«Дэкаратыўныя зьмены». Якія праблемы застаюцца ў беларусаў ва Ўкраіне праз амаль тры гады пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларусы з украінскім сьцягам падчас сьвяткаваньня Дня Волі ў Вільні, 2022 год

Беларусы, якія ваююць ці жывуць ва Ўкраіне, працягваюць сутыкацца з шэрагам праблемаў. Прадстаўнікі беларускай апазыцыі прызнаюць, што ня могуць дамовіцца з афіцыйным Кіевам і вырашыць праблемы суайчыньнікаў.

Ад лютага 2022 году беларусы ва Ўкраіне, як добраахвотнікі, так і «цывільныя», маюць шэраг праблемаў — заблякаваныя банкаўскія рахункі, складанасьці зь легалізацыяй, непрызнаньне беларускіх дыплёмаў аб адукацыі і іншыя. Паводле грамадзян Беларусі, якія працягваюць жыць ва Ўкраіне цяпер, ад пачатку поўнамаштабнай вайны гэтыя праблемы не вырашаюцца.

Адной з апошніх з праблемамі сутыкнулася вядомая беларуская сьпявачка Маргарыта Ляўчук. Цяпер яна жыве ў Харкаве, выйшла замуж за ўкраінскага вайскоўца і нядаўна нарадзіла сына. У сваім Instagram Ляўчук абурылася стаўленьнем да беларусаў з боку ўкраінскіх уладаў.

Маргарыта Ляўчук. Архіўнае фота

Паводле яе словаў, беларуска ня можа назваць сваё дзіця без атрыманьня дазволу міграцыйнай службы, ва Ўкраіне яе прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы», таксама яна ня можа адкрыць рахунак у банку і зарэгістравацца як прадпрымальніца. А яшчэ — атрымліваць «дзіцячыя» грошы. У сваім звароце сьпявачка нагадала, што яна ў вышуку ў Беларусі і Расеі, мае 4 крымінальныя справы.

«Я падтрымліваю Ўкраіну, я нарадзіла сына-ўкраінца, мой муж ваюе цяпер, і я не магу нармальна жыць, бо маю беларускі пашпарт», — выказалася беларуска.

Маргарыта Ляўчук — не адзіная зь беларусаў, хто працягвае сутыкацца з праблемамі, жывучы ва Ўкраіне.

«Дэкаратыўныя зьмены»

Вярхоўная Рада Ўкраіны 21 жніўня 2024 году прыняла закон, паводле якога замежныя добраахвотнікі, у тым ліку беларусы, могуць атрымаць грамадзянства Ўкраіны.

Беларуска Тацяна Гацура-Яворская ад 2022 году жыве ва Ўкраіне. Яна заснавала пад Кіевам рэабілітацыйны цэнтар для ўдзельнікаў баявых дзеяньняў «Ланка». Паводле яе думкі, гэты закон ня вырашыў праблем беларусаў. Тыя зь іх, хто мае сталы дазвол на жыхарства ва Ўкраіне, зьяўляюцца рэзыдэнтамі Ўкраіны і могуць адкрыць банкаўскія рахункі. Для тых жа, хто жыве з часовым дазволам на жыхарства, нічога не зьмянілася. Бо нават калі часовы дазвол пратэрмінаваны і зь ім можна жыць да канца ваеннага стану як мінімум, яго ўладальнікі моцна абмежаваныя ў магчымасьцях. Можна атрымаць адмову ў паслугах натарыюса, у навучаньні, у тых жа банкаўскіх паслугах.

Тацяна Гацура-Яворская. Архіўнае фота

Тацяна зазначае, што беларусы, якія ваююць цяпер на баку Ўкраіны, маюць банкаўскія карткі толькі на атрыманьне заробку. Іншых рахункаў яны ня могуць адкрыць, ня могуць пайсьці ў абменны пункт і купіць валюту.

«Самая вялікая праблема — пасьля звальненьня з войска беларусы ня маюць падстаў законна заставацца ва Ўкраіне. Так, прынялі закон, што могуць атрымаць грамадзянства. Але гэта калі чалавек адваяваў тры гады і не разрываў кантракт, што на справе здараецца вельмі часта — пры пераходзе ў іншае падразьдзяленьне, ці калі чалавек езьдзіў у Эўропу, каб убачыць сваю сям’ю. Дый паўнавартасная вайна яшчэ не ідзе тры гады», — кажа заснавальніца цэнтру «Ланка».

Такія зьмены ў закон суразмоўніца называе «дэкаратыўнымі». Выключэньні з закону прадугледжаныя для тых былых удзельнікаў баявых дзеяньняў, хто атрымаў дзяржаўныя ўзнагароды альбо сышоў з войска па стане здароўя.

Яшчэ адна праблема, пра якую гаворыць Яворская: беларусы пасьля скасаваньня кантракту з украінскім войскам ня маюць сацыяльных гарантый, выплат, пэнсій, бясплатнага лекаваньня.

«Таму былыя ваяры мусяць выяжджаць з Украіны ў Літву ці Польшчу», — кажа Тацяна Гацура-Яворская. Яна лічыць, што ніхто, апроч беларусаў, ня будзе ўздымаць іх праблемы ва Ўкраіне.

