А праз пару дзён з прагнозам аб тым, што будзе з калійным рынкам, выступіла канадзкая кампанія Nutrien. Можна сказаць, адказала на прапанову. І гэта такі адказ, які беларускім уладам сапраўды не спадабаецца, піша выданьне «Беларусы і рынак».
Nutrien павысіла прагноз прапановы калійных угнаенняў на гэты год. Калі раней яна чакала, што сусьветныя пастаўкі калію складуць ад 69 да 72 мільёнаў тон, то зараз прагнозны дыяпазон зрушыўся на 70-72 мілёны тон.
Прагноз продажу ўласных калійных угнаеньняў кампанія ў гэтым годзе павялічыла да 13,5 — 13,9 мільёнаў тон.
«Мы прагназуем сусьветныя пастаўкі калію ў памеры ад 71 да 74 мільёнаў тон у 2025 годзе, што абумоўлена неабходнасьцю папаўненьня ўзроўню пажыўных рэчываў у глебе і адноснай даступнасьцю калію», — гаворыцца ў справаздачы кампаніі.
І гэты прагноз уступае ў супярэчнасьць з плянамі і надзеямі беларускіх уладаў. Бо не далей як у панядзелак Лукашэнка казаў пра тое, што Беларусь можа зьнізіць здабычу калію на 10-11%. Прычым, прапаноўваў зрабіць гэта сумесна з расейскімі вытворцамі.
«Вельмі нізкія кошты на калійныя ўгнаеньні, — сказаў Лукашэнка. — Такіх коштаў я ўвогуле не памятаю ў гісторыі».
У кастрычніку сярэдняя спотавая цана на калійныя ўгнаеньні складала 278 даляраў за тону. У верасьні — 286, а яшчэ ў ліпені была больш за 300. Не кажучы ўжо пра мінулы год, калі кошты падскочылі да 1200 даляраў за тону.
Цяперашняя цана балючая толькі для Беларусі. Па-першае, таму што «Беларуськалій» прадае ўгнаеньні таньней, дэмпінгуючы на рынку. А па-другое, з прычыны дарагой лягістыкі. Усе астатнія вытворцы ўгнаеньняў страцілі, вядома, звышпрыбыткі, але проста прыбыткі ў іх нікуды не падзеліся.
Форум