Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі»: БЧ дапамагла ў абыход санкцыяў завезьці ў Расею 90 люксавых аўтамабіляў


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Чыгуначны вакзал у Менску
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Чыгуначны вакзал у Менску

Беларуская чыгунка дапамагла завезьці ў Расею ў абыход санкцыяў каля 90 новых люксавых аўтамабіляў, сьцьвярджае «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі», спасылаючыся на дакумэнты, якія пацьвярджаюць гэта і якія апынуліся ў яе распараджэньні.

У «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі» заяўляюць, што дакумэнты, якія трапілі да іх, дазваляюць ім упэўнена заявіць, што «Беларускай чыгунцы на ўсіх узроўнях выдатна вядомыя гэтыя шэрыя схемы і хтосьці зь яе кіраўнікоў гэтаму патурае, а „верныя“ супрацоўнікі сьвядома ўдзельнічаюць».

Паводле інфармацыі супольнасьці, аўтамабілі ў Расею празь Беларусь везьлі ў 18 вагонах. У іх, сярод іншага, былі такія маркі аўтамабіляў, як Lamborghini, Mercedes-Benz, BMW, Porsche, Ferrari, Bentley, Rolls-Royce.

Паводле ацэнак чыгуначнікаў, сума ўсіх новых паставак можа перавышаць 18 мільёнаў даляраў ЗША.

Яны таксама расказалі пра розныя схемы паставак, у якіх удзельнічаюць кампаніі з Расеі, Літвы, Латвіі, Беларусі і Казахстану. Везьлі аўтамабілі ў цягніках у асноўным праз Латвію, а зь нядаўніх часоў — і праз Казахстан, а стаіць за ўсімі схемамі «вядомы памагаты рэжыму і „кашалёк“ Лукашэнкі, уладальнік „Табакерак“ Аляксей Алексін», сьцьвярджае супольнасьць.

«Здаецца, вагоны для такіх перавозак „зьбіралі“ па чыгуначных адміністрацыях і ўласьніках (ёсьць і літоўскія, і расейскія, і ўзбэцкія). Гэтым займаецца літоўская кампанія Autorail Cargo ў супрацоўніцтве з расейскім ТАА „„Транспартна-экспэдыцыйная кампанія“ ТрансАльянс-Цэнтр“», якая прадстаўляе як уласныя, так і ўзятыя ў арэнду/карыстаньне вагоны іншых апэратараў», — сьцьвярджаюць прадстаўнікі супольнасьці.

Паводле іх, ва ўсіх выпадках адпраўнікам грузу зьяўляецца латвійская кампанія Alpik Cargo. На станцыі Ворша-Заходняя атрымальнікам пазначаная кампанія Алексіна «Энэрга-Оіл».

Чыгуначнікі выявілі і вельмі хітрыя схемы праз Казахстан, дзе атрымальнік грузу — фізычная асоба. Адтуль машыны потым адпраўляюць у Беларусь.

  • У сакавіку 2022 году Эўразьвяз забараніў продаж прадметаў раскошы ў Расею або для выкарыстаньня ў Расеі. У пераліку забароненай прадукцыі, сярод іншага, аўтамабілі, даражэйшыя за 50 тысяч эўра, і запчасткі да іх.
  • Нядаўна Польшча, Літва і Латвія перасталі прапускаць празь межы зь Беларусьсю люксавыя аўтамабілі, на гандаль якімі з Расеяй наклалі санкцыі.
  • Журналісты-расьсьледнікі высьветлілі, што сетка беларускіх, расейскіх і эўрапейскіх кампаній у абыход санкцыяў увозіць з Эўропы ў Расею празь Беларусь люксавыя, а таксама грузавыя аўтамабілі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG