Судзяць лідэра «зялёных» Дзьмітрыя Кучука. Яго арыштавалі пасьля ўшанаваньня памяці Навальнага

Дзьмітры Кучук. Архіўнае фота

22 лістапада ў Менскім гарадзкім судзе пачынаецца працэс над старшынём распушчанай уладамі партыі «Зялёныя» Дзьмітрыем Кучуком.

Зьняволенага палітыка абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — ч.1 артыкулу 342 («Удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і ч. 3 арт. 361 («Заклікі да санкцый»), за што яму пагражае 12 гадоў зьняволеньня.

Дзьмітрыя Кучука арыштавалі 16 лютага 2024 году ў Менску каля расейскай амбасады, куды ён прыйшоў, каб ушанаваць памяць заўчасна памерлага ў калёніі расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Перад затрыманьнем Дзьмітры Кучук пасьпеў паведаміць, што каля амбасады шмат амапаўцаў.

Сёлета да суду Дзьмітрыя Кучука таксама ўтрымлівалі ў Жодзіна, цяпер у сьледчай турме № 8.

Пра ўмовы ўтрыманьня Кучука ў гэтай вязьніцы даведацца не ўдалося.

«Дзьмітрый перадаваў, што пачуваецца добра і трымаецца бадзёра, дзякуе ўсім за падтрымку», — паведаміла Свабодзе крыніца, якая кантактуе набліжанымі да палітвязьня, сказаўшы, што яны не даюць пра яго ніякай інфармацыі, асьцерагаючыся, што гэта можа пашкодзіць яму ў зьняволеньні.

Судзіць Дзьмітрыя Кучука судзьдзя Алена Шылько, вядомая ўдзелам у шматлікіх палітычных працэсах яшчэ зь дзясятых гадоў гэтага стагодзьдзя. Яна яшчэ ў 2011 годзе асудзіла на зьняволеньне лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча і ягонага паплечніка, маладафронтаўца Эдуарда Лобава. Праз 11 гадоў па прысудзе, вынесеным Аленай Шылько, адправілі на 5 гадоў за краты вядомага мастака Алеся Пушкіна, які ў ліпені 2023 году памёр у горадзенскай турме. Годам раней Алена Шылько засудзіла журналіста Івана Мураўёва, а праз год — праваабаронцу Насту Лойку.

Хто такі Дзьмітры Кучук

Свой пяцідзесяцігадовы юбілей Дзьмітры Кучук адзначыў ў сакавіку 2024 году за кратамі, празь месяц пасьля затрыманьня.

Ён бізнэсовец зь немалым стажам, яшчэ ў 2003 годзе заснаваў сьмецьцесартавальную станцыю «Заходняя», якой кіраваў больш за 20 гадоў.

На гэтай працы Дзьмітры Кучук вызначыўся як аўтар цікавых ініцыятываў у зборы і перапрацоўцы другаснай сыравіны.

Адначасова зь бізнэсам Дзьмітры Кучук займаўся палітыкай. У 2010 годзе ён браў удзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі як кіраўнік ініцыятыўнай групы актывіста партыі «Зялёныя» Юрыя Глушакова.

У 2016 годзе падчас выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў Кучук публічна пратэставаў супраць пабудовы ў Беларусі атамнай станцыі, нават выступаў у процігазе на тэлевізіі, даказваючы, што гэтак жа будзе выглядаць кожны беларус, калі будаўніцтва АЭС ня будзе спыненае.

У студзені 2020 году Дзьмітрыя Кучука выбралі старшынём партыі «Зялёных», але ўлетку 2023 году гэтую партыю, як і шэраг іншых непраўладных палітычных арганізацый, Вярхоўны суд Беларусі зьліквідаваў.

Між тым і пасьля закрыцьця партыі Дзьмітрый Кучук не пакінуў палітыку цалкам. У сьнежні 2023 году ён зноў паспрабаваў стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, аднак гэтым разам улады нават не зарэгістравалі ягонай ініцыятыўнай групы.

У 2021 годзе Дзьмітрыя Кучука арыштавалі пасьля падачы заяўкі на правядзеньне «Чарнобыльскага шляху», ён адбыў 15 дзён на Акрэсьціна і ў ізалятары ў Жодзіна. Тады пасьля адседкі ён шмат расказваў пра тое, у якіх жорсткіх умовах давялося адбываць пакараньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, за што будуць судзіць кіраўніка зьліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзьмітрыя Кучука
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога старшыню ліквідаванай партыі «Зялёныя», які хацеў удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, нават не зарэгістравалі