На выпадак, калі ў Лукашэнкі праблемы з памяцьцю, я нагадаю: у 2020 годзе ў Беларусі абралі жанчыну. А ўся далейшая катастрофа ў краіне адбываецца праз тое, што ён — мужчына — з гэтым выбарам народу не пагадзіўся і ўладу не аддаў. Менавіта празь яго — мужчыну-кіраўніка — беларусы і беларускі аказваюцца ва ўсё большай міжнароднай ізаляцыі. Празь яго з краіны зьехаў буйны бізнэс і безьліч мэдыкаў, празь яго ў людзей праблемы з доступам да замежных лекаў лепшай якасьці. Празь яго няма авіязносін паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу, нацыя надзвычай палярызаваная, а палітзьняволеныя губляюць здароўе і паміраюць за кратамі. Празь яго бацькі гадамі ня бачаць дзяцей, а дзеці ня могуць правесьці бацькоў у апошні шлях.
Але хвалявацца, кажа ён, трэба пра тое, каб жанчына не прыйшла да ўлады. Мне так і згадваецца жарт вядомага беларускага коміка Славы Камісаранкі: «Вусатая ж ты какетка!». Ну праўда ж, можна падумаць, што на цяперашніх так званых выбарах і сапраўды будзе выбар. Лукашэнка зноў намалюе сабе столькі адсоткаў, колькі яму захочацца, але мала нам дыктатуры, нам яшчэ распавядаюць пра тое, як жанчыны нібыта ня могуць справіцца зь цяжкай працай.
Як заўжды, жанчыны «ня справяцца» зь цяжкай і адказнай працай, да якой далучаюцца статус, улады і грошы. Зь цяжкай працай без прэстыжу і за капейкі мы ня проста спраўляемся — мы, кажуць, для яе створаныя прыродай. Так і ўяўляю Бога, якім яго малююць аматары «прыроднага падзелу»! Сядзіць, выбірае, каму што даць, і кажа: вы, мужчыны, створаныя для яскравых выклікаў, таму вы зможаце быць прэзыдэнтамі, і вы, жанчыны, створаныя для яскравых выклікаў, таму вы зможаце спалучаць мацярынства, прыбіраньне, гатаваньне ежы, лягістыку сямейных перамяшчэньняў і падмываньне пацыентаў у рэанімацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра будучага прэзыдэнта: «У Беларусі ня дай Божа жанчыну выберуць»І здавалася б, ну як эўрапейскі палітык у 2024 годзе можа несьці такую лухту пра тое, што на жанчын нельга вешаць вялікі цяжар і таму нас нельга абіраць у прэзыдэнткі? Але ён можа несьці што захоча, і яму ні-чо-га за гэта ня будзе.
Я магу доўга і пасьлядоўна расказваць, што ў найбольш разьвітых краінах міністэрствамі абароны часта кіруюць жанчыны і што неабходнасьць быць галоўнакамандуючай — такі сабе аргумэнт супраць жаночага прэзыдэнцтва. Магу падрабязна тлумачыць, чаму мачысцкі стыль кіраваньня, які так любіць Лукашэнка, не пасуе цяперашняму разьвітому сьвету і як гэты стыль літаральна руйнуе Беларусь. Але ці захоча ён слухаць? Ці здольны пачуць, а) што ён ня лепшы за ўсіх, і б) жаночую крытыку?
Мяркую, што ня можа і ня хоча, інакш даўно б перадаў уладу той, каго беларусы і беларускі абралі ў 2020-м. Але я ў розных крыніцах чытала, што калі бачыш, як хтосьці б’е слабейшага, гэтаму чалавеку, які праяўляе агрэсію, трэба сказаць «я ўсё бачу». Кажуць, дапамагае яго прытармазіць і вярнуць у рэальнасьць.
Дык вось: мы ўсё бачым.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.