Традыцыйныя каштоўнасьці і прынцыпы «русского мира»: пакінуць дзіця ў прытулку, а не аддаць у больш гуманную краіну

У адным з расейскіх діцячых дамоў, архіўнае фота

Як бы мне хацелася, каб навіны з Расеі раз і назаўжды сталі для нас неістотнымі! Каб можна было нарэшце перастаць азірацца на тое, якія яшчэ вар’яцкія ідэі нарадзіліся ў імпэрыі. Але, на жаль, даводзіцца за імі сачыць, каб уяўляць, чаго варта баяцца і для Беларусі.

Цяпер расейцы забараняюць браць пад апеку ці ўсынаўляць дзяцей грамадзянам і грамадзянкам тых краін, дзе дазволены трансгендэрны пераход. Дзяржаўная Дума Расеі прыняла адпаведны закон. Сярод краінаў, дзе дазволеныя трансгендэрныя пераходы, ёсьць і Беларусь.

Вось што пужае заканадаўцаў, хваравіта зацыкленых на так званых традыцыйных каштоўнасьцях! Псыхалягічныя траўмы, якія атрымлівае дзіця, жывучы ў дзіцячым доме? Драбяза! Гвалт і карная псыхіятрыя? Няважна! Праблемы з сацыялізацыяй і вялікія цяжкасьці з адаптацыяй да самастойнага дарослага жыцьця? Дурасьць нейкая. Галоўнае — каб дзіця ня трапіла ў краіну, дзе дарослым людзям па іх уласным жаданьні і часта пасьля доўгага мэдычнага назіраньня і шматлікіх кансультацый дазваляюць прымаць гарманальную тэрапію і робяць апэрацыі на геніталіях!

Зрэшты, тэхнічныя пытаньні мне таксама цікавыя. А што, калі ў краіне людажэрскія законы і такая мэдычная падтрымка недаступная, але туды можа прыехаць трансгендэрны чалавек? Або ў самой Расеі плянуюць распрацаваць нейкія праверкі на мяжы, каб, ня дай Бог, на іх сьвятую зямлю ня трапіў чужародны нежаданы элемэнт?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея забараніла ўсынаўляць дзяцей грамадзянам Беларусі

Але самы цікавы бок пытаньня — вядома ж, каштоўнасны. Такая заканадаўчая ініцыятыва — гэта ж добрае тлумачэньне для «чайнікаў», што такое традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці. У гэтай каштоўнаснай сыстэме дабрабыт чалавека стаіць куды ніжэй за прынцыпы, якія ўспрымаюцца як догма. Што важней — даць дзецям магчымасьць жыць у сям’і, якая іх любіць, ці працягваць ствараць ілюзіі наконт страшнага зьнешняга сьвету? Відавочна, што калі гэты закон у Расеі прымуць, гэта будзе значыць, што на жывых дзяцей пляваць, бо прынцыпы даражэйшыя.

Сьледам за Расеяй і ў Беларусі могуць забараніць трансгендэрныя пераходы і нават прыняць падобны да расейскага закон, каб сынхранізаваць заканадаўства, бо Лукашэнка любіць часам падкрэсьліць, наколькі Беларусь у ягоным разуменьні мае духоўную еднасьць з Расеяй. Прынцып «мы трымаемся Расеі і супрацьстаім мярзотнаму Захаду» куды важнейшы за нейкіх людзей, якія праз гэты прынцып згубяць сваё здароўе, дабрабыт ці нават жыцьцё.

Гэтак увогуле часта бывае — прынцыпаў прытрымліваюцца адны людзі, а плацяць за гэта іншыя. Але ў мяне ёсьць прапанова — хай бы ўжо дарослым расейцам забаранілі езьдзіць у краіны, дзе дазволены трансгендэрны пераход. Трэба ж на ўласным прыкладзе паказваць, што такое добра, а што такое дрэнна. А ад дзяцей — адчапіцца і даць ім магчымасьць жыць лепш. Хочаце адстойваць прынцыпы да канца? Плаціце за іх самі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.