Як у Беларусі фальшуюць выбары. 15 спосабаў падману

Выбары ў Беларусі. 2020

Беларускія выбары — гэта цікавы палітычны фэномэн. У Беларусі няма выбараў у звыклым для ўсяго астатняга сьвету разуменьні гэтага слова. Гэты працэс нават нельга назваць фальсыфікацыямі ў звычайным сэнсе. Тут ствараецца проста нейкі паралельны сьвет падману і хлусьні.

Сьцісла:

  • Для атрыманьня патрэбнага ўладам выніку створана цэлая сыстэма мэханізмаў і працэдур, адладжаная машына фальшаваньняў.
  • Склад выбарчых камісій старанна падбіраецца, фільтруецца, туды ўключаюць толькі ляяльных рэжыму асобаў.
  • Практыка датэрміновага галасаваньня шмат гадоў выкарыстоўваецца для атрыманьня патрэбнага выніку.
  • Няма незалежнага назіраньня. Падлік галасоў праводзіцца непразрыста.
  • Сам Лукашэнка некалькі разоў пацьвердзіў, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году карэктаваліся мясцовымі ўладамі.

Замест рэальнага выбарчага працэсу ў Беларусі праводзіцца палітычная кампанія, у межах якой улада забясьпечвае патрэбны сабе вынік. Для рашэньня гэткай задачы створана цэлая сыстэма мэханізмаў і працэдур. Гэта такая выбарчая машына, усе элемэнты якой за 30 гадоў адшліфаваныя; яна пастаянна дапрацоўваецца, удасканальваецца і працуе, як гадзіньнік. Выношу за дужкі апісаньне недэмакратычных умоваў у краіне, сярод якіх ліквідацыя апазыцыйных партый і структур грамадзянскай супольнасьці, вялікія турэмныя тэрміны для непажаданых кандыдатаў (Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка) ды інш. Можна налічыць больш за дзясятак колаў абароны, мэханізмаў, якія прадугледжваюць страхоўку і перастрахоўку, гарантыю ад нечаканасьцяў, выпадковасьцяў народнага волевыяўленьня. Вось найбольш яўныя прыёмы фальшаваньня і падману.

1. Склад выбарчых камісій старанна падбіраецца, фільтруецца, туды ўключаюць толькі ляяльных рэжыму асобаў.

Выбарчыя камісіі фармуюцца, як правіла, з прадстаўнікоў аднаго працоўнага калектыва. Прычым старшыня камісіі — начальнік у гэтым працоўным калектыве. Тым самым забяспечваецца залежнасьць сяброў камісіі ад старшыні. Для маскаваньня гэтага факту сябры камісіі абвяшчаюцца сябрамі якіх-небудзь праўладных палітычных партый ці грамадзкіх арганізацый.

Апошнім часам сьпісы сяброў камісій засакрэчаныя.

2. Не прадугледжана дзяржаўнае фінансаваньне агітацыйнай кампаніі. Кандыдаты ў прэзыдэнты і дэпутаты мусяць ствараць свае выбарчыя фонды, у якія грамадзяне Беларусі могуць уносіць грошы. Прычым ананімныя ахвяраваньні забараняюцца. Але любы чалавек, які ўнёс у выбарчы фонд умоўнага апазыцыйнага кандыдата больш-менш вялікую суму, адразу выкліча асаблівую цікавасьць у падатковых і іншых кантрольных органаў. Яго бізнэс спустошаць, чалавек зазнае рэпрэсіі. Таму ахвочых рызыкаваць і фінансаваць кампанію не пажаданага ўладам кандыдата няшмат.

3. У зборы подпісаў на карысьць праўладных кандыдатаў задзейнічаны дзяржаўны апарат. Подпісы зьбіраюць на прадпрыемствах, ва ўстановах пад кантролем адміністрацыі. Хоць паводле закону зборам подпісаў павінны займацца толькі ўдзельнікі ініцыятыўных груп кандыдатаў.

4. Агітацыйная кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Сустрэчы з працоўнымі калектывамі магчымыя толькі са згоды адміністрацыі прадпрыемства ці ўстановы.

