Пасьля завяршэньня кадэнцыі інфармацыйнае агенцтва «Позірк» пагутарыла зь ёй пра тое, зь якімі цяжкасьцямі давялося сутыкнуцца за гэты час, у якой сытуацыі апынуліся беларусы і што можна параіць пераемніку ці пераемніцы. Прыводзім некаторыя фрагмэнты інтэрвію.
— Калі параўноўваць абставіны, у якіх вы пачыналі працаваць у 2018 годзе, і цяперашнія, што, на ваш погляд, кардынальна зьмянілася?
— Не зьмянілася тое, што мяне ў Беларусь не пускаюць. З самага пачатку я ведала, што наўрад ці змагу паехаць у Беларусь. Але вось такі парадокс: Беларусь прыехала да мяне. У пляне рэпрэсій сытуацыя настолькі пагоршылася, што прымусіла зьехаць з краіны сотні тысяч людзей. У Вільні, куды я даволі часта прыяжджаю, у Варшаве, дзе я цяпер жыву, ёсьць магчымасьць сустрэцца зь людзьмі — ахвярамі парушэньняў правоў чалавека, прадстаўнікамі палітвязьняў, праваабаронцамі, журналістамі, дзеячамі культуры. Уся грамадзянская супольнасць перабралася за мяжу — гэта лепш, чым сядзець у турме.
Я вельмі паважаю, цаню, мне падабаецца мець магчымасьць знаёміцца зь беларускай культурай. Яна цяпер усюды, можна сказаць, па ўсёй Эўропе: у розных хабах, на фэстывалях, дзе знаходзяцца самыя разумныя і адкрытыя людзі, прадстаўнікі беларускай культуры.
Але так не павінна быць. Вядома, усім зразумела, што ў нармальных умовах такія людзі — будучыня краіны, сьветлыя розумы — не павінны зьяжджаць. Уцечка мазгоў — гэта, вядома, дрэнна.
Але я ня бачу пакуль, на жаль, калі для вас стане магчымым бясьпечна вярнуцца дадому.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці мае ААН прэтэнзіі да Беларусі? Адказвае адмысловая дакладчыца арганізацыі па Беларусі— Як зьмяніліся вашы задачы ў пачатку і канцы кадэнцыі? Зь якімі мэтамі вы прыходзілі на гэтую пазыцыю, зь якімі яе пакінулі?
— У апісаньні працы — дарэчы, валанцёрскай — было пазначана, што яна зойме тры месяцы на год. Я тады вярнулася з дэкрэта і працавала ва ўніверсытэце half time (палову працоўнага часу. — «Позірк»). Паколькі гэта прэстыжна, што на факультэце выкладае незалежная экспэртка ААН — мандатар спэцпрацэдуры РПЧ, мой працадаўца пагадзіўся, каб я займалася мандатам адзін дзень на тыдзень, па пятніцах. Такая была дамоўленасьць. Усіх гэта задаволіла — першыя два гады хаця б.
Але ў 2020 годзе ўсё зьмянілася, калі наступіла тое, што я называю крызісам, катастрофай з пункту гледжаньня правоў чалавека. Пасля [прэзыдэнцкіх выбараў] 9 жніўня, на жаль, аб’ём працы павялічыўся ў дзесяць, дваццаць разоў. Першыя чатыры месяцы, пакуль былі пратэсты, да мандата паступала вельмі шмат скаргаў, усе СМІ сьвету прасілі мяне камэнтаваць — было вельмі шмат працы. Я не магла адцягнуцца ад гэтага, фактычна мінімальна працавала [на ўнівэрсытэцкай пасадзе], у мяне было пару заняткаў — анлайн-семінараў, астатні час быў цалкам прысьвечаны маніторынгу парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Весьці палявыя дасьледаваньні тады было немагчыма з-за ковіду, а пісаць навуковыя артыкулы я была ўжо ня ў стане, таму што кругласутачна глядзела навіны, чытала тэлеграм-каналы, сачыла за тым, што адбываецца, перажывала за сваіх сяброў, знаёмых, за вас усіх.
Я была ў стане рэпарцёра на вайне, прымала ўцекачоў зь Беларусі ў сваім доме. Потым пачалася поўнамаштабная вайна ва Ўкраіне, і мы ўсе перайшлі на такі рэжым, але я была ў ім ужо са жніўня 2020 года. Я не разумела, як можна на гэта не рэагаваць, я не лічыла свой час, працавала на 200% — днём, ноччу, па выхадных. Сваякі ахвяр і самі ахвяры дасылалі мне асабіста або мандату ў Жэневе скаргі: «Вось што здарылася, вось доказы, што нам рабіць?»
