Оўруцкі шчэбневы завод (знаходзіцца ў вёсцы Бандары Корасьценскага раёну Жытомірскай вобласьці), які да вайны належыў Гомельскаму гарадзкому дарожнаму будаўніча-рамонтнаму трэсту і актывы якога былі арыштаваныя пасьля расейскага ваеннага ўварваньня, аштрафавалі за невыкананьне заканадаўства аб прыёме на працу грамадзян зь інваліднасьцю.
Суд задаволіў пазоў Жытомірскага абласнога аддзяленьня Фонду сацыяльнай абароны асобаў з інваліднасьцю аб спагнаньні з оўруцкага заводу 84 025 грыўняў (прыблізна 2100 даляраў у эквіваленце. — РС) за невыкананьне нарматыву аб працоўных месцах для асобаў з інваліднасьцю ў 2023 годзе.
Паводле ўкраінскага заканадаўства, Оўруцкі шчэбневы завод мусіў прыняць на працу двух грамадзян з інваліднасьцю, паколькі агульная колькасьць штату складае 60 чалавек. Да вайны на заводзе працавалі 180 чалавек.
Завод не працуе з 2022 году, пасьля падтрыманага ўладамі Беларусі расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. Але і да таго часу прадпрыемства не было сярод пасьпяховых.
У красавіку 2022 году Оўруцкая гарадзкая рада зьвярнулася ў Кабінэт міністраў Украіны з прапановай нацыяналізаваць Оўруцкі шчэбневы завод, але ў чэрвені 2022-га суд заблякаваў рахункі прадпрыемства, арыштаваў ягоныя актывы і перадаў іх у кіраваньне Агенцтву па выяўленьні, вышуку і кіраваньні карупцыйнымі актывамі (вядомае ва Ўкраіне як АРМА). Але агенцтва не знайшло кампаніі, якая магла б ажыцьцяўляць кіраваньне гэтым прадпрыемствам, і цяпер яно не працуе.
Як украінскі завод стаў беларускім
Оўруцкі шчэбневы завод разам з двума іншымі аналягічнымі заводамі — Алеўскім у Жытомірскай і Тамашгародзкім у Ровенскай абласьцях — адышлі Беларусі ў сярэдзіне 1990-х як аплата запазычанасьцяў украінскіх суб’ектаў гаспадараньня перад Беларусьсю.
Беларусь і Ўкраіна пасьля развалу Савецкага Саюзу доўга вялі перамовы аб урэгуляваньні даўгоў, якія ўтварыліся яшчэ ў савецкіх рублях пасьля пераходу на нацыянальныя валюты. Тады ж Беларусь адстаяла свае правы і на крымскую маёмасьць — санаторна-курортныя ўстановы, якія пасьля анэксіі Расеяй Крыму былі перарэгістраваныя паводле расейскага заканадаўства.
Зь цягам часу Алеўскі завод вярнуўся ў муніцыпальную ўласнасьць Алеўскай раённай рады, а Тамашгародзкі завод перайшоў ва ўласнасьць кампаніяў, зьвязаных з украінскім бізнэсоўцам і палітыкам Сяргеем Цігіпкам.
Оўруцкі шчэбневы завод спачатку быў аформлены як уласнасьць Гомельскага аблвыканкаму, а потым перарадзены на балянс Гомельскаму гарадзкому дарожнаму будаўніча-рамонтнаму трэсту.
Замест посьпехаў — разруха
Сам завод месьціцца ў сяле Бандары, якое ўваходзіць у склад Оўруцкай тэрытарыяльнай грамады.
Завод у 1958 годзе будавалі менавіта беларусы, таму і ягоная перадача ў 1995 годзе ва ўласнасьць Беларусі пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ня выклікала асаблівага супраціву.
У савецкія часы завод экспартаваў прадукцыю ў Эўропу, а гэта дазволіла прадпрыемству стварыць у сельскай мясцовасьці моцную сацыяльную інфраструктуру — пабудаваць для працоўных адмысловае жылое мястэчка з двухпавярховымі будынкамі, з водаправодам і каналізацыяй. І традыцыйна — лякарню, дом культуры, дзіцячы садок і лазьню.
На балянсе заводу дагэтуль застаюцца яшчэ і воданапорная вежа і сеткі, каналізацыйныя сеткі, станцыя ачысткі вады ад жалеза і дарогі.
Але з гадамі прадпрыемства звузіла дзейнасьць і абмежавалася пастаўкамі прадукцыі толькі ў Беларусь і Расею. І фактычна адмовілася ад утрыманьня сваіх жа сацыяльных і інфраструктурных аб’ектаў.
Завод і раней ігнараваў украінскае заканадаўства
Оўруцкая гарадзкая рада ня раз патрабавала ад заводу правесьці рамонт, але той пагаджаўся прафінансаваць працы толькі на парытэтных умовах разам з уласьнікамі кватэраў. У выніку нават зацьвердзілі плян рамонту ў 2018 годзе, але так яго і не ажыцьцявілі.
У 2021 годзе дэпутаты гарадзкой рады ня вытрымалі і зьвярнуліся да амбасадара Беларусі ва Ўкраіне Ігара Сокала. Яму паведамілі аб аварыйным стане жылога фонду заводу.
«Каналізацыйныя сеткі і дахі дамоў — у аварыйным стане, бо не абслугоўваюцца. Няма асьвятленьня ў пад’ездах, у нездавольным стане электрасеткі. На фасадах дамоў зьявіліся расколіны. Дымаходы разбураныя. Лічым, што такое адкладваньне праблемы можа прывесьці да незваротных наступстваў, зьвязаных з бясьпекай жыхарства людзей, сярод якіх ёсьць і работнікі заводу», — напісалі дэпутаты ў звароце да беларускага амбасадара.
Але беларускі бок не адрэагаваў на гэты зварот, хоць, згодна з украінскім заканадаўствам, прадпрыемства абавязанае своечасова рамантаваць усе аб’екты на сваім балянсе.
Дыпляматычны корпус Беларусі выехаў з тэрыторыі Ўкраіны ў сакавіку 2022 году — амаль празь месяц пасьля пачатку расейскага ўварваньня, якое адбылося на ўкраінскую тэрыторыю ў тым ліку і зь тэрыторыі Беларусі.