З 3 ліпеня ў Беларусі адбылося шэсьць хваляў памілаваньня палітзьняволеных — агулам на волю выйшлі 178 чалавек.
Афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана паведаміў, што ў Беларусі адначасова з вызваленьнем палітычных зьняволеных працягваюць арышты іншых грамадзян.
«Беларусь: 32 палітычныя вязьні вызваленыя, некаторыя зь іх у крытычным стане здароўя. У той жа час рэжым працягвае арыштоўваць людзей паводле палітычных матываў. Рэпрэсіі павінны спыніцца. Эўразьвяз заклікае вызваліць усіх палітвязьняў», — напісаў Пэтэр Стана на сваёй старонцы на плятформе X.
- У Беларусі пасьля выбараў 2020 году пачаліся і дагэтуль працягваюцца жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзян, якія маюць іншую пазыцыю наконт далейшага разьвіцьця Беларусі і прысутнасьці Лукашэнкі ва ўладзе.
- Паводле праваабаронцаў Беларусі, за кратамі ў Беларусі застаюцца 1273 палітвязьні, прызнаныя праваабарончай супольнасьцю (на 1 ліпеня іх было 1410). Рэальная колькасьць людзей, зьняволеных з палітычных матываў у Беларусі, можа быць значна большай.
- З 3 ліпеня ў Беларусі адбылося шэсьць хваляў памілаваньня палітзьняволеных — агулам на волю выйшлі 178 чалавек. За гэты ж час, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» супольнасьць прызнала палітвязьнямі яшчэ 223 чалавекі.
- 27 верасьня праваабарончая ініцыятыва Dissidentby паведаміла, што КДБ «масава і гвалтоўна» вэрбуе палітвязьняў, якія ў апошнія месяцы выйшлі на свабоду па ўказах аб памілаваньні. Паводле зьвестак праваабаронцаў, супрацоўнікі спэцслужбы «настойваюць на падпісаньні [вызваленымі] шэрагу папераў, згодзе на ўдзел у прапагандысцкіх відэароліках і забараняюць выезд з краіны», а таксама «пад пагрозай новага перасьледу і ціску на сям’ю» патрабуюць ад былых палітвязьняў «супрацоўніцтва ў агентурнай дзейнасьці супраць дэмакратычных сілаў».