Як адзначаецца ў публікацыі тэлеканалу «Настоящее время», гэта ня толькі мільёны гектараў замінаваных земляў, але і зьнішчаныя лясы, забруджаная ворная зямля і велізарная колькасьць шкодных рэчываў у паветры. На аднаўленьне ўкраінскай прыроды пасьля заканчэньня баявых дзеяньняў спатрэбяцца дзесяцігодзьдзі.
Фэрмэр Мікола зь вёскі Сьнегіроўка Мікалаеўскай вобласьці ў размове з журналістамі паведаміў, што на ягоных палях адбываліся баі, была перадавая.
«Там сад быў. Трэба было зайсьці, апрацоўваць зямлю. А там з усіх бакоў, пачынаючы зь берага і дасюль, усё было ў мінах», — расказаў ён.
Яшчэ адзін фэрмер Ігар зь вёскі Доўганькае каля Ізюму ў Харкаўскай вобласьці паведаміў, што пасьля перамяшчэньня лініі фронту зь ягоных зямель вымушаны быў сам займацца разьмінаваньнем.
«Там поле адно, другое, я па ім праходзіў кожны мэтар міньнікам (мінашукальнікам), а адзін участак не праходзіў, таму што там разьбіралі танк, рулю здымалі. Туды заяжджалі і кран, і грузавыя машыны, але чамусьці яны не наехалі на ўзрывальнік. А я наехаў! Мінаў проста да халеры!», — згадаў Ігар.
Ад вёскі Ігара да вёскі Міколы — каля 500 кілямэтраў з поўначы на поўдзень. Але праблема ўсюды адна і тая — украінскія палі ўсеяныя мінамі. Паводле фэрмэраў, толькі на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі выбухованебясьпечныя 2 мільёны гектараў — гэта прыкладна плошча такой краіны, як Славенія. Палі паступова разьміноўваюць, але тэмпы працы сапэраў няхуткія.
«Больш за 400 тысяч гектараў зямель, пачынаючы з канца 2022 году, калі адбылася дэакупацыя часткі Харкаўшчыны, Херсоншчыны, Мікалаеўшчыны. І сёлета, у 2024 годзе, зрабілі каля 250 тысяч гектараў зямлі», — сказаў Дзяніс Марчук, намесьнік кіраўніка Ўсеўкраінскай аграрнай рады.
Але нафаршаваныя мінамі палі — толькі невялікая частка той шкоды, якую вайна наносіць украінскай экасыстэме. У месцах, дзе ішлі баявыя дзеяньні, эколягі фіксуюць забруджаньне грунту, якое часам у 8 разоў перавышае норму. А паказьнікі цяжкіх мэталаў у глебе ў такіх раёнах нярэдка перавышаюць норму ў 25 разоў.
«Вось гэтыя ўсе ў вялікай колькасьці газ, дым, так званыя дробнадыспэрсныя часьцінкі — пыл, парніковыя газы, яны трапляюць у атмасфэру. І гэта ўплывае на расьліны, на тое, як яны працягваюць сваю вэгетацыю, а калі па-простаму — гэта ўплывае на іх здароўе», — паведаміла экспэртка цэнтру «Екодія» Ганна Карагіна.
Эколягі сьцьвярджаюць, што праз вайну пад пагрозай зьнікненьня апынуліся 750 відаў расьлінаў і каля 600 жывёлаў, занесеных у Чырвоную кнігу Ўкраіны. Па сутнасьці, зьнішчана некалькі акупаваных цяпер украінскіх запаведнікаў.
«Асаблівую занепакоенасьць выклікае нацыянальны парк „Джарылгацкі“. Гэта месца, востраў, дзе захоўвалася дзікая прырода ў Херсонскай вобласьці. У 2023 годзе расейцы ўнесьлі яго ў свой расейскі рэестар і дазволілі на тэрыторыі нацыянальнага парку паляваньне і будаўніцтва», — расказала кіраўніца Ўсеўкраінскай экалягічнай лігі Тацяна Цімочка.
Найбольшыя, пэўна, праблемы з экалёгіяй на поўдні Ўкраіны зьвязаныя з прарывам дамбы Кахоўскага вадасховішча. Навукоўцы называюць гэта адной з самых страшных экалягічных катастроф ва ўкраінскай гісторыі. Цяпер яны спрабуюць зразумець, ці можна на затопленых землях жыць далей і весьці там гаспадарку.
«Мы зьбіраем узоры таго, што было пад вадой, і адпраўляем на аналіз у лябараторыю, каб разумець, ці бясьпечныя яны. Чаму мы гэта робім? Таму што людзі выкарыстоўваюць гэтую зямлю. Аграрны сэктар будзе ў далейшым культываваць гэтыя землі», — патлумачыў П’ер Карла Сандэі, спэцыяліст офісу ЮНЭП ва Ўкраіне.
Ва Ўкраіне за гады поўнамаштабнага ўварваньня Расеі зьнішчылі 3,5 мільёна гектараў лесу. А шкоду, нанесеную вайной украінскім рэкам, чыноўнікі ацэньваюць больш як у мільярд даляраў.
«Апошні прыклад — гэта Сейм і Дзясна. Нам вельмі пашанцавала, што забруджаная вада ў больш разьведзеным выглядзе дайшла да водазабораў і не пацярпелі людзі. Але самі рэкі апынуліся пад уплывам. І, паводле падлікаў нашых навукоўцаў, трэба будзе больш за 10 гадоў, каб рэкі вярнуліся ў стан да забруджваньня», — падкрэсьліла міністарка абароны навакольля і прыродных рэсурсаў Украіны Сьвятлана Грынчук.
Пакуль ніхто не называе тэрмінаў, цягам якіх украінская прырода зможа аднавіцца.
«У Францыі ёсьць тэрыторыя, якая дагэтуль закансэрваваная з часоў Другой усясьветнай вайны. Некаторыя грамадзкія арганізацыі ва Ўкраіне лічаць, што, магчыма, тэрыторыі, якія будуць вельмі забруджаныя пасьля ваенных дзеяньняў, трэба закансэрваваць і пакінуць, як Чарнобыль», — ня выключыў эколяг Яўген Засядзька.
Украінскія чыноўнікі ацэньваюць прыблізную шкоду прыродзе ў 60 мільярдаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пад Кіевам дакумэнтуюць экалягічныя злачынствы вайны для трыбуналу над Расеяй і Беларусьсю
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.