Сёньня ўжо нікога ня дзівяць арганічныя прадукты на паліцах супэрмаркетаў. Але цэны на іх значна вышэйшыя, чым на звычайную садавіну і гародніну. Газэта The New York Times вырашыла пацікавіцца думкай экспэртаў, ці сапраўды спажываньне арганічных прадуктаў спрыяе здароўю.
Чаму арганічныя прадукты даражэйшыя
Уся справа ў тэхналёгіях іх вырошчваньня і вытворчасьці.
Арганічныя садавіна і гародніна павінны быць вырашчаныя без выкарыстаньня большасьці сынтэтычных пэстыцыдаў і гербіцыдаў. А прадукты жывёльнага паходжаньня, такія як мяса, птушка, малочныя вырабы і яйкі, павінны быць атрыманыя ад жывёл, якія круглы год маюць доступ да адкрытага паветра і выгадаваныя без гармонаў росту і антыбіётыкаў. Для вытворчасьці арганічных прадуктаў ня можа быць выкарыстаная генная інжынэрыя.
Натуральна, што гэтыя абмежаваньні робяць арганічныя прадукты значна даражэйшымі за звычайныя. Гаспадарка ці фэрмэр, якія займаюцца вырошчваньнем арганічнай гародніны, трацяць больш грошай на працаўнікоў, якія замест машыннага выкарыстаньня магутных гербіцыдаў для зьнішчэньня пустазельля займаюцца ручной праполкай.
Ці прыводзяць вышэйшыя выдаткі да большай колькасьці пажыўных рэчываў
Дацэнт катэдры дыеталёгіі з Унівэрсытэту Алабамы ў Бірмінгеме Лізі Дэвіс сказала журналістам The New York Times, што адносна такіх макранутрыентаў, як бялок, вугляводы і тлушч, ніякай розьніцы паміж арганічнымі і неарганічнымі прадуктамі няма.
Разам з тым некаторыя дасьледаваньні паказваюць, што невялікія адрозьненьні ёсьць паміж узроўнямі мікранутрыентаў, такіх як вітаміны, мінэралы і некаторыя антыаксыданты. Адно дасьледаваньне паказала, што арганічныя ягады і кукуруза могуць зьмяшчаць больш антыаксыдантаў, чым іх неарганічныя аналягі.
Але гэтыя вынікі супярэчлівыя, сказала доктарка Дэвіс, бо дасьледчыкі не даказалі, што адрозьненьні ў колькасьці мікранутрыентаў дастаткова вялікія, каб уплываць на здароўе чалавека.
«Тыя дасьледаваньні былі адзінкавыя і ахоплівалі вельмі мала ўдзельнікаў», — дадала дацэнт катэдры пэдыятрыі Ўнівэрсытэту Вірджыніі Ірэн Мацье.
Ці зьмяншаюць арганічныя прадукты рызыку захворваньня
Вынікі дасьледаваньняў, якія вывучалі доўгатэрміновы ўплыў арганічных прадуктаў на здароўе, таксама неадназначныя. У дасьледаваньні 2018 году, у якім узялі ўдзел каля 70 000 дарослых у Францыі, навукоўцы выявілі, што ў тых, хто часьцей за ўсё ўжываў арганічную ежу, было на 25 працэнтаў менш дыягназаў раку, чым у тых, хто ніколі не ўжываў арганічную ежу.
Але праведзенае на некалькі гадоў раней дасьледаваньне, у якім узялі ўдзел каля 623 000 жанчын сярэдняга веку ў Вялікай Брытаніі, ня выявіла розьніцы ў колькасьці дыягназаў раку сярод тых, хто ўжываў арганічную і неарганічную ежу.
