Кіраўнік выведкі Нямеччыны: Расея рыхтуецца да вайны з Захадам

Кіраўнік нямецкай выведкі Бруна Каль

Расея працягвае рыхтавацца да рэальнай ваеннай канфрантацыі з краінамі Захаду, але перад гэтым можа паспрабаваць дамагчыся разьяднанасьці паміж чальцамі NATO, лічыць прэзыдэнт нямецкай Фэдэральнай выведнай службы (BND) Бруна Каль, якога цытуе DW.

Паводле кіраўніка нямецкай выведкі, поўнамаштабнаму нападу Расеі будуць папярэднічаць лякальныя апэрацыі, закліканыя праверыць статут NATO на трываласьць. Пра гэта Бруна Каль заявіў, выступаючы 27 лістапада на мерапрыемстве, арганізаваным Нямецкім таварыствам зьнешняй палітыкі.

Гаворка ідзе пра тое, што Масква паспрабуе падарваць абавязаньні аказваць непасрэдную ваенную дапамогу чальцам NATO, замацаваныя ў 5-м артыкуле статуту абарончага альянсу. Высокапастаўленыя расейскія чыноўнікі абдумваюць, як стварыць у адной з краінаў NATO «надзвычайную сытуацыю», пры якой іншыя чальцы альянсу ня сталі б «рэагаваць адпаведным чынам», растлумачыў Каль.

У якасьці прыкладу кіраўнік нямецкай выведкі назваў магчымы «кароткачасовы напад» на нарвэскі архіпэляг Шпіцбэрген з мэтай «тэрытарыяльнай расчысткі». У Расеі на Шпіцбэргене ёсьць адмысловыя правы, але ў той жа час апошнімі гадамі палітыка Даніі ў дачыненьні да іншаземцаў на архіпэлягу стала больш жорсткай.

Іншая магчымасьць лякальнага ўмяшаньня Расеі, на думку Бруна Каля, — канфлікт з краінамі Балтыі пад выглядам абароны мясцовых расейскамоўных меншасьцяў. Калі артыкул 5-ы статуту NATO ня будзе задзейнічаны пры падобных канфліктах, NATO як абарончы альянс чакае правал — гэтую мэту і перасьледуе Расея, лічыць кіраўнік BND. «Калі абавязаньне аказваць дапамогу будзе неэфэктыўным, Расея можа пашырыць свой уплыў у Эўропе з дапамогай агрэсіўнай сілавой палітыкі», — папярэдзіў ён.

Кіраўнік нямецкай выведнай службы паўтарыў, што Расея ўжо да канца бягучага дзесяцігодзьдзя будзе мець дастатковыя рэсурсы для прамой ваеннай канфрантацыі з краінамі Захаду. Упершыню ён выказаў такую думку, выступаючы ў кастрычніку ў Бундэстагу на пасяджэньні, прысьвечаным кантролю за дзейнасьцю нямецкіх спэцслужбаў.

Крэмль уплывае ў Нямеччыне на палітычныя сілы правага і левага флянгаў, якія «наіўна паўтараюць тое, што паходзіць з Масквы», зазначыў Каль. Ён паскардзіўся, што гэта ня толькі ўплывае на выбары рознага ўзроўню ў Нямеччыне, на якіх у 2024 годзе дамагаліся посьпеху правыя і левыя папулісты, але і паглыбляе раскол у палітычным ляндшафце Нямеччыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцслужбы Нямеччыны папярэджваюць пра ваенную пагрозу з боку Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што значыць перамога ўльтраправых на выбарах ва ўсходніх землях Нямеччыны