71-гадовага пратэстанцкага пастара пакаралі за воднае хрышчэньне без дазволу выканкаму

Маларыцкі раённы суд. Архіўнае фота

Маларыцкі раённы суд 6 лістапада аштрафаваў на 800 рублёў пратэстанцкага пастара Ўладзімера Бурштына за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў, паведаміла «Хрысьціянская візія».

71-гадовага Ўладзімера Бурштына аштрафавалі на 800 рублёў за правядзеньне масавага мерапрыемства (ч. 2 ст. 24.23 КаАП) — абраду хрышчэньня на вадаёме — без узгадненьня з Маларыцкім райвыканкамам.

Суд Маларыцкага раёну палічыў Бурштына вінаватым у тым, што 8 верасьня 2024 году ў мясцовай царкве каля вадаёму Ваеннае возера ён правёў урачыстае богаслужэньне, дзе дзевяць чалавек прынялі хрышчэньне.

Празь месяц ад моманту абраду у дачыненьні да пастара на падставе відэазапісаў з камэр відэаназіраньня склалі пратакол.

Гэта ўжо другі суд над пастарам зь Міжнароднага зьвязу цэркваў эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў Уладзімерам Бурштынам за парушэньне правядзеньня масавага сходу. Летась у чэрвені яго аштрафавалі на 555 рублёў за пропаведзь у Драгічыне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманаму ксяндзу з Пружанаў Паўлу Ярашэвічу прысудзілі штраф, ён на волі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маліцеся за У.». Чыноўнікі Чашніцкага райвыканкаму «здалі» ў міліцыю пастара, ён атрымаў месяц арышту за казань