Гэта наносіць пакуль не падлічаную шкоду навакольнаму асяродзьдзю і прыводзіць да вялікіх разбурэньняў і ахвяр у месцах абстрэлаў, пішуць карэспандэнты Свабоды Сяргей Дабрынін, Андрэй Бяседзін і Рэй Фурлонг.
Украінскія ўлады паведамілі, што ў першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе расейскія ракеты запускаліся з Касьпійскага мора, і з таго часу гэта працягваецца да сёньня.
Жыхары прыбярэжных раёнаў Касьпійскага мора таксама паведамлялі пра запускі ракет, і сёлета нават зьявілася адно відэа, якое, падобна, паказвае запуск ракеты «Калібр».
Некаторыя мясцовыя жыхары лічаць, што вайсковая актыўнасьць прыводзіць да забруджваньня навакольнага асяродзьдзя. А журналісты выказалі здагадку, што запуск ракет можа быць зьвязаны з масавай гібельлю касьпійскіх цюленяў.
Расея не пацьвердзіла, што выкарыстоўвае Касьпійскае мора для нападаў на Ўкраіну, але раней яна гэтага ня ўтойвала. У кастрычніку 2015 году афіцыйныя СМІ цытавалі тагачаснага міністра абароны Сяргея Шайгу, які заяўляў, што Касьпійская флятылія нанесла ўдары па Сырыі з дапамогай ракет «Калібр». Падобная заява прагучала і ў наступным годзе.
Паведамляецца, што з 2022 году атакі ў асноўным ажыцьцяўляюцца з дапамогай бамбавікоў, якія лятаюць над Касьпіем і выпускаюць крылатыя ракеты X-55.
Магчыма, Касьпійская флятылія таксама запускала ракеты «Калібр», але ўкраінскія ўзброеныя сілы сьцьвярджаюць, што дакладных доказаў няма.
Відэа, апублікаванае мясцовымі рыбакамі ў чэрвені 2024-га, паказвае дзьве ракеты, якія ляцяць на малой вышыні. Хваставая частка паводзіць сябе хутчэй як у ракеты «Калібр», чым у крылатай ракеты паветранага базаваньня.
Аднак мясцовыя жыхары даўно занепакоеныя экалягічным узьдзеяньнем Касьпійскай флятыліі Расеі, яшчэ да поўнамаштабнага ўварваньня. Масква ўжо будавала новую базу для флёту ў Касьпійску (Дагестан), а ў чэрвені 2020 году там прайшоў парад караблёў.
Мясцовы жыхар расказаў Радыё Свабода, што гэтае штогадовае мерапрыемства пакідае мора пакрытым нафтай, а на беразе зьяўляецца мёртвая рыба.
«Прыкладна 30 гадоў таму мора было поўным жыцьця. Цяпер гэта ня так. Улетку я плаваў да караблёў і бачыў, што там адбываецца. Касьпійская флятылія — адна з прычын», — сказаў ён.
Імя мужчыны не раскрываецца, паколькі Радыё Свабода прызнаная ў Расеі «непажаданай арганізацыяй» і гэта можа прывесьці яго да зьняволеньня.
Мясцовая жанчына, якая таксама застаецца ананімнай, сказала, што пераехала ў Касьпійск са сталіцы рэгіёну, Махачкалы, дзевяць гадоў таму, спадзеючыся, што вада будзе больш чыстай.
Яна сьцьвярджае, што сытуацыя за гэты час моцна зьмянілася, і апісвае наступствы штогадовых парадаў флёту.
«Караблі не стаяць у порце, а знаходзяцца на якары ля берага. Яны спальваюць паліва дзень і ноч, рухавікі пастаянна шумяць, і, вядома, усе выкіды трапляюць у мора», — сказала яна.
«Потым караблі пачынаюць страляць. Атмасфэра становіцца невыноснай. Пах гару пранікае нават праз зачыненыя вокны... дыхаць немагчыма».
Флёт таксама праводзіць вучэньні кожны верасень, і сёлета на іх было задзейнічана больш за 30 караблёў.
Вучэньні праводзяцца далей у моры, але крыніцы Радыё Свабода паведамляюць, што на беразе зьяўляюцца паліўныя адклады і мёртвая рыба.
Журналісты зьвязваюць як вучэньні, так і баявую актыўнасьць з забруджваньнем і, магчыма, масавай гібельлю цюленяў.
І ракеты «Калібр», і ракеты X-55 выкарыстоўваюць таксычнае ракетнае паліва, якое можа трапіць у мора.
Аднак незалежных навуковых дадзеных аб узьдзеяньні ваеннай дзейнасьці Расеі на навакольнае асяродзьдзе Касьпію няма.