Да тэмы генацыду беларускія ўлады вярнуліся праз «падзеі жніўня 2020 году і наступнага постэлектаральнага пэрыяду, якія адбыліся ў Рэспубліцы Беларусь», вынікае з афіцыйнага сайту Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
Паводле ведамства, у апошнія некалькі гадоў пачалі актыўна распаўсюджвацца «фэйкі» аб Вялікай Айчыннай вайне. Таму ў красавіку 2021 году генпракурор Андрэй Швед завёў крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народу.
10 крымінальных артыкулаў
5 студзеня 2022 году Лукашэнка падпісаў закон «Аб генацыдзе беларускага народу». Пад беларускім народам у дакумэнце маюцца на ўвазе ўсе савецкія грамадзяне, якія жылі на тэрыторыі БССР.
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta падрыхтавала прававы агляд закону «Аб генацыдзе беларускага народу». У ім падкрэсьліваецца, што «Закон «Аб генацыдзе беларускага народа» фактычна замацоўвае манаполію аўтарытарных беларускіх уладаў на тлумачэньне гісторыі і дае дзяржаве дадатковы карны інструмэнт у выглядзе крымінальнага пакараньня за выказваньне меркаваньняў, адрозных ад «адзіна верных» дзяржаўных трактовак гісторыі».
У ліпені 2023 году былі прынятыя папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, згодна зь якімі не дапускаецца адмаўляць у завядзеньні крымінальнай справы і спыняць вядзеньне ў справах, якія тычацца памерлых асобаў, што ўчынілі злачынствы супраць міру і бясьпекі чалавецтва бяз тэрміну даўнасьці.
Цяпер у Беларусі дазволена заводзіць крымінальныя справы супраць мёртвых паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключаючы генацыд. Пры доказах віны памерлага ў такіх справах выносіцца абвінаваўчы прысуд без прызначэньня пакараньня.
Першая ластаўка
У 2023 годзе Генпракуратура накіравала ў суд першую справу за генацыд — у дачыненьні да Ўладзімера Катрука, які памёр у 2015 годзе ў Канадзе.
Паводле матэрыялаў сьледзтва, ураджэнец пасёлку Лужаны Кіцманскага раёну Чарнавіцкай вобласьці Ўкраінскай ССР (да 28.06.1940 — тэрыторыя Букавіны, Румынія) Катрук восеньню 1941 году ўступіў у арганізацыю ўкраінскіх нацыяналістаў «Букавінскі курэнь», у 118-ы батальён ахоўнай паліцыі.
Са студзеня па жнівень 1943 году ён браў актыўны ўдзел у карных апэрацыях, зьдзейсьніў масавыя забойствы партызанаў і мірных грамадзян у вёсках Плешчаніцкага, Бягомельскага, Лагойскага раёнаў, у тым ліку ў Хатыні.
18 сакавіка 2024 году Вярхоўны суд Беларусі вынес Уладзімеру Катруку абвінаваўчы прысуд без прызначэньня пакараньня.
49 тамоў
19 лістапада 2024 году Вярхоўны суд пачынае разглядаць другую такую справу — у дачыненьні яшчэ да аднаго «карніка Хатыні» Канстанціна Смоўскага (намесьніка камандзіра таго ж 118-га батальёна), які памёр у ЗША ў 1960 годзе.
Кіраўнік сьледчай групы Генпракуратуры Валеры Талкачоў заявіў, што гэтая справа «вылучаная ў асобнае спэцыяльнае вядзеньне па факце генацыду беларускага народу». У крымінальнай справе Канстанціна Смоўскага 49 тамоў.
Смоўскі нарадзіўся ў 1889 годзе ў Палтаўскай губэрні (цяперашняй Чарнігаўскай вобласьці. — РС). Быў удзельнікам украінскага нацыянальнага руху, ва Ўзброеных сілах Украінскай Народнай Рэспублікі даслужыўся да званьня палкоўніка. З 1921 году жыў у эміграцыі ў Польшчы, служыў у Польскім войску.
