Імёны пяці палітвязьняў, якія выйшлі на волю на падставе памілаваньня Аляксандра Лукашэнкі 7 лістапада, назваў у этэры дзяржаўнага тэлеканала «Першы інфармацыйны» прапагандыст Юры Васкрасенскі, паведамляе партал Zerkalo.
Гэта Аляўціна Гудкова, Андрэй Каралёў, Ільля Талстоў, Сяргей Чыж і Сяргей Ільін.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», Гудкову затрымалі вясной 2024 году і пасьля асудзілі на 1 год зьняволеньня за акцыю пратэсту, якая адбылася ўвечары 10 жніўня 2020 году ў Берасьці.
Па гэтым жа артыкуле на пачатку году асудзілі Талстова (прысуд невядомы).
У лютым 2024 году за «паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта» да 3 гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу прыгаварылі Чыжа. Улетку па гэтым жа артыкуле на 2 гады пазбаўленьня волі асудзілі Каралёва.
Сяргея Ільіна ў студзені асудзілі за «абразу прэзыдэнта» на невядомы тэрмін зьняволеньня.
- З 3 ліпеня 2024 году ў Беларусі прайшло шэсьць хваляў памілаваньня палітвязьняў, агулам вызвалена 178 чалавек.
- 20 лістапада Лукашэнка памілаваў 32 грамадзян, «асуджаных за ўчыненьне экстрэмісцкіх злачынстваў» (8 жанчын і 24 мужчыны).
- 7 лістапада Лукашэнка прыняў рашэньне аб памілаваньні 31 чалавека.
- 16 верасьня ён падпісаў указ аб памілаваньні 37 чалавек, асуджаных за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці», 4 верасьня і 16 жніўня такім жа чынам было памілавана па 30 чалавек, падсумоўвае інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
- На пачатку ліпеня праваабаронцы паведамлялі пра выхад 18 палітвязьняў, які адбыўся пасьля заявы Лукашэнкі аб вызваленьні ягоных «вельмі цяжкахворых» апанэнтаў. Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала казаў тады пра 14 вызваленых.
- У жніўні праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў, што Юры Васкрасенскі тэлефануе сваякам палітвязьняў з мэтай «прымусіць пісаць прашэньні аб памілаваньні» на імя Аляксандра Лукашэнкі.
- Раней беларускія дэмакратычныя сілы склалі «гуманітарны сьпіс» палітвязьняў, якія павінны быць неадкладна вызваленыя. Туды ўвайшло 16 чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі, 91 зь цяжкімі захворваньнямі, 65 пэнсіянэраў, 10 чалавек з псыхічнымі разладамі, 23 непаўналетнія, а таксама ня менш за пяць сем’яў, у якіх у месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца абое бацькі.