Як беларускія ўлады спрабавалі скапіяваць выбарчы досьвед Ціханоўскага і што з гэтага атрымалася

Сяргей Ціханоўскі выступае перад людзьмі ля Камароўскага рынку ў Менску, травень 2020

У 2020 годзе важным чыньнікам пратэстаў былі незалежныя блогеры. Многія зь іх трапілі за краты яшчэ да выбараў. Расказваем, што стала з тымі, хто паспрабаваў пасьля пратэстаў падтрымліваць дзеяньні ўлады ў інтэрнэце.

У 2020 годзе беларускія незалежныя блогеры былі папулярнымі: сотні тысяч, часам мільёны праглядаў, народнае прызнаньне і падтрымка. Напрыклад, стрымы Сяргея Ціханоўскага ўвесну 2020 году адначасова глядзелі да 70 тысяч чалавек, якія падтрымлівалі блогера грашыма.

Некаторыя ягоныя ролікі зьбіралі больш за 1,7 мільёна праглядаў. Адным з вынікаў такой папулярнасьці стала затрыманьне ў траўні 2020 году, а пазьней прысуд — 18 гадоў калёніі. За кратамі Ціханоўскага трымаюць на турэмным рэжыме. Ніхто, нават блізкія, ня ведае, што зь ім.

У траўні і чэрвені 2020 году затрымалі і іншых блогераў — Уладзіміра Цыгановіча (МоzgOn), Зьмітра Казлова («Шэры Кот»), берасьцейцаў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна («Народны рэпартэр»). Два апошнія цалкам адбылі пакараньне і змаглі выехаць зь Беларусі за мяжу. Уладзімера Цыгановіча асудзілі на 16 гадоў калёніі, а пасьля яшчэ тройчы судзілі за «непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі» і дадавалі новыя тэрміны, пакуль не вядомыя праваабаронцам. Зьміцер Казлоў павінен быў выйсьці на волю ў канцы 2024 году, аднак яго зноў будуць судзіць за нібыта «непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі».

Сустрэча Ціханоўскага з гледачамі ў Слуцку, травень 2020

«Саюз блогераў Беларусі»

Неўзабаве пасьля задушэньня пратэстаў восені 2020 году на дзяржаўных тэлеканалах пачалі зьяўляцца блогеры, якія падтрымлівалі ўладу. Гэта былі Аляксей Голікаў, Цімур Прахін, Яўген Катляроў, Сьвятлана Вараніца. Дзяржаўныя выданьні післаі пра іх як пра людзей з грамадзянскай пазыцыяй. Аўтарка «СБ. Беларусь сегодня» Людміла Гладкая называла блогера Аляксея Голікава «вядомым на Берасьцейшчыне чалавекам». Таксама яна прапагандавала «Саюз блогераў Беларусі», куды ўвайшлі тыя, хто хваліў уладу. Праўладныя блогеры езьдзілі па рэгіёнах, выступалі перад людзьмі, праводзілі для моладзі «майстар-клясы ў блогерстве». Аляксея Голікава ўзялі на некаторы час папрацаваць на тэлеканал СТВ, дзе ён хваліў мэтады Адольфа Гітлера. У 2022 годзе Голікаў выступаў на сваім канале з крытыкай чыноўнікаў нізкага ўзроўню. Аднак яшчэ ў 2023-м актыўнасьць суполкі «Саюз блогераў Беларусі» спынілася, на сёньня не аднаўляецца. Праўладных блогераў больш ня клічуць выступаць на тэлевізію і радыё. На канале Аляксея Голікава зьнік увесь ягоны папярэдні кантэнт.

«Яго затрымлівалі і папярэдзілі, каб больш не выступаў, прымусілі выдаліць увесь кантэнт на канале, вось і ўвесь сакрэт. Цяпер ён сядзіць і маўчыць», — расказаў Свабодзе адзін з блогераў, які быў добра знаёмы з Голікавым. Для іншага гомельскага праўладнага інтэрнэт-актывіста, Яўгена Катлярова, актыўнасьць у інтэрнэце скончылася менш пасьпяхова.

