Зноў судзілі ўладальніка навіновага парталу s13.ru
Суд Ленінскага раёну Горадні 6 лістапада разгледзеў адміністрацыйную справу ўладальніка рэгіянальнага навінавага інтэрнэт-парталу s13.ru Сяргея Чабоцькі.
Тэлеграм-канал «Суды, затрыманьні. Горадня і вобласьць» паведамляе, што мужчыну абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП («парушэньне ўстаноўленага парадку правядзеньня сходу, мітынгу, вулічнага шэсьця, дэманстрацыі, пікетаваньня, іншага масавага мерапрыемства»).
Рашэньне суду невядомае.
25 кастрычніка Чабоцьку арыштавалі на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП («распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць»).
Сайт і сацсеткі праекту не абнаўляюцца з 23 кастрычніка.
30 кастрычніка стала вядома, што кантэнт s13.ru і яго тэлеграм-канала прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
У Ваўкавыску жанчыну асудзілі за перадачу рэчаў у калёнію
Натальлю Палюховіч судзілі паводле арт. 25.10 КаАП «Перадача прадметаў або рэчываў асобе, якая зьмяшчаецца ў папраўчай установе», зьвярнуў увагу тэлеграм-канал «Право имею».
Справу разглядалі 6 лістапада ў судзе Ваўкавыскага раёна. Вырак невядомы.
СМІ паведамляюць пра новую хвалю палітычных арыштаў у Гомлі
Паводле інфармацыі выданьня «Флагшток», пад чарговы «хапун» у канцы кастрычніка — пачатку лістапада ў Гомлі трапілі дзясяткі людзей. Рэдакцыя не называе прозьвішчы затрыманых з мэтаў бясьпекі, але адзначае, што большасьць затрыманых — былыя актывісты, якія нейкім чынам удзельнічалі ці падтрымлівалі пратэсты 2020 году ў Беларусі.
Паводле інфармацыі выданьня, на некаторых з затрыманых завялі крымінальныя справы, але большасьць адправілі за краты адбываць адміністрацыйныя арышты за «падпіскі». Прычым рэдакцыі вядомыя выпадкі, калі сілавікі самі падпісвалі затрыманых на каналы, унесеныя ў «экстрэмісцкі» сьпіс, і на падставе гэтага людзей асуджалі на «содні». Пры гэтым у расклад судоў працэсы над імі ня ўносілі — імаверна, каб схаваць маштаб рэпрэсіяў.
Адзін з былых гомельскіх палітвязьняў распавёў выданьню, што сярод затрыманых ёсьць сямейная пара, у якой ёсьць маленькае дзіця. Мужчына раней адбыў тэрмін у калёніі за ўдзел у пратэстах 2020 году, а яго жонка — адміністрацыйны арышт.
З раскладу судоў вядома, што ў судзе Цэнтральнага раёна Гомля 11 лістапада будуць разглядаць сама меней 4 справы за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Усе працэсы пройдуць не ў будынку суда, а наўпрост у міліцыі — у АУС Цэнтральнага раёну Гомля. Так, сярод іншых, 11 лістапада будуць разглядаць справу Аляксандры Лазарэнкі — яе ім і прозьвішча супадае з імём вядомай актывісткі, выпускніцы ЭГУ, арт-мэнэджаркі, вядоўцы адукацыйных праграм для дзяцей і дарослых, каардынатаркі валянтэрскага дабрачыннага праекту OpShop. Цяпер Аляксандры ставяць у віну тройчы адзін і той жа артыкул КаАП — 19.11 ч. 2 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 лістапада: затрыманьні сяброў БСДП; рэйд сілавікоў у Бабруйску; затрымалі вядомага сьпевакаУ Ваўкавыску жанчыну судзілі за перадачу рэчаў у калёнію
Справу разглядалі 6 лістапада ў судзе Ваўкавыскага раёну.
Натальлю Палюховіч судзілі паводле арт. 25.10 КаАП «Перадача прадметаў або рэчываў асобе, якая зьмяшчаецца ў папраўчай установе», зьвярнуў увагу тэлеграм-канал «Права маю».
Вынік суду невядомы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 4 лістапада: судзяць былога інжынэра «Беларуснафты»