«Адным з тлумачэньняў такіх супярэчлівых вынікаў можа быць тое, што людзі, якія ўвесь час ужываюць арганічную ежу, з большай імавернасьцю прытрымліваюцца больш здаровага ладу жыцьця і, адпаведна, маюць больш высокі даход, чым тыя, хто сілкуецца звычайнай ежай, — мяркуе доктарка Мацье. — Таму мы ня можам сказаць, што менавіта арганічныя прадукты самі па сабе прывялі да таго ці іншага выніку для здароўя. Апрача таго, умовы правядзеньня тых дасьледаваньняў прадугледжвалі, што людзі сапраўды памятаюць усё, што яны елі на працягу месяцаў ці гадоў, што малаверагодна».
Ёсьць і іншыя дасьледаваньні, аўтары якіх пішуць, што ўжываньне арганічных прадуктаў можа быць зьвязанае зь ніжэйшай рызыкай дыябэту, атлусьценьня і сардэчных хваробаў. Але і ў тых дасьледаваньнях не была даказаная прычынна-выніковая сувязь.
Ці вартыя арганічныя прадукты сваёй цаны
У дасьледаваньнях часта згадваецца ўзьдзеяньне пэстыцыдаў на здароўе чалавека як адна з асноўных праблем з прадуктамі харчаваньня, вырабленымі традыцыйным спосабам. Хоць і арганічныя прадукты ня цалкам вольныя ад пэстыцыдаў і гербіцыдаў. У некаторых краінах, у тым ліку ў ЗША, арганічным фэрмэрам па-ранейшаму дазволена выкарыстоўваць пэстыцыды і гербіцыды, калі яны ня вырабленыя сынтэтычным шляхам.
Экспэрты заявілі, што цяпер няма пераканаўчых доказаў, што ўзроўні сынтэтычных пэстыцыдаў, якія мы спажываем разам зь неарганічнымі прадуктамі, могуць нанесьці шкоду. Зь іншага боку, гэта не азначае, што такія пэстыцыды ня шкодныя.
Дасьледаваньні паказваюць, што сельскагаспадарчыя работнікі, якія рэгулярна падвяргаюцца ўзьдзеяньню высокіх узроўняў пэстыцыдаў, маюць вышэйшую рызыку разьвіцьця пэўных захворваньняў, такіх як хвароба Паркінсана і некаторыя віды раку.
Некаторыя людзі выбіраюць арганічныя прадукты, каб пазьбегнуць генэтычна мадыфікаваных арганізмаў (або ГМА), але і тут мала доказаў, што яны становяць рызыку для здароўя чалавека.
Падсумаваньне
Дыетоляг з Унівэрсытэту Каларада Шон Свэт сказаў, што разумее, чаму людзі хочуць зьменшыць узьдзеяньне пэстыцыдаў, прычым ня толькі на ўласнае здароўе, але і на здароўе работнікаў сельскай гаспадаркі.
Але калі вы ня можаце дазволіць сабе купляць арганічныя прадукты, доктар Свэт рэкамэндуе засяродзіцца на добрай ачыстцы і мыцьці звычайных прадуктаў. Мыцьцё і ачыстка сьвежай садавіны і гародніны пад праточнай вадой таксама можа дапамагчы зьнізіць (хоць і ня цалкам прыбраць) сьляды хімічных рэчываў на іх паверхні.
Выдаленьне вонкавых пластоў ліставой зеляніны — напрыклад, вонкавага лісьця на галоўцы салаты — таксама можа дапамагчы, кажа доктарка Дэвіс. Пэстыцыды назапашваюцца ў лупінах садавіны і гародніны, а таксама ў тлушчы мяса і птушкі, таму гэтыя часткі варта абразаць.
Экспэрты кажуць, што лепшае, што вы можаце зрабіць для свайго здароўя, гэта проста аддаваць перавагу карысным прадуктам, такім як садавіна, гародніна, суцэльныя збожжа і неапрацаваныя прадукты, незалежна ад таго, арганічныя яны ці не.
«Разнастайнасьць садавіны, гародніны і зеляніны — гэта тое, што сапраўды варта рэкамэндаваць для паляпшэньня здароўя, — сказала доктарка Мацье. — У мэдыкаў ёсьць важкія доказы гэтага».