Яўген Катляроў, скрыншот з трансьляцыі

Праўладны палітвязень

У 2020 годзе жыхар Гомеля Яўген Катляроў, вядомы пад нікам «Какой-то», «праславіўся» тым, што прысылаў у незалежныя СМІ фэйкі і правакацыйныя відэа, чым пазьней хваліўся на сваім канале ў YouTube. Ён жа быў сьведкам на сьледзтве і судзе ў праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Даў на яго паказаньні, якія пазьней леглі ў абвінавачаньне праваабаронцу, які тры гады правёў у калёніі.

Аднак у 2024 годзе Катляроў сам трапіў пад перасьлед. За крытыку чыноўнікаў Гомельскага аблвыканкаму яму ў лістападзе 2024 году прысудзілі паўтара года калёніі. Абвінавацілі Катлярова паводле артыкулаў «абраза прадстаўніка ўлады» і «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». Праваабаронцы прызналі Катлярова палітвязьнем.

Крытыкаваць дзеяньні ўладаў пачаў яшчэ адзін блогер, які зьявіўся ў 2021-м і спачатку ўсебакова падтрымліваў дзейнасьць беларускіх чыноўнікаў. У 2021 годзе Цімур Прахін фігураваў у перадачах беларускай дзяржаўнай тэлевізіі. У 2024 годзе Прахін падчас выступу ў эфіры расейскага прапагандыста Ўладзіміра Салаўёва раскрытыкаваў «Славянскі базар» і Міністэрства культуры Беларусі, за што атрымаў порцыю крытыкі і абразаў ад беларускага прапагандыста Рыгора Азаронка. Цяпер актыўнай дзейнасьці ў інтэрнэце ён больш не вядзе, сьпявае на разагрэве ў Аляксандра Саладухі. На выступе апошняга ў Дзятлава яго прадставілі як маладога аўтара і выканаўцу.

Трапляюць былыя праўладныя блогеры і на «суткі» за так званы «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Такі выпадак адбыўся з Аляксандрам Петрачковым з Акцябрскага. Яго рэклямавала раённае выданьне «Зара над Сожам», Петрачкоў асьвятляў дзяржаўныя мерапрыемствы, «Дажынкі», у хвалебным тоне выказваўся пра ўладу. Аднак, як стала вядома праваабаронцам, увосень 2024 году Петрачкова ўжо двойчы судзілі ў Карме паводле «экстрэмісцкага» артыкулу 19.11, абвінаваціўшы ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Суд у справе групы незалежных блогераў у Гомлі, чэрвень 2021. У клетцы — Дзьмітры Папоў (за міліцыянтам), Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч

Нэўтральны кантэнт

Ня ўсе беларускія блогеры ангажаваліся ў асьвятленьне дзейнасьці ўладаў ці іх крытыку. Некаторыя зь іх працягваюць здымаць забаўляльны ці нэўтральны кантэнт, маюць мільёны падпісчыкаў. Аднак апалітычнасьць не гарантуе адсутнасьці крытыкі з боку прапагандыстаў і праблем.

Напрыклад, папулярны блогер «Koko_by» здымае ў асноўным агляды на ўстановы харчаваньня ў Беларусі. Аднак пасьля крытыкі ад праўладнага актывіста Мікіты Рычалоўскага «Какабай» выдаліў свой Twitter-акаўнт і дадаў афіцыйны чырвона-зялёны сцяжок да свайго ніка ў профілі ў Instagram.

