу.

«Каналізацыйныя сеткі і дахі дамоў — у аварыйным стане, бо не абслугоўваюцца. Няма асьвятленьня ў пад’ездах, у нездавальняючым стане электрасеткі. На фасадах дамоў зьявіліся расколіны. Дымаходы разбураныя. Лічым, што такое адкладаньне праблемы можа прывесьці да незваротных наступстваў, зьвязаных зь бясьпекай жыхарства людзей, сярод якіх ёсьць і работнікі заводу», — напісалі дэпутаты ў звароце да беларускага амбасадара.

Але беларускі бок не адрэагаваў на гэты зварот, хоць згодна з украінскім заканадаўствам прадпрыемства абавязанае своечасова рамантаваць усе аб’екты на сваім балянсе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ арыштавала маёмасьць беларускага заводу

Дыпляматычны корпус Беларусі выехаў з тэрыторыі Ўкраіны ў сакавіку 2022 году — амаль празь месяц пасьля пачатку расейскага ўварваньня, якое адбылося на ўкраінскую тэрыторыю ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.