На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Беларусь пасьля 26 студзеня» адказвае былы дыплямат, дасьледчык Цэнтру новых ідэй Павал Мацукевіч.
Гутарка на Youtube цалкам:
— Ёсьць шмат падставаў меркаваць, што выбары 2025 году ня будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі, і што іх пераможца ўжо перадвызначаны. Таму ў гэтай праграме мы гаворым пра тое, што будзе пасьля 26 студзеня 2025 году. Як прыход да ўлады ў ЗША Дональда Трампа можа паўплываць на стаўленьне Захаду да Лукашэнкі і дэмакратычных сілаў?
— Пачну з дэмакратычных сілаў. Мне падаецца, што працягнецца падзеньне ўзроўню іх міжнародных кантактаў. І не з тае прычыны, што ў ЗША да ўлады прыйшоў Трамп. У прынцыпе, мы гэта ўжо назіраем цягам апошніх гадоў. У прыватнасьці, зьніжаўся ўзровень кантактаў з кіраўніцтвам Злучаных Штатаў. На апошніх перамовах з дэмсіламі амэрыканскі бок быў прадстаўлены намесьнікам дзяржсакратара. Гэта, увогуле, ня вельмі высокі ўзровень.
Трампа я разглядаю як прагматычнага палітыка. І ў гэтым сэнсе думаю, што ён будзе мець мала матываў для таго, каб весьці дыялёг зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Гэта ня значыць, што яны цалкам пазбавяцца амэрыканскай падтрымкі, але проста зоймуць сваё месца ў вельмі вялікай і доўгай чарзе шукальнікаў гэтай самай амэрыканскай дапамогі.
Што тычыцца ўзроўню кантактаў дэмакратычных сілаў з эўрапейскімі краінамі, то тут можа быць крыху іншая сытуацыя. У ЭЗ ёсьць краіны — Польшча, Літва, іншыя краіны Балтыі, якія лабіруюць, прасоўваюць беларускія дэмакратычныя сілы. Думаю, што працягнецца практыка запрашэньня Сьвятланы Ціханоўскай на канфэрэнцыі, дзе будуць прысутнічаць эўрапейскія лідэры. Але мяркую, што агульны ўзровень кантактаў і на эўрапейскім полі таксама будзе падаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп можа заплаціць Лукашэнку за адыход ад Расеі, — амэрыканскі палітоляг КарабкоўШто тычыцца Лукашэнкі, то ён разглядае прыход да ўлады Трампа як нейкі пункт уваходу для нармалізацыі. Аднак плянка гэтай нармалізацыі, я мяркую, нават самімі беларускімі ўладамі ставіцца ня вельмі высока. Але спробы наладзіць адносіны, я думаю, зь беларускага боку будуць рабіцца. Яны ўжо робяцца.
Сам факт накіраваньня віншавальнага пасланьня ад Лукашэнкі Трампу сьведчыць пра тое, што ёсьць пэўны разьлік на зьмену клімату адносінаў пасьля прыходу да ўлады Трампа. Але я думаю, што спатрэбяцца нейкія вельмі выразныя крокі з боку Лукашэнкі, каб зацікавіць амэрыканскую адміністрацыю і заахвоціць яе зрабіць крокі насустрач яму.
Менавіта пры Трампу ў яго мінулую кадэнцыю адбылася нармалізацыя адносінаў, у Менск прыяжджалі дзяржсакратар і дарадца ў нацыянальнай бясьпецы. Былі прызначаныя амбасадары. Але тады гэта адбывалася таму, што Лукашэнка здолеў прадэманстраваць сваю аўтаномію ад Расеі. І ён рабіў пэўныя рухі, якія гэтую лінію пацьвярджалі.
Цяпер Лукашэнка, я думаю, моцна абмежаваны ў сваім манэўры. Расея не прайграе вайну, каб яму шукаць паратунку на Захадзе і рабіць нейкія экстраардынарныя крокі. Але, тым ня менш, ёсьць пэўнае поле магчымасьцяў для нармалізацыі адносінаў паміж Беларусьсю і ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь пасьля 26 студзеня». «Я выключаю, што Лукашэнка пасьля выбараў пачне транзыт улады»,— гісторык Пашкевіч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь пасьля 26 студзеня». Каму патрэбен Лукашэнка на мірных перамовах па Ўкраіне? Адказ палітоляга Рыгора АстапеніВыбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.