Трапляла пад затрыманьне і вядомая блогерка Ганна Бонд, яе арыштоўвалі летась на 15 дзён. Пасьля пачатку актыўнай выбарчай кампаніі ў 2024 годзе некаторыя з апалітычных раней блогераў пачалі ўдзельнічаць у выбарчых мерапрыемствах Лукашэнкі. Найперш гэта папулярныя сярод падлеткаў і моладзі блогеры Дзім Дзімыч, Улька Пулька і Анджаліша. Яны здымаліся ў прапагандысцкім кліпе «Надо!» і ўдзельнічаюць у «Маратоне адзінства», кіраўніца працоўнай групы якога — нявестка Лукашэнкі Ганна. «Маратон» накіраваны ў асноўным на праслаўленьне Лукашэнкі, у фінале мерапрыемства выконваецца песьня «Батька у нас крутой!».

Дзім Дзімыч нават заявіў, што ўступіў у партыю «Белая Русь». Там пазьней зьняпраўдзілі гэтую інфармацыю.

Ганна Бонд, архіўнае фот

«Цацкі зь ялінкі»

Старшы аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі зьвяртае ўвагу на тое, што аўтарытарны рэжым Лукашэнкі варожа ставіцца да ініцыятывы зьнізу, таму для стварэньня эфэкту штучнай падтрымкі трэба платныя боты, адміністрацыйны рэсурс, імітацыйная падтрымка. Такая, як арганізаваны зьверху «флэшмоб» «Надо!». Або разгалінаваная, прадуманая сыстэма ідэалягічнай працы. Быкоўскі лічыць, што такую сыстэму беларускія ўлады спрабавалі стварыць на савецкі ўзор, але ў іх не атрымалася. У выніку можна бачыць паказальную ляяльнасьць да Лукашэнкі і ня вельмі эфэктыўную палітінфармацыю на сходах працоўных калектываў.

У 2020 годзе, лічыць Быкоўскі, улады ўсьвядомілі важнасьць блогераў. Паводле аналітыка, гэта стала прычынай іх арыштаў тады, калі яшчэ не былі арыштаваныя нават дэмакратычныя актывісты ці апазыцыянэры. У 2021-2023, кажа Быкоўскі, улады спрабавалі стварыць «кішэнных» блогераў. Але, на думку суразмоўцы, блогеры мусяць мець свой твар, пазыцыю, за нешта змагацца, зь нечым спрачацца, выпускаць пару і зьбіраць аднадумцаў. Усё гэта немагчыма рабіць паводле бюракратычных інструкцыяў.

«Блогер, адпаведна, хутчэй за ўсё разыдзецца ў нейкім пытаньні з генэральнай лініяй Лукашэнкі, тым больш што яна сама ў яго зьмяняецца», — зазначыў Быкоўскі.

Спыненьне дзейнасьці праўладных блогераў Паўлюк Быкоўскі называе лягічным вынікам экспэрымэнту. На думку аналітыка, адбыўся прадказальны працэс. Штучныя блогеры, на яго думку, «гэта як цацкі з ялінкі: нібы сапраўдныя, але шчасьця не даюць».

Быкоўскі таксама кажа, што ў 2024 годзе назірае спробу ўладаў перацягнуць да сябе забаўляльных блогераў.

«У іх ужо ёсьць свая, нават мільённая аўдыторыя. Але яны рызыкуюць яе страціць, калі пачнуць займацца адкрытай прапагандай рэжыму. Іх не за гэта любілі, слухалі ці глядзелі», — лічыць аналітык.

Паўлюк Быкоўскі, старшы аналітык Media IQ

Быкоўскі дадае, што хоць аўдыторыя ў такіх блогераў і вялікая, але асноўная яе маса — гэта падлеткі, якія не цікавяцца выбарамі і ня ходзяць на іх. Прычым вялікая частка аўдыторыі ўвогуле з Расеі.

«Улька Пулька не прывядзе на выбары жыхароў Самары галасаваць за Лукашэнку. Яе падпісчыкі не цікавяцца палітыкай. Гэта іншы, забаўляльны кантэнт. Улад Бумага раскладае бульбу фры, як ён кажа, „для стварэньня інтэлектуальнага кантэнту“. Калі б ён сказаў, што апране чырвона-зялёны гальштук і пойдзе на мерапрыемства з Лукашэнкам, то відавочна, што выйграе бульба фры», — патлумачыў Быкоўскі.

