Крушэньне самалёта DHL, хутчэй за ўсё, адбылося праз тэхнічную праблему, а ня ў выніку дывэрсіі, — Мінабароны Літвы

На месцы крушэньня самалёта DHL у Вільні

Літва не знайшла ніякіх прыкметаў таго, што крушэньне грузавога самалёта DHL было выкліканае дывэрсіяй, і лічыць найбольш верагоднай прычынай крушэньня тэхнічныя непаладкі, заявіў міністар абароны Літвы 27 лістапада.

Самалёт разьбіўся пры заходзе на пасадку ў аэрапорце Вільні 25 лістапада, адзін чалавек на борце загінуў. Міністар замежных спраў Нямеччыны пасьля здарэньня заявіў, што інцыдэнт мог быць няшчасным выпадкам або гібрыднай атакай у «нестабільныя часы».

«З улікам усяго таго, што ў нас ёсьць цяпер і што мы ведаем, няма падставаў меркаваць, што гэта магла быць дывэрсія», — цытуе агенцтва Reuters міністра абароны Літвы Лаўрынаса Кашчунаса.

Паводле яго, візуальны аналіз паказаў, што пры прызямленьні на самалёт не было зьнешняга ўзьдзеяньня, а чальцы экіпажу, якія выжылі, заявілі, што перад крушэньнем унутры самалёта не было ніякага хаосу або хваляваньня, як і не было дыму ці іншых падазроных пахаў, сказаў міністар.

Начальнік Нацыянальнага цэнтру крызіснага кіраваньня Літвы Вілмантас Віткаўскас заявіў, што сьледчыя пакуль схіляюцца да тэхнічнай прычыны інцыдэнту.

«Калі мы атрымаем дадатковыя зьвесткі, мы, магчыма, зьменім напрамак расьсьледаваньня, але на гэты момант у нас іх няма», — сказаў ён журналістам.

Самалёт не выкарыстоўваў для пасадкі GPS, і любыя перашкоды такім сыгналам наўрад ці маглі паўплываць на яго крушэньне, заявілі літоўскія чыноўнікі.

Тым часам галоўнакамандуючы нямецкага Бундэсвэру Карстэн Броер 27 лістапада выказаў гіпотэзу, што крушэньне самалёта DHL у Літве на днях магло быць «праверкай» з боку Расеі, каб «ідэнтыфікаваць патэнцыйныя слабыя месцы». Броер падкрэсьліў, што здарэньне з самалётам DHL «адпавядае схеме таго, што адбылося ўлетку з пакетам DHL» — гаворка пра здарэньне ў цэнтры лягістыкі DHL у Ляйпцыгу, дзе зарэгістравалі ўзгараньне пакета, які прыбыў зь Літвы і ўтрымліваў выбухоўку. Падчас расьсьледаваньня ў Літве затрымалі падазраваных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцслужбы Нямеччыны папярэджваюць пра ваенную пагрозу з боку Расеі
  • Раніцай 25 лістапада самалёт DHL, які вылецеў з аэрапорта Ляйпцыгу, пацярпеў крушэньне непадалёк ад аэрапорту Вільні. Адзін з чатырох чальцоў экіпажу загінуў, трое іншых, у тым ліку адзін грамадзянін Нямеччыны, у бальніцы. Жыхары раёну, у якім упаў самалёт, не пацярпелі.
  • Прычыну крушэньня самалёта высьвятляюць. Сьледчыя спадзяюцца, што змогуць атрымаць важную інфармацыю пасьля аналізу чорнай скрыні і прылады аўдыёзапісу, якія ўдалося знайсьці ў абломках самалёта. Як паведаміла выданьне Der Spiegel са спасылкай на прадстаўніка Міністэрства юстыцыі Літвы, апрацоўка зьвестак можа доўжыцца каля месяца. На месцы працуюць таксама спэцыялісты зь Нямеччыны, Гішпаніі і ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні грузавы самалёт разьбіўся каля жылога дому, адзін чалавек загінуў