На гэтым этапе мандат павінен быў фіксаваць парушэньні. Калі сям’я згаджаецца (не заўсёды гэта ў яе інтарэсах, таму што ёсьць рызыка рэпрэсій за супрацоўніцтва са структурамі ААН), то мы па нейкіх кейсах пішам паведамленьні ўраду. Гэта мы рабілі ў сярэднім раз на месяц. Кожнае паведамленьне займае вельмі шмат часу, таму што трэба каардынавацца з іншымі мандатарамі спэцпрацэдураў Рады па правах чалавека. Ва ўрада Беларусі прынцыповы падыход не прызнаваць мой мандат, не супрацоўнічаць, таму цалкам ігнаруецца ўсё, што я пішу. Але іншая справа, калі ёсць супадпісчыкі, напрыклад, спэцдакладчыкі па свабодзе меркаваньняў і іх выказваньня, становішчы праваабаронцаў, асацыяцыі і мірных сходаў, незалежнасьці суддзяў і адвакатаў часта далучаліся да маіх паведамленьняў на адрас урада Беларусі. Вядома, у 2020 годзе яны бачылі па тэлевізары, што адбываецца, перажывалі, яны мяне вельмі падтрымлівалі. У нас была даволі моцная каардынацыя дзеяньняў, каб міжнародная ўвага, увага СПЧ і Генэральнай Асамблеі не знізілася.
Такім чынам, мне здаецца, я дамаглася даволі шмат чаго, выступала на экстранай сэсіі РПЧ. Два разы ў Нью-Ёрку былі сустрэчы ў фармаце Арыі (парадак нефармальных сустрэч членаў Рады Бясьпекі ААН для абмену думкамі ў прыватным парадку; названы ў гонар венесуэльскага дыпламата Дыега Арыі, які першым пачаў практыкаваць падобную камунікацыю ў 1992 годзе. — «Позірк»), каб абмеркаваць менавіта сытуацыю ў Беларусі. З гэтага нічога ня выйшла: у Радзе Бясьпекі ёсьць дзьве краіны з правам вета, якія падтрымліваюць афіцыйны Менск, якія б не дазволілі потым прыняць рэзалюцыі, каб спыніць бязьмежжа і самавольства. Тым ня менш у Нью-Ёрку была ўвага, была падтрымка.
Краіны — чальцы РПЧ, а таксама на ўзроўні АБСЭ прынялі рэзалюцыі і стварылі два розныя мэханізмы, каб фіксаваць парушэньні, якія адбыліся менавіта ў кантэксце выбараў 2020 года, і мяне гэта ў нейкай меры выратавала. У ААН у верасьні 2021 года пачаў працаваць дадатковы мандат па адказнасьці за тыя парушэньні. Там ёсьць тры незалежныя экспэрты, ёсьць штаб, іх падтрымліваюць супрацоўнікі офіса Вярхоўнага камісара па правах чалавека. Яны атрымалі магчымасьць разглядаць скаргі, калі мне ўжо стала занадта цяжка.
Я палітоляг, а не экспэрт-крыміналіст. Псыхалягічна было вельмі цяжка атрымліваць столькі інфармацыі, доказаў — фатаграфіі, лісты — ад людзей, якія перажылі катаваньні. Пасьля стварэньня гэтага дадатковага мандата, прыкладна праз год, мне стала крыху спакайней. Ужо не было [вострай фазы] ковіду, трэба было вяртацца на працу. Тады вярнуўся больш-менш нармальны тэмп, але ўсё роўна працы было дакладна ўдвая больш, чым напачатку. Дзьверы ў Беларусь так і не адчыніліся
— За гэтыя шэсць гадоў ці быў момант, калі вы падумалі, што сытуацыя з правамі чалавека стала паляпшацца?
— Першыя месяцы, калі мяне прызначылі, Беларусь не была пад санкцыямі. 2019 год — да пачатку 2020 года насамрэч улады ўжо неяк былі гатовыя арганізаваць публічнае абмеркаваньне пытаньня адмены сьмяротнага пакараньня ці хаця б мараторый увесьці. Гэта адкрыла б магчымасьць вярнуцца да супрацоўніцтва з Радай Эўропы, напрыклад.
У 2019 годзе ў Брусэлі адбыўся Міжнародны кангрэс супраць сьмяротнага пакараньня. Гэта, напэўна, быў адзіны раз, калі я сядзела на дыскусіі разам з прадстаўнікамі МЗС Беларусі, мы нават рукі адзін аднаму паціснулі, каву пілі разам. Там быў Алег Краўчанка, які быў віцэ-міністрам (намесьнік кіраўніка МЗС у 2017-2020 гадах, пазьней амбасадар у ЗША; памёр 25 сьнежня 2020 года ва ўзросце 49 гадоў. — «Позірк»).
Яны не прызнавалі мой мандат, але тым ня менш мы нефармальна абмеркавалі магчымасьць, каб я прыехала ў Менск з т. зв. акадэмічным візытам. Гэта не афіцыйны візіт — ён не аплачваецца ААН, праходзіць без аанаўскага асыстэнта, без прэс-канфэрэнцый, дакладу, я б ня мела права спасылацца на тое, пра што даведаюся на месцы. Але такія візіты ладзяць вельмі многія краіны, калі ня ведаюць, што ўяўляе сабой спэцдакладчык (яны ж перажываюць — усе, нават дэмакратыі, калі запрашаюць да сябе мандатарыяў тэматычных спэцпрацэдураў). Такія перамовы былі прыкладна да красавіка 2019 года, але яны праваліліся. Потым выявілася, што дух такога часу не вернецца...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі рэпутацыя асноўнага парушальніка правоў чалавека». Анаіс Марэн выступіла з апошнім дакладам у ААН