Аналітык зазначае, што цяперашняя аўдыторыя забаўляльных блогераў — гэта ня выбарнікі ўзору 1994 году. Моладзь цяпер можа не разумець каштоўнасьцяў бацькоў у выглядзе «чаркі і скваркі», у іх іншыя чаканьні і погляд на сьвет.

«Людзі не дурныя і заўважаць, калі ім нешта захочуць падсунуць. Калі ўмоўны блогер будзе расказваць ім аб прасторах космасу і тут раптам уставіць, што „Лукашэнка — наш найлепшы выбар“, яны ўбачаць, што гэта штучна падмяшалі», — зазначыў аналітык.

Быкоўскі лічыць, што нават перакананаму, ляяльнаму Лукашэнку блогеру ў гэтай сыстэме было б складана нешта зрабіць. Аналітык нагадаў пра вядомы ролік «Выбары-дурыбары», які здымалі ў падтрымку выбарчай кампаніі сябры БРСМ.

«Хацелі адзін эфэкт, а атрымаўся іншы. Хоць ім здавалася, што казалі правільныя рэчы, а атрымаўся сьмешны мэм», — дадаў аналітык.

«Рашэньні для галачкі»

Блогер і былы палітвязень Аляксандр Кабанаў, вяртаючыся ў 2020 год, зазначае, што незалежныя блогеры зьявіліся тады ня проста так. На думку Кабанава, яны больш былі грамадзкімі дзеячамі, актывістамі, да якіх ішлі людзі са сваімі праблемамі. І ўлады мусілі рэагаваць, прымаць нейкія захады, некаторыя праблемы вырашаліся — і ад гэтага расла папулярнасьць. «Кішэнныя» блогеры ўзору 2021–2023 гадоў былі, на думку Кабанава, створаныя штучна і створаныя для ўлады, а не для людзей, таму і ня мелі папулярнасьці.

«Бо гэты праект нецікавы людзям, ён не агучвае і не вырашае іхных праблем. Такія блогеры хваляць уладу, але людзі ж бачаць на свае вочы, якія дасягненьні мае тая ўлада. Навошта людзям глядзець тое самае, што і так паказваюць па тэлевізары», — тлумачыць блогер.

Аляксандар Кабанаў

Гаворачы пра выпадак зь Яўгенам Катляровым, ён зазначыў, што ў калёніі вельмі шмат людзей, якія верна служылі ўладзе. Але за кратамі яны пра гэта маўчаць і абураюцца несправядлівасьці.

«Голікаў ці Катляроў — яны не зьвяртаюць увагі на факты, аб’ектыўныя рэчы, жывуць у сваім вакуўме ці фантазіях», — выказаўся Кабанаў.

Гаворачы пра выкарыстаньне прапагандай папулярных у падлеткаў і моладзі Дзім Дзімыча і Улькі Пулькі, блогер зазначае, што ў людзей, якія прымаюць такія рашэньні, ці моцна кульгае аналітыка, ці такія рашэньні прымаюцца «для галачкі».

«Выніку гэта ня дасьць, у іх ня тая аўдыторыя. І па ўзросьце, і па месцы жыхарства гэта часта не Беларусь. Ну хай яшчэ зьвернуцца да дзяцей, якія робяць распакоўваньні цацак. Іх таксама глядзяць часам мільёны іншых дзяцей, ад 3 да 7 гадоў. Хай зьвернуцца — для галачкі», — параіў Кабанаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выбарчы фонд Лукашэнкі сабрана больш за 400 тысячаў рублёў, у выбарчы фонд Гайдукевіча — 200 рублёў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЦВК расказалі, што павінны рабіць міжнародныя назіральнікі за выбарамі ў Беларусі