У той жа час, як паведамілі ў прэсавай службе Сёмага апэляцыйнага адміністрацыйнага суду (ягоная кампэтэнцыя распаўсюджваецца на Віньніцкую, Жытомірскую, Хмяльніцкую і Чарнавіцкую вобласьці), ва Ўкраіне могуць выконваць рашэньні судоў Беларусі «на аснове ўзаемнасьці».
«Прызнаньне і выкананьне судовых рашэньняў Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Ўкраіны магчымае на аснове ўзаемнасьці ў адпаведнасьці з артыкуламі 462 і 471 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу Ўкраіны», — адзначаецца ў паведамленьні.
У выпадку неабходнасьці прызнаньня і выкананьня рашэньняў судоў Украіны на тэрыторыі Расеі і Беларусі суд рэкамэндуе таксама «зыходзіць з прынцыпу ўзаемнасьці і зьвяртацца зацікаўленым асобам у адпаведныя суды гэтых дзяржаў».
«Супраца ў цывільных і крымінальных справах з Расейскай Фэдэрацыяй і Беларусьсю можа ажыцьцяўляцца на падставе дзейных у двухбаковых дачыненьнях канвэнцый рады Эўропы, ААН і гааскіх канвэнцый», — адзначаецца ў паведамленьні. Але такая супраца можа ажыцьцяўляцца пры наяўнасьці паштовай сувязі і дыпляматычных дачыненьняў.
Ад пачатку падтрыманага Беларусьсю ваеннага ўварваньня Расеі «Ўкрпошта» спыніла дастаўку паштовых адпраўленьняў у Беларусь і Расею, а таксама зь Беларусі і Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеўскія ўлады выставілі рахунак амбасадзе Беларусі ва Ўкраіне за цяпло. Справу перадалі ў суд
Дыпляматычны корпус Беларусі выехаў з тэрыторыі Ўкраіны ў сакавіку 2022 году — амаль празь месяц пасьля пачатку расейскага ўварваньня, якое адбылося на ўкраінскую тэрыторыю ў тым ліку і зь тэрыторыі Беларусі. Але афіцыйна бакі не разарвалі дыпляматычныя дачыненьні.
Сёлета ў чэрвені стала вядома, што Беларусь вяртае ва Ўкраіну без выкананьня ўсе даручэньні ўкраінскіх судоў, якія накіроўваліся па дыпляматычных каналах у справах паводле пазоваў украінскіх кампаній аб вяртаньні грошай за прадукцыю і паслугі, якія з прычыны расейскага ваеннага ўварваньня 24 лютага 2022 году і пазьнейшых падзей не былі пастаўленыя і аказаныя.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.