Фігуранты справы абвінавачваюцца ў рэалізацыі злачыннай схемы нелегальнай міграцыі, сярод іх пяцёра грамадзян Украіны і адзін грамадзянін Беларусі.
«Гэта фінал паўтарагадовага расьсьледаваньня <…>, — гаворыцца ў паведамленьні. — Сабраны матэрыял паказвае, што ў складзе арганізаванай злачыннай групы людзі дзейнічалі з кастрычніка 2022 году. Замежнікі перавозілі нелегальных мігрантаў празь Беларусь і так званы „Балканскі маршрут“ у краіны Заходняй Эўропы».
Фігурантам выставілі абвінавачаньне ў «дзейнасьці ў складзе арганізаванай злачыннай групы». Аднаму чалавеку інкрымінавана «кіраваньне злачыннай групай», 16 — «арганізацыя нелегальнай міграцыі».
«Шасьцярым замежнікам таксама выстаўленае абвінавачаньне ў захоўваньні значнай колькасьці наркатычных сродкаў», — падкрэсьліла Памежная варта Польшчы.
«Большасьць падазраваных прызналіся ў злачынствах на допытах. <…> Восем чалавек арыштаваныя. Падчас расьсьледаваньня была арыштаваная маёмасьць і фінансавыя сродкі на агульную суму 173 940 злотых (каля 43,5 тысячы даляраў. — РС)», — заявілі ў ведамстве.
Пра тое, што ў розных раёнах Польшчы затрымалі 11 чалавек — беларускіх, польскіх, расейскіх і ўкраінскіх грамадзян, абвінавачаных у арганізацыі нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі і Расеі ў краіны Заходняй Эўропы, паведаміла 24 кастрычніка польскае выданьне Wiadomości са спасылкай на прэс-сакратара Падляскага аддзелу памежнай аховы Катажыну Здановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чарговы прыклад хлусьні». Польшча адказала на абвінавачаньні беларускіх памежнікаў у забойстве мігрантаўУ дачыненьні да шасьці чалавек прыменена мера стрыманьня ў выглядзе часовага арышту. У апэрацыі ўдзельнічалі каля 120 супрацоўнікаў польскага памежнага ведамства і прадстаўнікоў Эўраполу.
Сілавікі абшукалі 11 аб’ектаў нерухомасьці і некалькі транспартных сродкаў, якімі карысталіся затрыманыя. Вынятыя сродкі сувязі, кампутары, дакумэнты і 80 тысяч злотых (каля 20 тысяч даляраў).
Здановіч паведаміла, што ў пераважнай большасьці выпадкаў роля затрыманых заключалася ў пошуку ў Польшчы кур’ераў, якія б забіралі мігрантаў у раёне мяжы зь Беларусьсю і адвозілі да мяжы зь Нямеччынай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія памежнікі затрымалі 11 арганізатараў нелегальнай міграцыі, сярод іх і беларусыАд пачатку году супрацоўнікі Падляскай памежнай управы затрымалі 321 арганізатара нелегальнай міграцыі. Суды наклалі часовы арышт на 66 зь іх.
4 чэрвеня Памежная ахова Польшчы паведаміла, што ў Варшаве затрыманы 26-гадовы грамадзянін Беларусі. Яго абвінавацілі ў кіраваньні злачыннай групай, якая займалася арганізацыяй нелегальнай міграцыі. Паводле інфармацыі ведамства, у выніку дзейнасьці гэтай групы ў краіну незаконна трапілі каля 2 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 63 польскія памежнікі былі параненыя сёлета пры затрыманьні мігрантаў зь Беларусі