Фэдэральны судзьдзя 12 лістапада прысудзіў вайскоўцу нацыянальнай гвардыі з Масачусэтсу 15 гадоў пазбаўленьня волі. Прысуд вынесьлі пасьля таго, як ён прызнаў сябе вінаватым у выцеку сакрэтных вайсковых дакумэнтаў аб вайне Расеі ва Ўкраіне.
Сёлета Джэк Тэйшэйра прызнаў сябе вінаватым па шасьці пунктах абвінавачаньня ў наўмысным захаваньні і перадачы інфармацыі пра нацыянальную абарону ў адпаведнасьці з Законам аб шпіянажы.
22-гадовы вайсковец не праявіў бачнай рэакцыі на вынясеньне прысуду. Раней падчас слуханьняў ён папрасіў прабачэньня, сказаўшы судзьдзі, што ён засмучаны з прычыны ўсёй шкоды, якую ён прынёс і ўчыніў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ФБР арыштавала падазраванага ў выцеку дакумэнтаў з ПэнтагонуПершапачаткова пракуратура запрасіла 17 гадоў пазбаўленьня волі, заявіўшы, што Тэйшэйра «зьдзейсьніў адно з самых значных і сур’ёзных парушэньняў Закону аб шпіянажы ў амэрыканскай гісторыі». Абаронцы патрабавалі 11 гадоў пазбаўленьня волі. Яны прызналі, што іх кліент «прыняў жудаснае рашэньне, якое ён паўтараў на працягу 14 месяцаў», але заявілі, што дзеяньні Тэйшэйры ніколі ня мелі на мэце «нанесьці шкоду Злучаным Штатам».
Тэйшэйра быў лідэрам закрытай чат-групы ў сацыяльнай сетцы Discord, папулярнай сярод аматараў відэагульняў, дзе ён дзяліўся з аднадумцамі сакрэтнымі дакумэнтамі.
Некаторыя з найбольш адчувальных матэрыялаў, разьмешчаных у сетцы, былі зьвязаныя з ваеннымі перавагамі і слабасьцямі Ўкраіны, а таксама з інфармацыяй аб хаўрусьніках ЗША, у прыватнасьці аб Ізраілі, Паўднёвай Карэі і Турэччыне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцечкі дакумэнтаў ЗША паказваюць, што інфармацыя пра магчымасьць новага наступу зь Беларусі была дэзынфармацыяй Крамля