«У нас у плянах уздымаць пытаньне голасна: беларускія ваяры — гэта найміты ці абаронцы Ўкраіны? Украінскае грамадзтва мусіць вызначыцца з гэтым. І, адпаведна, стаўленьне павінна быць як да абаронцаў, а ня як да тых, хто проста прыехаў і паклаў сваё жыцьцё і здароўе і нічога не атрымаў ад краіны, якую абараняў», — падсумоўвае стваральніца рэабілітацыйнага цэнтру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анёл Сьмерці. Гісторыя беларускі, якая паведамляе родным загінулых каліноўцаў пра іх гібель

14 месяцаў чаканьня

Беларускі журналіст Алесь Мінаў 24 лютага 2022 году знаходзіўся ва Ўкраіне, куды ўцёк ад крымінальнага перасьледу ў Беларусі. Ён сьвядома вырашыў застацца і працаваць там пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня.

Алесь Мінаў. Архіўнае фота

Мінаў кажа, што праблемы зь легалізацыяй і банкаўскімі рахункамі ў беларусаў ва Ўкраіне застаюцца, але іх неяк можна абыходзіць пры жаданьні. Сам Мінаў атрымаў акрэдытацыю Ўзброеных сілаў Украіны, якая дазваляла яму працаваць па прафэсіі. Праблема ў яго ўзьнікла ў 2023 годзе, калі скончыўся беларускі пашпарт. Абмяняць дакумэнт было амаль немагчыма. У 2023 годзе беларускія ўлады прынялі закон, які абмяжоўваў абмен пашпартоў за мяжой, беларуская амбасада ва Ўкраіне не працавала.

Алесь кажа, што разглядаў варыянт паехаць у Польшчу і там легалізавацца, але прызнаецца, што не хацеў знаходзіцца там 3–4 месяцы бяз справы. У выніку ён падаўся на статус уцекача ва Ўкраіне. Доказаў рэпрэсій з боку беларускіх уладаў было для гэтага дастаткова, у тым ліку прысуд па крымінальнай справе за пратэсты. На момант разгляду справы Мінаў меў часовае пасьведчаньне асобы і ня мог без папярэджаньня міграцыйнай службы пакідаць Кіеў.

«Па законе справу нібы павінны разглядаць да 6 месяцаў, але я чакаў выніку 14 месяцаў і атрымаў статус уцекача і „жэнэўскі пашпарт“, які дае права выяжджаць за мяжу. Знаёмыя беларусы, якія падаліся на статус уцекача ва Ўкраіне, чакаюць разгляду справы і год, і больш», — тлумачыць суразмоўца.

Алесь Мінаў дадае, што нават пратэрмінаваныя даведкі на часовае пражываньне ва Ўкраіне дзейнічаюць да канца ваеннага стану. Аднак здараецца, што чыноўнікі на месцы пачынаюць чапляцца, бо ня надта разумеюць той ці іншы закон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кавалеўскі і Лябедзька паехалі ў Кіеў, абмяркуюць беларуска-ўкраінскія адносіны і перададуць гуманітарны груз

Круглыя сталы, пляцоўкі, перамовы

Са жніўня 2023 году ва Ўкраіне працуе кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі Генадзь Манько. Сытуацыю з правамі беларусаў ва Ўкраіне ён называе складанай — як у выпадку цывільных асобаў, так і ў выпадку дзейных і былых добраахвотнікаў. Паводле словаў Манько, праблема ня простая, а ўкраінскі кірунак — самы складаны для беларускіх дэмакратычных сілаў.

Генадзь Манько. Архіўнае фота

«Гэта не зьвязана ні зь якімі дзеяньнямі прадстаўнікоў беларускай дыяспары, ці дэмакратычных сілаў, ці ініцыятыў, якія працуюць ва Ўкраіне. Толькі з украінскім бокам», — лічыць Манько.

У Кіеве ён разам з дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай Франкам Вячоркам. Кажа, што яны праводзяць сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў Украіны і іншымі чыноўнікамі.

«Праводзілі перамовы і раней, круглыя сталы, абазначалі праблемы беларусаў і шляхі іх вырашэньня. Складанасьці ў тым, што ва ўкраінскай уладзе цяпер пэртурбацыі, зьмяніўся кіраўнік МЗС, ідуць розныя трансфармацыі. Ёсьць такое ўражаньне, што беларусы ці іх праблемы не трывожаць украінцаў», — кажа кіраўнік Місіі.

Манько таксама нагадаў пра закон, паводле якога пасьля 3 гадоў бесьперапыннай службы беларускія добраахвотнікі могуць атрымаць украінскае грамадзянства альбо афіцэрскае званьне. Але праблема, паводле Манько, у тым, што для афіцэрскага званьня трэба прадставіць дыплём аб вышэйшай адукацыі. А закон Украіны ад 2022 году кажа, што беларускія дыплёмы там больш не прызнаюцца.

«Па законе яны мусілі б прызнаваць дыплёмы, выдадзеныя да 2022 году, але на практыцы гэта праблема», — заўважае суразмоўца.

Генадзь Манько лічыць, што пры адпаведнай настойлівасьці праблему блякаваньня рахункаў можна вырашыць пэрсанальна. Пайсьці па інстанцыях, атрымаць даведку ад СБУ пра тое, што ты «не агент і не шпіён». Пры адмове банку — пайсьці ў суд.

«Трэба настойваць, працаваць, пісаць скаргі, аспрэчваць. Гэта доўгі і цяжкі шлях, але варта змагацца», — дадае кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска выйграла суд у справе пра грамадзянства Ўкраіны, хоць яе падазравалі ў сувязях са спэцслужбамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «60% нашых кліентаў — беларускія вайскоўцы». Як працуе рэабілітацыйны цэнтар пад Кіевам, які заснавала беларуска