«Менавіта [у Пінску ў 1791 годзе] быў створаны першы праект аўтакефаліі з намерам яе атрымаць, але вайна, якая неўзабаве пачалася, перашкодзіла гэтым намерам. Пасьля аднаўленьня Польшчай незалежнасьці ў 1918 годзе гэтыя намаганьні аднавіліся і скончыліся атрыманьнем 13 лістапада 1924 году аўтакефаліі Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ад Канстанцінопальскага патрыярхату», — адзначыў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас сьвяткаваньня 100-годзьдзя аўтакефаліі Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, якога цытуе Радыё Рацыя.
У сьвяткаваньні прэзыдэнт Польшы прыняў удзел разам з сваёй жонкай Агатай Корнхаўзэр-Дудай.
Дуда перадаў падарунак праваслаўнай грамадзе: праваслаўнае Эвангельле і дзяржаўныя сьцягі Рэспублікі Польшчы з памятным надпісам.
Яго, у сваю чаргу, узнагародзілі ордэнам свьвятой Марыі Магдалены 1-й ступені. Гэта найвышэйшая адзнака Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, заснаваная 28 сакавіка 1972 году, за працу на карысьць Царквы і бліжняга.
- Да Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы належаць шмат беларусаў Польшчы, якія зьяўляюцца аўтахтоннымі жыхарамі Падляшша.
- У 1924 годзе, калі Заходнія Ўкраіна і Беларусь апынуліся ў складзе Польшчы, Варшава паставіла перад Канстантынопалем пытаньне пра аўтакефалію Праваслаўнай царквы ў Польшчы. Паколькі гэтая частка была складнікам Кіеўскай мэтраполіі, канстантынопальскі патрыярх аўтакефалію даў. Маскоўская царква таксама мусіла прызнаць аўтакефалію Польскай праваслаўнай царквы.
- Канстантынопальскі патрыярх тады прызнаў: факт улучэньня Кіеўскай мэтраполіі ў склад маскоўскай царквы яны не прызнаюць і не адмаўляюцца ад кіеўскай мэтраполіі.
- На гэтай жа падставе 6 студзеня 2019 году ў Стамбуле Усясьветны патрыярх Барталамей уручыў украінскаму мітрапаліту Эпіфанію Томас аб прызнаньні кананічнай аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Ўкраіны.