Расьсьледнікі паведамілі, што выявілі агентаў спэцслужбаў Беларусі, якія праніклі ў апазыцыю і валянтэрскія арганізацыі

Падчас акцыі пратэсту каля будынку КДБ у Менску. Архіўнае фота

БРЦ сумесна з «Альянсам расьсьледнікаў» і «Кібэрпартызанамі» заявілі, што раскрылі асобы агентаў беларускіх спэцслужбаў, якія працуюць пад прыкрыцьцём.

У расьсьледаваньні Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ), «Альянсу расьсьледнікаў» і «Кібэрпартызанаў» заявілі, што выявілі, як двое супрацоўнікаў Галоўнага выведнага ўпраўленьня, Дзьмітры П. і Юры К., выкарыстоўвалі сем розных пашпартоў для вядзеньня шпіёнскай дзейнасьці. Яны нібыта ўвайшлі ў апазыцыйныя і валянтэрскія арганізацыі, каб сабраць інфармацыю і кантраляваць дзеяньні апазыцыі.

Паводле расьсьледаваньня, беларускія спэцслужбы задзейнічалі падробленыя дакумэнты і выдуманыя гісторыі для сваіх агентаў, каб зьбіраць інфармацыю і кантраляваць актывістаў у Беларусі і Польшчы.

Так, напрыклад, затрыманьне Дзьмітрыя П. падчас пратэстаў у жніўні 2020 году стала часткай яго маскаваньня: ён прадставіўся як ахвяра рэпрэсій і зьвярнуўся па дапамогу да валянтэраў. Неўзабаве ён пачаў актыўна ўдзельнічаць у апазыцыйнай дзейнасьці, распаўсюджваючы сымболіку і дапамагаючы пацярпелым. Гэтая дзейнасьць узмацніла давер да яго сярод апазыцыйных актывістаў.

Аднак расьсьледаваньне БРЦ і «Кібэрпартызанаў» выявіла, што некаторыя дакумэнты, якія перадаваў Дзьмітры П., зьмяшчалі фальшывыя імёны і неіснуючыя зьвесткі. Фальшывыя зьвесткі дазвалялі атрымаць фінансаваньне на дапамогу пацярпелым, якое, як мяркуецца, магло выкарыстоўвацца ў іншых мэтах.

Расьсьледаваньне таксама паказвае, як спэцслужбы Беларусі выкарыстоўвалі выдуманых асобаў для ўкараненьня сваіх агентаў у апазыцыю і валянтэрскія арганізацыі з мэтай збору інфармацыі і кантролю над актывістамі.

БРЦ заснаваны незалежнымі журналістамі ў 2018 годзе. Каманда мэдыяпраекту вымушана была выехаць зь Беларусі ў 2021 годзе пасьля разгрому сілавікамі студыі ў Менску.

15 верасьня 2023 году Вярхоўны суд прызнаў БРЦ «экстрэмісцкай арганізацыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура Абхазіі ў адказ на запыт БРЦ паабяцала адправіць расьсьледнікаў «па вядомым маршруце з трох літараў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Хто возіць у Беларусь збожжа з акупаваных земляў Украіны