Будаўніцтва новых кватэр у Беларусі сёлета істотна зьменшылася ў параўнаньні зь мінулым годам

Ілюстрацыйнае фота

Пра спад больш як на 5 адсоткаў сьведчыць статыстыка за 10 месяцаў 2024 году.

У студзені–кастрычніку 2024 году арганізацыі ўсіх формаў уласнасьці пабудавалі 30,4 тыс. новых кватэр — на 5,6% менш, чым за аналягічны пэрыяд 2023-га (32,2 тыс.), сьведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту, піша «Позірк».

За дзесяць месяцаў уведзена ў эксплюатацыю 2 млн 980,1 тыс. квадратных мэтраў жыльля (2 млн 974,1 тыс.; 0,2%).

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў, зьявілася 992,5 тыс. кв. (1 млн 128,6 тыс.; −12,1%), зь дзяржаўнай падтрымкай пабудавана 631,6 тыс. кв. м (791,7 тыс.; −20,2%).

У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплюатацыю 1 млн 122 тыс. кв. м жыльля (988,6 тыс.; 13,5%).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У больш як 9 тысячах кватэр у Менску адключылі сьвятло за камунальныя запазычанасьці

На нарадзе з урадам 19 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў «справаздачах аналітыкаў» адной зь першых прычын адтоку кадраў зь невялікіх населеных пунктаў называецца «адсутнасьць магчымасьці набыць уласнае жыльлё або хаця б засяліцца ў арганізаванае камфортнае і добраўпарадкаванае арэнднае жыльлё».

Ён тады прызнаў, што «статыстыка ва ўводзе жыльля другі год запар адмоўная».

Паводле зьвестак Белстату, у 2023 годзе арганізацыі ўсіх формаў уласнасьці пабудавалі 47,4 тыс. кватэр — на 4,01% менш, чым годам раней (49, 4 тыс.), і на 9,54% менш, чым у 2021-м (52,4 тыс.). На працягу мінулага году ў эксплюатацыю было ўведзена 4 млн 193,7 тыс. кв. м агульнай плошчы жыльля (-0,79%, 4 млн 226,2 тыс.; −4,41%, 4 млн 387,3 тыс. адпаведна).

Эўразійская эканамічная камісія паведамляла, што ў 2023 годзе Беларусь заняла 4-е месца сярод пяці сяброў ЭАЭС ва ўводзе жыльля ў эксплюатацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кепская вада, не стае лекараў». На што скардзяцца жыхары спадарожнікаў Менску, якія зноў узяўся разьвіваць Лукашэнка