З 1 студзеня па 29 кастрычніка 2024 году з Польшчы на радзіму дэпартавалі дзевяць грамадзян Беларусі, якім адмовілі ў міжнароднай абароне, паведамляе польскае выданьне Oko.press са спасылкай на Памежную службу Польшчы.
Агулам за гэты час з Польшчы пасьля адмовы ў наданьні статусу ўцекача дэпартавалі 36 замежнікаў, 18 зь іх — у Расею, 9 — у Беларусь, 5 — у Грузію, 2 — у Таджыкістан і па адным — ва Ўзбэкістан і Ўкраіну.
Пры гэтым колькасьць дэпартаваных значна ніжэйшая, чым адмоваў у міжнароднай абароне. За 9 месяцаў 2024 году заявы на атрыманьне міжнароднай абароны падалі 2,9 тысячы беларусаў, зь іх каля 2,1 тысячы грамадзян Беларусі атрымалі ў Польшчы міжнародную абарону.
Адмовы за 9 месяцаў 2024 году атрымалі каля 100 заяўнікаў зь Беларусі. Хутчэй за ўсё, частка зь іх пакінула Польшчу добраахвотна, іншыя абскардзілі гэтае рашэньне або знайшлі іншыя падставы для легалізацыі ў краіне.
Доля адмоваў у міжнароднай абароне беларусам застаецца нізкай, але апошнім часам павялічваецца. Напрыклад, у верасьні 2024 году 7,8% усіх рашэньняў па справах грамадзян Беларусі былі нэгатыўнымі, у той час як за ўвесь 2023 год нэгатыўных рашэньняў было толькі 1,6%, падлічыла выданьне Most.
У асноўным у наданьні міжнароднай абароны беларусам адмаўляюць, калі лічаць, што ў іх недастаткова падставаў для атрыманьня гэтага статусу, або калі іх прызнаюць пагрозай нацыянальнай бясьпецы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 9 месяцаў 2024-га міжнародную абарону ў Польшчы атрымалі 2000 беларусаў, 100 беларусам адмовіліНяўрадавы Цэнтар беларускай салідарнасьці са спасылкай на зьвесткі польскіх чыноўнікаў паведамляў, што на 31 сьнежня 2023 году ў Польшчы пражывалі 118 562 грамадзяніны Беларусі з дакумэнтамі, якія тым ці іншым чынам легалізуюць іх у краіне. Сярод іх:
- часовы дазвол на жыхарства мелі 69 399 чалавек,
- сталы ДНЖ — 39 553,
- дадатковую абарону — 6555,
- дазвол на знаходжаньне доўгатэрміновага рэзыдэнта ЭЗ — 1160,
- статус уцекача — 578,
- часовую абарону — 436,
- іншыя падставы — 436.