Падчас Другой усясьветнай вайны спачатку ваяваў у польскай арміі, трапіў у нямецкі палон і пагадзіўся перайсьці на бок гітлераўскай Нямеччыны. Пасьля вайны Смоўскі эміграваў у ЗША, дзе памёр у 1960 годзе.
Паводле кіраўніка сьледчай групы Талкачова, падчас расьсьледаваньня «сабраныя неабвержныя доказы, якія пацьвярджаюць віну Смоўскага. Устаноўлена 26 эпізодаў яго злачыннай дзейнасьці. У тым ліку ўдзел у зьнішчэньні жыхароў Хатыні і іншых населеных пунктаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чыстая каньюнктуршчына і імкненьне нацягнуць саву на глёбус». Як дзяржава стварае міт пра генацыд беларускага народу«Пазыцыю боку абароны мы не пачуем»
На думку юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, справядлівага разбору ў судзе забясьпечана ня будзе.
«Пазыцыю боку абароны мы не пачуем, яна будзе прадстаўлена толькі абаронцам — адвакатам. Ці будзе прадстаўлены бок абароны нашчадкамі Смоўскага? Хутчэй за ўсё, не. Бо Смоўскі памёр больш за 60 гадоў таму. На выхадзе мы атрымаем прапагандысцкі, палітычны вынік. Я ня ведаю, для чаго гэта робяць улады», — шчыра прызнаецца юрыст.
Якія будуць наступствы? Павал Сапелка тлумачыць, што прысуд, які набыў законную сілу, у частцы вынікаў абавязковы для наступных судовых разбораў.
«То бок кожны прысуд — гэта маленькі закон, які ўстанаўлівае нейкі факт. І аспрэчыць гэты факт пры наяўнасьці неадмененага прысуду будзе вельмі складана.
Паняцьце генацыду беларускага народу — гэта такі штучна створаны канцэпт, які пакліканы служыць палітычным мэтам рэжыму Лукашэнкі. У прыватнасьці, ён павінен адцягваць увагу ад тых сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека, якія адбываюцца зараз», — перакананы юрыст «Вясны».
Ці ёсьць падобныя законы ў іншых краінах?
Тэрмін «генацыд» быў прапанаваны ў 1944 годзе польскім юрыстам габрэйскага паходжаньня, прафэсарам Рафаэлем Лемкіным, у дачыненьні да масавага зьнішчэньня габрэяў на тэрыторыях, акупаваных нацысцкай Нямеччынай (Галакост), а таксама да масавага зьнішчэньня армян у Асманскай імпэрыі.
У многіх іншых краінах Эўропы, дзе адбыўся Галакост, прынятыя законы, у адпаведнасьці зь якімі ўведзена крымінальная адказнасьць за адмаўленьне Галакосту і агрэсіўныя выказваньні. Гэта Аўстрыя, Бэльгія, Вугоршчына, Ізраіль, Канада, Літва, Люксэмбург, Малдова, Нямеччына, Польшча, Партугалія, Расея, Славаччына, Славенія, Францыя, Швайцарыя, Чэхія.
Але ў прыродзе гэтых законаў ёсьць адрозьненьне ад беларускага закону аб генацыдзе, тлумачыць юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка.
«Факт генацыду габрэяў падчас Другой усясьветнай вайны быў устаноўлены Нюрнбэрскім трыбуналам. Да прыкладу, у Расеі ёсьць адказнасьць за адмаўленьне гэтых вось фактаў — устаноўленых прысудам Нюрнбэрскага трыбуналу. І гэта адрозьніваецца ад сытуацыі ў Беларусі.
Найперш трэба пачынаць з вызначэньня таго, што ёсьць беларускі народ. Бо ўдзельнікі фармаваньняў, якія зьнішчалі Хатынь, таксама добра падыходзяць пад вызначэньне беларускага народу. Гэта жыхары Савецкага Саюзу, якія апынуліся на тэрыторыі Беларусі.
