Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», сьвятара вінавацяць паводле 356-га артыкула Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»), яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.
Генрык Акалатовіч — пробашч рымска-каталіцкай парафіі Сьвятога Юзафа ў Валожыне. Яго затрымалі 16 лістапада 2023 году, на сьвята Маці Божай Міласэрнасьці. Сьвятар нарадзіўся ў 1960 годзе, ён меў сур’ёзныя праблемы са здароўем, перанёс апэрацыю на страўніку ў сувязі з анкалёгіяй, мае пастаянную патрэбу ў леках і адмысловым назіраньні.
У СІЗА КДБ «Амэрыканка», куды зьмясьцілі Генрыка Акалатовіча па затрыманьні, пэўны час, да выстаўленьня абвінавачаньня, для яго не прымалі цёплых рэчаў і прадуктаў.
У жніўні 2024 году праваабаронцы паведамлялі, што ад сьвятара не даходзяць лісты, хоць расьсьледаваньне ягонай справы завяршаецца.
Ад вернікаў парафіі, якой кіраваў Генрык Акалатовіч, стала вядома, што ў лістах ён пісаў пра непрызнаньне віны.
Судзіць Генрыка Акалатовіча будзе судзьдзя Ўладзімер Арэшка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі патлумачылі прычыны перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый