«ПіК Свабоды». «Будзем аддзяляцца ад расейскай рэдакцыі». Новая кіраўніца расказала, што далей будзе зь «Белсатам»

Кіраўніца «Белсату», у мінулім прадстаўніца Аб’яднага пераходнага кабінэту ў справе нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык

Што зьменіцца на тэлеканале «Белсат» з прыходам на кіраўнічую пасаду былой прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Аліны Коўшык?

Як паўплывае на вяшчаньне зьмена статусу «Белсату» — з асобнага каналу ў рэдакцыю замежнага вяшчаньня Польскага грамадзкага тэлебачаньня TVP? Ці меў офіс дачыненьне да зьмены кіраўніцтва «Белсату»? На гэтая ды іншыя пытаньні адказвае новая кіраўніца «Белсату», у мінулым прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў справе нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

— Тэлеканал «Белсат» перастае існаваць як незалежная адзінка і ператвараецца ў рэдакцыю замежнага вяшчаньня Польскага грамадзкага тэлебачаньня TVP. Выканаўца абавязкаў дырэктара каналу Аляксей Дзікавіцкі пакінуў пасаду датэрмінова. У інтэрвію майму калегу Дзьмітрыю Гурневічу Аляксей сказаў, што лічыць не да канца сумленным тое, як адбывалася ягонае звальненьне, што ён ня быў інфармаваны пра зьмены, што Святлана Ціханоўская празь відэасувязь прадстаўляла рэдакцыі новую кіраўніцу.

— Ня думаю, што ўнутраныя справы фірмы трэба выносіць на публіку. Я ведаю, што нічога несумленнага не было зроблена. Мне падаецца, што гэта не найлепшае месца для таго, каб выліваць асабістыя крыўды, важна рабіць усё, каб не нашкодзіць тэлеканалу, а наадварот, каб «Белсат» працягваў сваю працу. «Белсат» зараз у вельмі цяжкай сытуацыі, якая вынікае з рэструктурызацыі, зь недахопу ў бюджэце, таму важна рабіць усё, каб узмацняць тэлеканал. Ня думаю, што такія закіды дзейнічаюць на карысьць нашай агульнай справе. Варта пытаньні задаваць кіраўніцтву TVP, якое непасрэдна звальняла Аляксея.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». «Я не ўяўляю, што гэтага ня ведаў Кабінэт». Дзікавіцкі пра тое, чаму пакідае «Белсат»

Я зрабіла ўсё, што магла, каб яго падтрымліваць. Для нас зараз абсалютны прыярытэт — захаваньне каманды «Белсата», захаваньне прадукцыі, якая ствараецца. «Белсат» — вялізарная махіна. Я думаю, што самі ўлады TVP да канца не разумелі, наколькі вялізарную сілу мае «Белсат», наколькі шмат людзей тут працуе, наколькі вялікая гэта структура, але гэтую структуру таксама трэба рэарганізаваць. Зараз мы будзем аддзяляцца ад расейскай рэдакцыі «Вот так». Я думаю, што насьпеў час для гэтага. У нас будуць асобныя, цяпер ужо не тэлеканал, а рэдакцыі, мы будзем ісьці ў межах аднаго спадарожніка. Але гэта дазволіць беларускай рэдакцыі, я спадзяюся, узмацніцца. Я думаю, што зьмешваць мэтавыя аўдыторыі зараз ня вельмі варта. І таму мы будзем канцэнтравацца перадусім, каб нашыя гледачы, слухачы, чытачы атрымлівалі праўдзівую інфармацыю зь Беларусі і пра Беларусь праз розныя каналы, якімі валодае «Белсат». А гэта ня толькі спадарожнік, дзе будзе мікст-вяшчаньне, але перадусім Youtube, перадусім 18 каналаў у сацыяльных сетках, 13 каналаў на ютубе, гэта таксама кабэльнае тэлебачаньне і наземнае лічбавае тэлебачаньне. «Белсат» сапраўды можа дайсьці шмат куды праз такія розныя каналы дыстрыбуцыі.

— Ці меў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай дачыненьне да зьмены кіраўніцтва «Белсату»?

— Офіс ня меў ніякага дачыненьня. Гэта адвакацыйныя працэсы, які ідуць шмат у якіх беларускіх справах. Зараз мы назіраем дзеяньні Сьвятланы Ціханоўскай, каб дапамагчы спадару Верамейчыку, альбо безьліч розных справаў, дзе дэмакратычныя сілы ангажуюцца, каб дапамагчы па меры сваіх магчымасьцяў. «Белсат» быў справай, якая аб’ядноўвала ўсіх. Мы спрабавалі размаўляць з палякамі на розных узроўнях, тлумачачы, чым ёсьць «Белсат», узмацняючы голас Аляксея і каманды. Тое, што гэтую пасаду не прапанавалі Аляксею, — думаю, што ў кіраўніцтва былі на гэта нейкія свае прычыны. Я прыняла прапанову толькі пасьля таго, як ведала, што дакладна на гэтай пазыцыі ня можа застацца Аляксей Дзікавіцкі.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.