Такім чынам, сама канцэпцыя генацыду беларускага народу падчас Другой усясьветнай вайны дастаткова спрэчная. Але нават дыскутаваць наконт гэтага стала злачынствам, бо сама па сабе канцэпцыя крывая», — выказаў меркаваньне юрыст Павал Сапелка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школьнікам усіх клясаў штомесяц будуць праводзіць інфармацыйную гадзіну «Генацыд беларускага народу»Першы прысуд за адмаўленьне генацыду
Пасьля прыняцьця закону і паправак у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Генпракуратура пачала заводзіць справы ня толькі ў дачыненьні да нябожчыкаў, але і за адмаўленьне генацыду сучасьнікамі. Артыкулам 130-2 КК за адмаўленьне генацыду прадугледжана пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 гадоў.
На пачатку лістапада судзьдзя Менскага гарадзкога суду Яўген Пісарэвіч вынес першы прысуд за адмаўленьне генацыду. 55-гадовага тынкоўшчыка Андрэя Савіцкага за камэнтары ў «Аднаклясьніках» асудзілі на 3 гады калёніі.
«22 сакавіка, у гадавіну трагедыі ў вёсцы Хатынь, Савіцкі «ў спробах фальсыфікацыі падзей, вынікаў Другой усясьветнай вайны і апраўданьня злачынстваў нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, нацыяналістычных фармаваньняў у гады Вялікай Айчыннай вайны наўмысна сказіў абставіны масавага зьнішчэньня Хатыні», — паведаміла праўладная газэта «СБ — Беларусь сегодня».
Акрамя адмаўленьня генацыду, Андрэя Савіцкага абвінавацілі яшчэ і ў зьнявазе Лукашэнкі. Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» спадар Сапелка зьвяртае ўвагу на тое, што Савіцкаму выставілі два склады злачынства, і невядома, па якім складзе якое пакараньне прызначылі. Аднак, на думку юрыста, правы гэтага чалавека абмежаваныя непрапарцыйна зьдзейсьненаму.
«Я чытаў ня толькі артыкулы ў праўладных СМІ, але і першакрыніцу — камэнтары ў „Аднаклясьніках“, выказваньні самога асуджанага. Я не магу сказаць, што я іх падзяляю. Гэта спрэчнае меркаваньне пра дастаткова бясспрэчныя факты, яго бачаньне, ягоныя сумневы ў афіцыйнай вэрсіі расправы над жыхарамі Хатыні. Яны выкладзеныя ў форме сумневаў, і тут складана казаць, што Савіцкі апраўдвае злачынствы нацыстаў. Хутчэй гэта погляд ня вельмі адукаванага чалавека, я так мяркую. Ён знайшоў нейкія свае довады, свае сумневы, і ўсё. Свабода выказваньня меркаваньняў, думак — гэта агульнапрызнаная свабода, якая замацаваная ў Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала і Беларусь», — кажа юрыст.
На думку Паўла Сапелкі, такія справы будуць заводзіць і далей, рэжым уводзіць новыя карныя, рэпрэсіўныя артыкулы і выкарыстоўвае іх.
«Мы не заклікаем людзей пісаць камэнты. Але калі гаворка ідзе пра навуковыя, публіцыстычныя дыскусіі, абмеркаваньні ў мэдыя, перасьлед за адмову генацыду беларускага народу — гэта клясычны прыклад адвольнага абмежаваньня свабоды выказваньняў, меркаваньняў», — перакананы юрыст Павал Сапелка.
У студзені 2024 году завялі крымінальную справу ў дачыненьні да журналіста Радыё Свабода Сяргея Дубаўца. Яму выстаўлена 6 артыкулаў, у тым ліку і за адмаўленьне генацыду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго судзяць за «адмаўленьне генацыду беларускага народу» і «рэабілітацыю нацызму»