У цяперашняй выбарчай кампаніі агітацыяй у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі займаецца ўся дзяржаўная машына. Прычым задоўга да дня галасаваньня, а ня толькі цягам месяца, прадугледжанага заканадаўствам уласна для агітацыі.

5. Няма даступных для назіральнікаў ці проста шараговых грамадзян агульнага сьпісу выбарнікаў па ўсёй краіне і па кожнай акрузе і ўчастку. Гэта дае магчымасьць маніпуляваць і яўкай, і вынікамі выбараў.

6. Зьліквідавалі выбарчыя ўчасткі за мяжой. Раней яны былі, а цяпер няма. Гэта зроблена для таго, каб дыяспара, сярод якой моцныя антыўладныя настроі, не змагла ўплываць на вынікі выбараў.

7. Сыстэма датэрміновага галасаваньня. У ім удзельнічаюць да 40% выбарнікаў. Выканаўчая ўлада вызначае пляны, якая колькасьць людзей павінна прагаласаваць датэрмінова. І гэтыя пляны размяркоўваюць паміж рэгіёнамі і прадпрыемствамі Людзей прымушаюць датэрмінова галасаваць.

У ноч перад выбарамі гэтыя бюлетэні вымаюцца, замест іх укідваюцца патрэбныя бюлетэні, у падтрымку кандыдата ўлады. Гэта такі запас, фора, якая павінна стварыць перавагу і выкарыстоўваецца для гарантаванай перамогі патрэбнага кандыдата.

8. Галасаваньне па месцы жыхарства. У дзень выбараў сябры выбарчых камісій бяруць вынасныя скрыні і ходзяць па дамах і кватэрах выбарнікаў, якія не прагаласавалі. Ніякага кантролю за гэтымі скрынямі няма. Там зьдзяйсняюцца фальсыфікацыі.

9. На некаторых мінулых выбарах улады актыўна выкарыстоўвалі мэханізм «каруселі», калі спэцыяльныя групы людзей ходзяць па розных выбарчых участках і галасуюць. Яны маюць спэцыяльны штамп у пашпарце. Гэта робіцца для таго, каб падвысіць яўку. Бо людзі перасталі хадзіць на выбары, а нізкую яўку схаваць цяжка.

10. Пасьля 2020 году на выбарчыя ўчасткі не дапускаюць незалежных назіральнікаў, як унутраных, так і міжнародных. І адначасова ўлады мабілізуюць праўладных назіральнікаў, якія павінны пацьвердзіць «ад імя грамадзкасьці» справядлівасьць выбараў.

11. Сацыялягічныя апытаньні напярэдадні выбараў і экзыт-полы ў дзень выбараў праўладных сацыялагічных структур павінны легітымізаваць, пацьвердзіць аб’ектыўнасьць тых вынікаў, якія загадзя вызначаныя ўладамі.

12. Падлік галасоў праводзіцца непразрыста. Назіральнікі пазбаўлены магчымасьці сачыць за ім. Яны вымушаны знаходзіцца на такой дыстанцыі, зь якой немагчыма нічога ўбачыць.

Сябры выбарчых камісій лічаць бюлетэні моўчкі, запісваюць вынік на паперку, перадаюць старшыні камісіі, той ці тая ідзе ў іншы пакой, там лічыць і потым выходзіць да публікі з канчатковымі вынікамі. Праверыць іх сапраўднасьць немагчыма.

13. Нават калі вынікі падліку на ўчастку не выклікаюць сумневаў, то яны могуць карэктавацца на ўзроўні тэрытарыяльных камісій. Дакладней, лічбы ўзгадняюцца з райвыканкамам і аблвыканкамам, а тэрытарыяльныя камісіі іх агучваюць. Сам Лукашэнка некалькі разоў пацьвердзіў, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году карэктаваліся мясцовымі ўладамі.

14. Апошняя інстанцыя, якая падсумоўвае вынікі ў адпаведнасьці з палітычнай дырэктывай, — гэта Цэнтравыбаркам. Якія ЦВК атрымлівае лічбы зь месцаў, ніхто ня ведае, усё непразрыста.

15. Немагчыма абскардзіць вынікі выбараў, рашэньні выбарчых камісій у судзе. Бо няма незалежнага суду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала беларусаў унікаць пратэстаў на выбарах дзеля бясьпекі

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.