Новы гендырэктар «Беларуськалію» заявіў, што будзе дамагацца скасаваньня заходніх санкцый. Раней гэта не ўдалося

Андрэй Рыбакоў

Андрэй Рыбакоў на мінулым тыдні замяніў на пасадзе былога кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства Івана Галаватага.

Генэральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Андрэй Рыбакоў зазначыў, што прадпрыемства працягне дамагацца адмены заходніх санкцый. Пра гэта ён заявіў у этэры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1».

«Будзем у любым выпадку пра сябе нагадваць і тыя неправамерныя дзеяньні, якія былі накіраваныя супраць „Беларуськалію“, супраць нашай краіны», — сказаў ён.

Гэта быў адказ Рыбакова на пытаньне журналіста, ці будзе прадпрыемства, нягледзячы на адхілены пазоў у Эўрапейскім судзе, далей настойваць на скасаваньні санкцый супраць сябе.

«Мы так проста спакойна жыць не дамо», — дадаў гендырэктар «Беларуськалію».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызнаў праблемы з рэалізацыяй калію і прапанаваў «карпаратыўную змову» з Расеяй

Андрэй Рыбакоў узначаліў «Беларуськалій» па ўказаньні Аляксандра Лукашэнкі 4 лістапада. Да гэтага шмат гадоў стратэгічным для беларускай эканомікі прадпрыемствам кіраваў Іван Галаваты.

Прызначаючы новага дырэктара «Беларуськалію», Лукашэнка прапанаваў яму правесьці перамовы з вытворцамі калійных угнаеньняў, каб зьнізіць здабычу калію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прапанаваў зьнізіць здабычу калію. Канадзкія вытворцы зьбіраюцца яе павялічыць

У верасьні сёлета Эўрапейскі суд у Люксэмбургу пакінуў без задавальненьня патрабаваньне «Беларуськалію» скасаваць уведзеныя ў дачыненьні яго ў 2022 годзе Радай Эўрапейскага зьвязу абмежавальныя меры.

  • Эўразьвяз і ЗША ў 2021 годзе ўвялі забарону на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў, а Літва скасавала кантракт на іх перавозку па сваёй тэрыторыі з 1 лютага 2022 году.
  • У чэрвені 2022 году Эўразьвяз увёў санкцыі супраць «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі.
  • Раней «Беларуськалій» спрабаваў судзіцца зь Літвой за адмову транспартаваць калійныя ўгнаеньні і выстаўляў рахунак на мільярд эўра, але суд Літвы адхіліў скаргу беларускага прадпрыемства.
  • Аспрэчыць санкцыі ЭЗ у судзе спрабавалі «Гродна Азот», «Беларускі мэталюргічны завод», ААТ «Мастоўдрэў», «Хімвалакно», МАЗ, БЕЛАЗ, «Дана Астра», Тэрмінал сыпкіх грузаў у Клайпедзе (часткова належыць «Беларуськалію») і інш. Усе гэтыя выпадкі скончыліся безвынікова, санкцыі засталіся ў сіле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што зьнялі Галаватага — для ўсіх нечакана». Што адбываецца зь «Беларуськаліем», дзе на днях Лукашэнка замяніў кіраўніка