У Вэнэсуэле вызвалілі 225 арыштаваных падчас пратэстаў супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў

Вызваленьне арыштаваных. 16 лістапада 2024.

У Вэнэсуэле вызвалілі 225 чалавек, арыштаваных у ліпені падчас пратэстаў супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, пераможцам якіх быў аб’яўлены Нікалас Мадура.

Пра гэта паведаміў генэральны пракурор краіны Тарэк Сааб, піша Reuters.

Сьцьвярджаецца, што іх вызвалілі на падставе новых доказаў, сабраных пракурорамі. Аб пераглядзе рашэньняў аб арышце больш за 200 чалавек Сааб паведаміў на мінулым тыдні.

Па дадзеных праваабарончай арганізацыі Foro Penal, сама меней 1800 чалавек былі арыштаваныя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся 28 ліпеня. Актывісты і сваякі некаторых з арыштаваных заявілі, што гэтыя людзі не ўдзельнічалі ў пратэстах. Яны таксама сьцьвярджалі, што некаторых зьняволеных катавалі за кратамі.

  • У канцы ліпеня Вэнэсуэлу ахапілі пратэсты супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміна Нікаласа Мадура. Удзельнікі пратэстаў абвінавачвалі Мадура ў падтасоўцы вынікаў. На думку апазыцыі, на выбарах перамог Эдмунда Гансалес з вынікам больш як 70% галасоў. Апазыцыя апублікавала пратаколы больш як з 80% участкаў, зь якіх вынікае, што Гансалес перамог на выбарах са значным адрывам. Нацыянальная выбарчая рада, якая абвясьціла Мадура пераможцам, пратаколы так і не апублікавала.
  • Раней генпракурор краіны паведамляў, што ў выніку пратэстаў загінула 28 чалавек і каля 200 атрымалі раненьні.
  • Дзевяць дзяржаваў Лацінскай Амерыкі, сярод якіх Аргенціна, Коста-Рыка, Панама, Парагвай, Эквадор, усумніліся ў перамозе Мадура, заклікалі перагледзець вынікі выбараў. ЗША назвалі пераможцам выбараў Эдмунда Гансалеса.